Жалуды і друкары

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

У Лідзе правялі фестываль кніг, на Мсціслаўшчыне кітайцаў вучылі беларускім танцам, Сынкавіцкай царкве споўнілася 610 гадоў, прафесійнае свята бібліятэкары краіны адзначалі на мінулым тыдні вячоркамі ды кніжнымі начамі. “К” разбірае лісты ў рэдакцыю з навінамі культурнага жыцця ў рэгіёнах.

/i/content/pi/cult/657/14576/10.jpgМетадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Галіна Францкевіч падзялілася ўражаннямі ад таго, як у горадзе ўпершыню адсвяткавалі Дзень дуба. У лесапаркавай зоне, што была галоўнай пляцоўкай мерапрыемства, бібліятэкары адкрылі жалудовую кавярню. Там разам з гарачым напоем выдавалі яшчэ і рэцэпты страў, якія можна прыгатаваць з дубовых пладоў: кісель з жалудовай кавы, суп жалудовы малочны, бліны з жалудовай мукі, галушкі жалудовыя з салам. На сцэне ў лесапарку тым часам праходзіў канцэрт “Хвіліна славы”, ішлі тэатралізаваныя прадстаўленні, літаратурныя выставы кніг і публікацый, конкурсы і гульні для дзяцей.

Вёску Мазалава Мсціслаўскага раёна наведала кітайская дэлегацыя — рэктары ўніверсітэтаў, дырэктары школ, выкладчыкі з горада Ухань (правінцыя Хубэй). Як патлумачыў кіраўнік гуртка Мазалаўскага сельскага дома культуры Андрэй Струнчанка, візіт замежных гасцей арганізавала генеральны дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Новы шаўковы шлях” Ван Юйцюань, якая 9 гадоў таму прыехала ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горкі вывучаць рускую мову і ўпадабала гэтыя мясціны. Прадстаўнікі дэлегацыі падчас свайго першага падарожжа па Беларусі наведалі Віцебск, Горкі, Магілёў, Мінск, Мір, Нясвіж. Пасля канцэрта ў Мазалаўскім СДК з удзелам ансамбля народнай песні і музыкі “Вераснянка”, жаночага клуба “Залаты ўзрост” і выкладчыкаў мясцовай дзіцячай школы мастацтваў кітайскіх гасцей вучылі побытавым танцам і ігры на цымбалах.

Метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз распавяла пра “Бібліявячоркі-2017” — у чытальнай зале адкрылі выставу вышываных карцін і сурвэтак, а на абанеменце “пабудавалі” хату, куды можна было зайсці па стравы беларускай кухні. Наведвальнікі сустрэліся з паэтам і музыкантам Уладзімірам Цануніным, зайшлі на майстар-класы і кансультацыі па вырабах з гліны, саломапляценні, вышыўцы стужкай. Таксама акунуліся ў гісторыю нацыянальнага адзення на выставах майстроў Карэліцкага Дома рамёстваў і раённага краязнаўчага музея. Да мерапрыемства далучылася і дзіцячая бібліятэка, якая арганізавала для маленькіх чытачоў і іх бацькоў выступленне народнага лялечнага тэатра “Батлейка”, пакой жахаў, роспіс аквагрымам, а таксама гульнёвую пляцоўку, правяла майстар-клас па пляценні фенечак, лялек-абярэгаў.

Пружанская цэнтральная бібліятэка імя Мікалая Засіма арганізавала “Ноч кніжных гурманаў” — літаратурны салон, дзе адбываюцца чытанні за кубачкам кавы ці пад жывую музыку (на вечар запрасілі саксафаніста Сяргея Більшэвіча і гітарыста Уладзіміра Грышкевіча), працуе “Адкрыты мікрафон”, каб кожны мог падзяліцца сваімі любімымі вершамі. Скончылася “Ноч” праглядам буктрэйлераў — відэаролікаў пра кнігі з фондаў бібліятэкі. Як адзначылі супрацоўнікі ўстановы, напярэдадні гэтага свята яны правялі для школьных настаўнікаў, што выкладаюць гісторыю мастацтва, яшчэ і літаратурна-музычную вечарыну “Пяць гісторый пра каханне” — гаворка ішла пра Франчэска Петрарку, Івана Тургенева, Ілью Рэпіна, Марка Шагала і Фёдара Шаляпіна.

Бібліяноч адбылася ў Сапоцкінскай гарадской публічнай бібліятэцы-цэнтры турызму і краязнаўства. Яе супрацоўнікі тэмай мерапрыемства абралі знакаміты літаратурны твор “Аліса ў краіне цудаў”, таму госці бавілі час тым, што гулялі ў кракет ці картачны джокер, фарбавалі белыя ружы ў чырвоны колер, удзельнічалі ў майстар-класах па выпечцы вафляў і завяршылі вечар “Вар’яцкім чаяваннем”. Такой навіной падзялілася галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Галіна Трубчык. Яна распавяла яшчэ і пра тое, што прафесійнае свята на мінулым тыдні бібліятэкары рэгіёна адзначылі наведаннем Музея пісанкі ў Сапоцкіне і Музея беларускага ручніка ў Зарачанскім доме народнай творчасці.

/i/content/pi/cult/657/14576/9.jpg“У багатым зборы гродзенскага калекцыянера Станіслава Іванавіча Ускова прадстаўлена форма разнастайных ведамстваў і арганізацый СССР, а таксама форма Савецкай Арміі, флоту і авіяцыі, якая выкарыстоўвалася ў 1950 — 1980-х гг. Можна ўбачыць рэдкія элементы формы супрацоўнікаў чыгуначнага транспарту, пілотаў грамадзянскай і ваеннай авіяцыі, шахцёраў, грамадзянскіх маракоў і нават службы па барацьбе з навальніцамі і градам! Цікавая форма школьнікаў і навучэнцаў прафесійна-тэхнічных вучэльняў рэспублік СССР. Прадстаўлена таксама ваенная форма і форма сілавых ведамстваў: традыцыйная белага колеру міліцэйская гімнасцёрка і форма салдата паветрана-дэсантных войскаў 1960-х гг. Экспазіцыя грунтоўна дапоўненая цікавымі элементамі ваеннага рыштунку і плакатамі”, — распавяла бібліятэкар.

У вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна адзначылі 610-годдзе царквы-крэпасці Святога Архангела Міхаіла. Епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій правёў літургію, пасля якой адбыўся хросны ход вакол храма. Завяршылася святкаванне канцэртам духоўнай і свецкай музыкі з удзелам салістаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, а таксама сталічнага ансамбля “Арнамент”, хора духавенства Гродзенскай епархіі і ансамбля “Аксіёс”. Пра гэта напісала ў рэдакцыю “К” загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Ламека.

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Ашмянах раённая бібліятэка правяла літаратурна-тэатралізаванае свята “Паклонімся беларускаму слову”. Загадчык аддзела маркетынгу ўстановы Наталля Садоўская распавяла, што супрацоўнікі мясцовага цэнтра культуры нагадалі прысутным пра дзейнасць Францыска Скарыны, гімназісты чыталі вершы беларускіх класікаў, выступілі настаўнікі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў.

Гарадская дзіцячая бібліятэка Ваўкавыска ўстанавіла на мінулым тыдні для сваіх наведвальнікаў правіла “Чытаем і гаворым па-беларуску”. Дзевяцікласнікі СШ № 4 чыталі вершы Янкі Купалы, бібліятэкары знаёмілі школьнікаў з адметнымі фактамі з жыцця і літаратурнай дзейнасці паэта.

У аграгарадку Сямёнавічы Уздзенскага раёна адбылося свята “Мая ўлюбёная вёсачка”, пра што напісаў нам Міхаіл Чыгур. Гісторыя мястэчка вялікая — упершыню Сямёнавічы былі згаданыя ў пісьмовых крыніцах 440 гадоў таму. Цяпер самаму малодшаму жыхару вёскі — Міхаілу ў сям’і Буглак — споўнілася два месяцы. Найстарэйшая жыхарка — 90-гадовая Зінаіда Маяровіч. Падчас свята ў адным з двароў мясцовыя жыхары арганізавалі выставу прац Ірыны Сухаверка — лаўрэата шматлікіх творчых конкурсаў раёна і вобласці. Яе муж Лявон Сухаверка сам змайстраваў для вулічнай экспазіцыі трактар.

400-гадовы юбілей адсвяткаваў аграгарадок Кватары Бераставіцкага раёна. Па словах Святланы Ганчаровай, з гэтай нагоды энтузіясты-краязнаўцы пры падтрымцы адміністрацыі Пагранічнага сельвыканкама і прадпрыемства “Пагранічны-Агра” ўстанавілі памятны знак і заклалі побач з ім капсулу з пасланнем для нашчадкаў.

Упершыню пад адкрытым небам у Лідзе прайшоў фестываль кнігі “Зоркі лідскіх небасхілаў”, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і да Дня бібліятэк Беларусі. “Аб вялікім выхаваўчым значэнні Бібліі і ўвогуле кніг гаварылі прадстаўнікі праваслаўнага і каталіцкага духавенства — сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель і ксёндз Фарнага касцёла Узвіжання Святога Крыжа Віталь Сідорка. З гісторыяй друкарскай справы на Лідчыне і з сучасным кнігадрукаваннем азнаёміў прысутных дырэктар Лідскай друкарні Мікалай Пякарскі. У ролі Францыска Скарыны выступіў мастак-пастаноўшчык і акцёр народнага драматычнага тэатра Палаца культуры горада Ліды Алег Лазоўскі”, — піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"