“Я выбіраю скульптуру!”

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

У гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка праходзіць выстаўка партрэтаў, якая сабрала больш за 30 твораў трох выпуснікоў скульптурнага аддзялення — Паліны Піраговай, Алеся Сакалова, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, і Васіля Цімашова. Маладыя таленты — вучні вядомага беларускага скульптара Паўла Лявонава.

 /i/content/pi/cult/163/1458/Skulptura1.jpg

Паліна Пірагова ў майстэрні.

Экспазіцыя атрымалася насычанай, шматграннай, рознастылёвай, кантрастнай, а значыцца — цікавай і актуальнай для сучаснага гледача. Кожны з выпускнікоў мае свой непаўторны талент, сваю індывідуальнасць, але мяне найбольш закранулі партрэты Паліны Піраговай. Яны запамінальныя, эмацыянальныя, адзначаныя яркай аўтарскай манерай. Я знайшла Паліну ў майстэрні сярод скульптур і задала ёй некалькі пытанняў.
— Паліна, вядома, што ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка вучацца таленавітыя дзеці з усёй рэспублікі. Адкуль прыехала ты?

— Я родам з Наваполацка. Любіла маляваць з дзяцінства. Бацькі, гледзячы на мае першыя поспехі, аддалі мяне ў мясцовую мастацкую школу, дзе я атрымлівала асновы творчага майстэрства. З таго часу і пачаліся мае пошукі, якія спярша былі накіраваны на жывапіс, а з паступленнем у гімназію-каледж Мінска нечакана прывялі да скульптуры.

— Твае скульптурныя работы ўражваюць. Цяжка сабе ўявіць, што з такіх цвёрдых, непадатлівых матэрыялаў ты ствараеш пластычныя, вытанчаныя скульптуры.

— Пры стварэнні скульптуры прыходзіцца ўлічваць не толькі свае задумкі, але і магчымасці матэрыялу. Пластылін — нетрывалы, фігуркі з яго недаўгавечныя, у той жа час пластылін “непераборлівы”: не мае значэння, колькі часу ствараецца скульптура — дзень або год. Гліна патрабуе неадрыўнай працы і доўгай падрыхтоўкі. Дрэва — яно мяккае, цёплае, падатлівае. Пры рабоце з ім адчуваеш жывую энергетыку. З гіпсам патрэбна быць заўсёды напагатове, кантраляваць працэс фармоўкі, але потым, як узнагарода, — гіпсавая копія. А камень — матэрыял з характарам, і патрабуе ўжо сталага майстэрства: спачатку ты быццам спрачаешся з ім, пазней — здзіўляешся ягонай падатлівасці. І, нарэшце, жалеза, зварка.

Праца з аголеным, распаленым металам — гэта магія. Але гэта ўжо не маё, чужое. Я заўсёды захапляюся людзьмі, якія валодаюць гэтым майстэрствам. Дарэчы, мне цікава працаваць з рознымі матэрыяламі, бо кожны з іх валодае сваёй пластыкай і настроем. Галоўнае — працаваць з задавальненнем, і тады фізічнае напружанне не адчуваеш, наадварот, яно становіцца нечым неабходным.

— Што цябе натхняе на стварэнне работ?

— Часцей за ўсёмяне натхняе музыка, кнігі, кінафільмы. Іншы раз — імгненне, выхапленае з жыцця, любая дэталь, уражанне. І таксама ўсё залежыць ад майго настрою.

— Паліна, якую тэму ты закранула ў дыпломнай рабоце?

— Дыплом прысвечаны незвычайнаму графіку, ілюстратару, таленавітаму беларускаму мастаку Мікалаю Селяшчуку. У кастрычніку мінулага года ў Нацыянальным мастацкім музеі я наведала выстаўку жывапісу і графікі гэтага творцы. І была вельмі ўражана. Мне захацелася больш падрабязна пазнаёміцца з творчасцю Селяшчука. Кніга з работамі мастака, успамінамі сяброў стала штуршком да выбару тэмы дыплома. Спачатку я выкарыстоўвала сам вобраз мастака. У выніку вырашыла стварыць абстрактную асацыятыўную кампазіцыю: вобраз дзяўчыны ў стылізаваным хвалеўтворным асяроддзі з пералівістым аб’ёмам. Гэты вобраз хваляваў і самога Мікалая Міхайлавіча. Работа будзе выканана ў бронзе. Паспрабую выкарыстаць колер пры апрацоўцы металу. Спадзяюся, у мяне ўсё атрымаецца.

 

Валерыя ШАБУНЯ,
студэнтка ІІІ курса каледжа мастацтваў
імя І.В. Ахрэмчыка