10 дзён у Віцебску...

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Для многіх дзеячаў культуры, у тым ліку замежных, лета ў Беларусі выклікае трывалыя асацыяцыі з Міжнародным фестывалем мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Сёлета гэтае грандыёзнае свята адбудзецца ў 17-ты раз, ахапіўшы “дзесяць дзён, якія ўразяць свет”, — з 10 па 19 ліпеня.

Адметнасцю чарговага фестывалю стане, як заўсёды, пашырэнне складу краін-удзельніц: сёлета ўпершыню на яго прыедзе фальклорны танцавальны калектыў з Венесуэлы. Убачым мы і гасцей з Егіпта, Кітая, дзе таксама наш фестываль ужо набыў вядомасць. Што ж да Еўропы, дык яна, да ўсяго, зможа паглядзець на яго вачыма “Еўрабачання”. Прычым не толькі ў пераносным, але і ў прамым сэнсе слова: у Віцебск запрошаны не толькі, як летась, зоркі “Еўрабачання” розных гадоў, але і непасрэдныя арганізатары гэтага тэлеконкурсу — кіраўнікі Еўрапейскага вяшчальнага саюза.
Змены чакаюць нас у правядзенні Міжнароднага конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў: ён зноў пройдзе ў два этапы, але да фіналу з 25-ці спевакоў дойдуць толькі 9. Затое, як гэта прынята на “Еўрабачанні”, краіны-заснавальніцы фестывалю — Беларусь, Расія, Украіна, якія сёлета дасылаюць не па два канкурсанты, як раней, а толькі па адным (ад нас — Віталь Гардзей), змогуць убачыць сваіх удзельнікаў адразу ў фінале. Журы ўзначаліць знакаміты спявак і кампазітар Рыкарда Качыантэ (Францыя), вядомы ў нас найперш па мюзікле “Сабор Парыжскай Божай маці”. Ад Беларусі ў Журы будзе народная артыстка краіны Ядвіга Паплаўская, якая мае вопыт леташняга судзейства ў дзіцячым конкурсе гэтага фестывалю. На сёлетнім жа Міжнародным дзіцячым конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску” старшынёй журы будзе наш знаны кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі. А ў самім конкурсе возьмуць удзел Раман Валазнёў і Аліна Молаш.
Канцэрт да свайго 70-гадовага юбілею справіць у фестывальным Віцебску народны артыст СССР, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Ігар Лучанок.
А традыцыйны Дзень культуры Беларусі пройдзе на фестывалі пад знакам грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”.