Трубны покліч Баранавічаў

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

23 — 25 мая ў Баранавічах адбыўся І Міжнародны фестываль духавой музыкі “Беларускія фанфары-2008”, у межах якога прайшоў і V Рэспубліканскі конкурс духавых аркестраў. Свята сабрала больш за 600 удзельнікаў з 7 краін свету. Нягледзячы на амаль восеньскае даждлівае надвор’е, госці адчулі гасціннасць і прыўзнятую атмасферу, што пачыналася ўжо з фестывальнай эмблемы — выявы вясёлага цягнічка. Ф-ф-ф…

 /i/content/pi/cult/163/1459/Trubny-poklich1.jpg
Менавіта так, мабыць, “уздыхае” цягнічок, перш чым рушыць у падарожжа. З чыгункі пачынаўся і горад Баранавічы, заснаваны ў 1871 годзе. Таму, мабыць, і прыжыўся тут фестываль духавых аркестраў, што гэты пласт культуры і ёсць мясцовая нацыянальная традыцыя, для Баранавічаў — самая што ні ёсць “старадаўняя”, звязаная з самой сутнасцю чыгункі. Дый свая музычная глеба для гэтага сфарміравана — Баранавіцкі гарадскі канцэртны аркестр. І хаця яму ўсяго 15 гадоў, за гэты час ён прайшоў (так і хочацца сказаць: “праехаў”) вялікі шлях. Ягоны кіраўнік (і галоўны ініцыятар фестывалю) Васіль Прадун, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і магістратуры пры ёй, не стамляецца “руляваць” у абраны бок ды падкідваць гарачыя ідэі. Яго калектыў добра вядомы ў замежжы. І сам фестываль, калісь ім “прыдуманы” і падтрыманы гар- і аблвыканкамамі, а таксама Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, патроху вырас ад рэгіянальнай “разыначкі” да рэспубліканскага свята і, нарэшце, міжнароднага. А ў тым, што цяперашняя “музыка аркестраў духавых” не абмяжоўваецца адно “Развітаннем славянкі” на фоне адыходзячага цягніка, можна было пераканацца пад час фестывальных праграм.

Фа

Гэтая чацвёртая па ліку нота, вядома, не можа акрэсліць стылёвую ды жанравую разнастайнасць цяперашняга духавога рэпертуару. Узорна-паказальны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Яўгена Доўжыка дэманстраваў і шыкоўнае дэфіле (прычым пад час бліскучага выканання такога найскладанага твора, як “Танец з шаблямі” А.Хачатурана), і разгорнутыя, амаль “сімфанічныя”, кампазіцыі: паводле рэпертуару “Песняроў”, папулярнай акадэмічнай класікі, кінамузыкі Аляксандра Зацэпіна, вядомых беларускіх песень. А як заўзятаяны ігралі джаз! І паказалі, у рэшце рэшт, той амаль “завоблачны”, рэдка кім дасягальны ўзровень, акрэсліўшы фестывальныя далягляды.

Свае адметнасці былі ў кожнага з гасцей. Ваенны духавы аркестр з Балгарыі падарыў, акрамя ўсяго, “Падмаскоўныя вечары”, аркестр “Елгава” з Латвіі— джазава-эстрадную праграму. Па-еўрапейску гучаў і калектыў з Шаўляя (Літва), аздоблены добрай харэаграфіяй. Аркестр з польскага горада Ласкажава, паказаўшы на плошчы “паркавую” праграму, прапанаваў таксама выступіць у касцёле — з адпаведным рэпертуарам. Рэгіянальны духавы аркестр з Малдовы ўпершыню ўдзельнічаў у нашым свяце два гады таму. І прыехаў зноў, скарыўшы не толькі агульным зладжаным гучаннем, але і шматлікімі сола класнага трубача Івана Дэрменжы.

Аркестр “Галіцкія Сурмы” з Львова напоўню прадэманстраваў, найперш, віртуозныя творы ўкраінскіх кампазітараў. У гэтага калектыву ўвогуле можна было павучыцца таму, як трэба прапагандаваць нацыянальную культуру. Вядучая (натуральна, па-ўкраінску) расказала пра ўсе творы, пералічыла не толькі салістаў, але і спонсараў. Каманда ўкраінскіх журналістаў рабіла тэле-, фотарэпартажы і пра фестываль, і пра свой у ім удзел, брала інтэрв’ю ў беларускіх украінцаў.

Стан духавой культуры, што пануе ў нашых гарадах, дэманстравалі і пяць калектываў-канкурсантаў.

Абмежаваная колькасць удзельнікаў конкурсу тлумачылася не толькі тым, што кожная вобласць магла даслаць усяго адзін калектыў (пэўна, надалей ад гэтага трэба адмовіцца, бо тая ж Брэстчына магла прапанаваць некалькі найвыдатных калектываў, а Гродзеншчына ды Магілёўшчына чамусьці “не знайшлі” ніводнага). Некаторых напалохала складанасць абавязковых твораў (адзін з аркестраў, дарэчы, іх так і не выканаў) — двух фрагментаў з балетаў Яўгена Глебава. Гучалі нават прапановы знізіць надалей планку конкурсных патрабаванняў. Але наўрад ці гэта будзе мэтазгодна — наадварот, калектывы павінны імкнуцца да сапраўдных вяршынь.

Менавіта такое імкненне вылучала Жодзінскі народны духавы аркестр “БелАЗа”. У гэтым горадзе няма музычнага вучылішча, выхаванцы якога маглі б шчодра “сілкаваць” калектыў сваім удзелам.

Склад і сам статус аркестра — выключна аматарскі. Усё трымаецца адно на любові да мастацтва ды жаданні іграць. Тым не менш, “замахнуліся” выканаўцы і на Вальс са “Спячай прыгажуні” Чайкоўскага, і на знакаміты “Танец з шаблямі” Хачатурана. Лепш, канешне, было б ім абіраць больш прыдатны да канкрэтных музыкантаў рэпертуар, але трэба было чуць, з якой апантанасцю яны свінгавалі ў “Ружовай пантэры”, вядомай кожнаму, хто глядзеў гэты мультфільм. Дый з абавязковымі творамі справіліся не горш за іншых прафесіяналаў, атрымаўшы ў выніку Другую прэмію.

Дыплом ІІ ступені сярод муніцыпальных аркестраў і спецпрыз за лепшае выкананне абавязковых твораў справядліва апынуўся ў гамяльчан.

Нечаканасць спасцігла Брэсцкі гарадскі духавы аркестр. Увечары, пасля ўдзелу ва ўрачыстым адкрыцці фестывалю і сольнай канцэртнай праграмы на плошчы, яго кіраўнік Валерый Коваль раптоўна апынуўся ў шпіталі, але зранку знайшоў у сабе сілы выйсці на конкурс і здабыць для аркестра Трэцюю прэмію.

Сярод аматараў дыпломам ІІІ ступені быў узнагароджаны аркестр Палаца культуры “Нафтан” з Наваполацка.

Рашэнне не прысуджаць Першую прэмію і падзяліць канкурсантаў на прафесіяналаў і аматараў прыняло журы на чале з заслужаным артыстам Беларусі, дацэнтам Барысам Чудаковым. Пасля конкурсных выступленняў, але да іх абмеркавання, суддзі сустрэліся з кіраўнікамі калектываў, выказаўшы ім слушныя парады. Бо конкурс выявіў і шматлікія праблемы, з якімі сутыкаюцца нашы духавыя аркестры: недахоп інструментаў і выканаўцаў, цяжкасці з прыстасаваннем да такіх складаў аркестровак, разлічаных на “ідэальны аркестр”, дасягненне гукавога балансу...

Фан-

Можа, духавых фан-клубаў у нас пакуль і няма, але фестываль у чарговы раз даказаў, колькі ў нас прыхільнікаў духавой музыкі і якое свята тут можна стварыць. Нягледзячы на праліўны дождж, што не сціхаў ні на хвіліну, плошча і стадыён, дзе адбываліся галоўныя мерапрыемствы, не пуставалі. У Баранавічы штодзень прыязджалі выкладчыкі, навучэнцы, музыканты-аматары з іншых населеных пунктаў, і не толькі навакольных: хтосьці — самастойна, хтосьці — арганізавана, усім калектывам. У людзей адчуваеццапрага да мастацтва. Улічваючы гэта, трэба падумаць пра больш шырокія магчымасці для творчых стасункаў удзельнікаў і гасцей фестывалю, пра майстар-класы для нашых аматарскіх калектываў.

Але ўжо адно тое, як Баранавічы рыхтаваліся да фестывалю, сведчыць, наколькі неабыякавыя да яго гараджане на чале з мэрам Віктарам Дзічкоўскім. Набыта новая сцэнічная пляцоўка, усталяваная на плошчы, адрамантаваны гатэль, праз некалькі месяцаў пачнецца рамонт Дома культуры, каб той сустрэў чарговае духавое свята абноўленым. А якая гасціннасць! Даведаўшыся, што брэстаўчане, змешчаныя ў прыгараднай зоне адпачынку, змерзлі, арганізатары куды толькі ні тэлефанавалі, Але атрымалі-такі дазвол уключыць ацяпленне.

Фары

Гавораць, правесці фестываль — палова справы. Другая палова — яго “давесці”. І праінфармаваць пра яго! Баранавічам ёсць чым ганарыцца: у горадзе вядзецца мэтанакіраваная праца ў абранай галіне, якая становіцца баранавіцкім “брэндам”.

Ужо сёння тут дзейнічае ажно тры “пункты”, дзе рыхтуюць мажарэтак — дзяўчат ад 4-х да 25-ці гадоў, якія ўпрыгожваюць духавое шэсце. Такіх баранавіцкіх прыгажунь — больш за 120! І ўсе — не проста “пазычаныя” з танцавальных гурткоў, а добра навучаныя і маршыраваць адметна, і барабаннымі палачкамі круціць так, што ў гледачоў галава ідзе кругам.

Фестываль традыцыйна становіцца часткай “Баранавіцкай вясны”, сёлета ўжо 26-ай. Таму пад духавыя аркестры ўручаюць узнагароды “Чалавек года”, праводзяць выпускнікоў школ, даюць на ўсю моц разгарнуцца мясцовым самадзейным артыстам... У фае гарвыканкама ўтаропілася ў выстаўку выяўленчага мастацтва. Прыгледзелася — творы навучэнца мастацкай школы Сямёна Ілліна.

— Гэта наш лаўрэат Дэльфійскіх гульняў! — з гонарам пракаменціравала загадчыца аддзела культуры Вольга Фурса. — Хутка мы з яго партрэтам бігборд зробім, будзе вісець у горадзе, каб усе ведалі. А тут яго работы больш людзей убачыць! На жаль, не ўсе яшчэ ў нас у музеі ходзяць, а так, глядзіш, і прывучым…

 Надзея БУНЦЭВІЧ
На
здымкy: калектывы-ўдзельнікі
Беларускіх
фанфар-2008”.