Кожнаму ўніверсітэту патрэбен тэатр

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Ад гуртка да вялікай сцэны: якое месца ў культурнай прасторы Беларусі займаюць аматарскія калектывы?

/i/content/pi/cult/659/14605/5.jpgКацярына САЛАДУХА, дырэктар Міжнароднага фестывалю студэнцкіх і маладзёжных тэатраў “Тэатральны куфар”:

З кожным годам паняцце “прафесійнасць” у тэатры нівеліруецца — цяпер вельмі цяжка правесці размежаванне паміж прафесіяналамі і аматарамі. У заходняй прасторы, напрыклад, ацэньваюцца не столькі запісы ў дыпломе акцёраў, колькі менавіта канчатковы прадукт — створаны спектакль. На нашым фестывалі мы спецыяльна раздзялілі студэнцкія аматарскія і прафесійныя тэатральныя школы. Аднак наш галоўны суддзя — гэта глядач, які заўсёды выбірае тое, што яму больш падабаецца, і вырашае, які тэатр, на яго погляд, адпавядае прафесійнаму ўзроўню.

Уласна, я падзяляю гэтыя дзве плыні па тэматыцы, па акцёрскай ігры і падыходзе да творчасці. Аднак, калі ва ўніверсітэце працуе таленавіты рэжысёр і ўвогуле ў тэатральнай працы прысутнічае прафесійны падыход — тады і студэнцкі тэатр можа дарасці да вышэйшага ўзроўню. А вось у тэатральных школах нават дыпломныя пастаноўкі часам выглядаюць на “адыграць і заслона”. І ў гэтым таксама заключаецца розніца: у звычайных студэнтаў падыход нярэдка больш шчыры.

Вельмі прыемна, што кожны раз да нас далучаюцца ўсё больш і больш тэатраў з рэгіёнаў. І мы пачынаем адзначаць, што яны не саступаюць сталічным калектывам. Напрыклад, прыкметна падняў свой узровень віцебскі маладзёжны тэатр “Колесо”, прыемна ўразіў і “Тэатр адкрытых” з Гомеля, які далучыўся да нас сёлета.

Усе тэатры перад фестывалем падаюць заяўку і праходзяць спецыяльны адбор. Штосьці мы глядзім ужывую, а штосьці — на відэа, калі няма магчымасці прыехаць у іншы горад. Прагляд спектакля ў запісе не перашкаджае аб’ектыўнай ацэнцы, бо за шмат гадоў у нас ужо напрактыкаваліся вочы, ды і многія тэатры мы даўно ведаем і, канешне, больш давяраем ім. Сёлета мы прынялі вельмі шмат заявак на ўдзел, і, на жаль, проста не змаглі ўсе калектывы ўключыць у праграму.

Я лічу, што кожнаму ўніверсітэту патрэбен тэатр. Прычым такія аматарскія калектывы могуць быць сапраўднай кузняй талентаў, якія потым выходзяць і на прафесійную сцэну. Падобных гісторый шмат было і, мяркую, яшчэ будзе звязана з тэатрам БДУ “На балконе”, адкуль выйшлі такія акцёры, як Цімур Муратаў, Святлана Латышава і шмат іншых. У якасці прыкладу можна прывесці і Маскоўскі адкрыты студэнцкі тэатр (МОСТ), з якога выйшла шмат вядомых асобаў: Максім Галкін, Аляксей Кортнеў, Валдыс Пельш…

Цікава, што ў студэнцкі тэатр прыходзяць у большасці тыя, хто засвойвае ва ўніверсітэце дакладныя навукі, але ў іх узнікае патрэба ў нейкай гуманітарнай дзейнасці. Калісьці ў нас быў хлопец, які скончыў з чырвоным дыпломам хімічны факультэт, але ўрэшце абраў менавіта тэатральную кар’еру. Кожны чалавек шукае свой шлях, і калі студэнцкі тэатр яму дапамагае, — гэта цудоўна. Тым больш, узнагароды на “Куфары” — вельмі каштоўны дадатак да творчага партфоліа як для акцёра, так і для самога тэатра.

Раней людзі неяк са скепсісам успрымалі маладзёжныя тэатры. Звычайныя гледачы спачатку чытаюць праграмку і толькі потым вырашаюць, ісці ім ці не. Сёлета, калі ў фестывалі ўдзельнічае 60 % прафесійных тэатраў, людзі пачалі ставіцца да яго з большай павагай — і, мяркуючы па водгуках, мы яе апраўдалі. Зрэшты, “Куфар” заўсёды быў папулярным мерапрыемствам, таму мы нават і ўвялі плату за ўваход, каб неяк кантраляваць людскую плынь. Бо быў час, калі гледачы літаральна разносілі Ліцэй БДУ!