Мой узрост абумоўлівае сталае бачанне часу, калі акуляры рамантызму ўжо даўно паспелі згубіцца. Зрэшты, міжволі адзначаю, што і студэнты становяцца ўсё больш прагматычнымі, рацыянальнымі. Яны ведаюць, навошта робяць той ці іншы твор, грэбуюць марнатраўствам, лічаць кошт фарбаў ці маркераў…
Тыя студэнты, творы якіх будуць дэманстравацца на гэтай выставе, усведамляюць адметнасць свайго ўмення, майстэрства, таленту. Гэта іх адлюстраванне часу. Іх позірк, іх матывацыя, іх інтэлект, іх жыццёвы досвед (хай сабе, яшчэ і не надта змястоўны), іх майстэрства… А таксама і адказнасць. Бо адна справа — сустрэча з гледачом у бібліятэцы ці ў памяшканнях універсітэта, а зусім іншая — гэта ўзровень рэспубліканскага маштабу, які прапанавала галерэя на цэнтральнай плошчы сталіцы.
Такую самую адказнасць адчуваў і я — у якасці ўжо не педагога, але мастака. Толькі сёлета мне пашчасціла мець дзве важныя для мяне выставы: “Пчалінае ўзнясенне” ў Чырвоным касцёле і “Песня дрыгвы” ў Палацы мастацтваў. Паўтораў ні ў якім разе не хацелася, таму я вырашыў прапанаваць праект, створаны з кампазіцыйных партрэтаў маіх улюбёных герояў, які два гады таму быў распачаты з выставы “Пагоня на Грунвальд” і сам сабою прасіўся на працяг.
Што ж такое быць настаўнікам для мастака? Гэта можна адчуць толькі з уласнага досведу. Калі ты вандруеш па Беларусі сам — прасякаешся асабістымі эмоцыямі, адчуваеш унутраную цішыню. Калі разам з табой твае студэнты, “гучнасць” ужо зусім іншая.
Я паэтычна і ўзнёсла магу распавядаць ім пра Валожыншчыну, Капыльшчыну, Ваўкавышчыну і гэтак далей, але “чапляюць” мае аповеды кожнага па-свойму, у залежнасці ад яго ўнутранага свету. І, магчыма, краявіды, якія мы бачым вакол Міра ці Савічаў, адкрываюць ім вочы на родныя мясціны, адкуль пачынаўся іх род. Або, прынамсі, спараджаюць успаміны.
Патрабаванні да настаўніка, лічу, вельмі простыя: кантактнасць і добразычлівасць, дасведчанасць і фантазія, пошук і творчасць. А таксама ўменне тактоўна накіроўваць свайго вучня на дасягненне належнага выніку.
“Здзіўленне прыгожым — гэта і ёсць пачатак. Ад здзіўлення думка імкнецца да ўражанняў…” — так не раз казаў мой настаўнік, легендарны Сяргей Пятровіч Каткоў. Яго дзень нараджэння 1 кастрычніка — акурат за дзень да адкрыцця нашай сёлетняй выставы. Гэта да яго прывяла мяне мама ў пяць маіх гадочкаў у Рэспубліканскі палац піянераў. Потым была вучоба ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, да стварэння якой Каткоў таксама не абы-як спрычыніўся.
Так што гэтая выстава — своеасаблівы ланцужок пераемнасці пакаленняў. З Днём настаўніка, сябры!
Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, старшы выкладчык архітэктурнага факультэта БНТУ