Мае свой род драўляны народ

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Літаратура і Мастацтва” выпусціла альбом-манаграфію Вольгі Лабачэўскай “Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка”.

На самым ускрайку Белавежскай Пушчы размясцілася вёска Стойлы Пружанскага раёна. Праўда, назваць яе вёскай можна толькі ўмоўна. Яна і раней была не надта вялікая — пражывала там усяго некалькі дзясяткаў чалавек, а сёння і ўвогуле застаўся... адзін. Але апошні жыхар Мікалай Тарасюк ад гэтай акалічнасці не пакутуе. Ён цалкам аддаўся творчасці: сваімі рукамі вырабляе... драўляны народ.

Людзі з дрэва, лазы і саломкі, якім даў жыццё лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Народная творчасць”, пасяліліся ў асобнай сялянскай хаце.

Яна хутка ператварылася ў своеасаблівы музей “Успаміны Бацькаўшчыны”, аналагаў якому няма на Беларусі. Дакладна апісвае рукачынны цуд мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская: “Знешне — невялікая драўляная хатка з ганкам, на якім пад праваслаўным крыжом замацавана шыльда з назваю. А вось у сярэдзіне змясцілася невялікае беларускае сяло, дзе ёсць цэнтральная вуліца з хатамі абапал, царквою і званіцай. Колькі тут жыве народу! Кожны заняты сваёй працай: аруць, барануюць зямлю, косяць сена, жнуць жыта, будуюць хату ці калышуць дзіця, дояць карову, трэплюць лён, прадуць кудзелю ці што іншае сялянскае робяць, а суседзі весела граюць на гармоніку, танчаць і спяваюць. Праца і свята, бяда і радасць, вяселле і хаўтуры — усё тут побач”.

Мікалаю Тарасюку пад час работы не трэба нічога выдумляць: патомны селянін, які нарадзіўся, ажаніўся і выгадаваў трох дзяцей у Стойлах, узнавіў у памяшканні атмасферу тых даўніх, такіх лагодных для сэрца часоў. Калі размаўляеш з Мікалаем Васільевічам, разумееш, што стварэнне кампазіцыі пра колішняе сялянскае жыццё ён лічыць сваім абавязкам.

Аўтар хоча вярнуць людзям памяць аб колішняй беларускай вёсцы. Хоць майстар знаходзіцца ў паважным узросце, што больш схіляе да адпачынку, чым да працы, але працягвае штодня дапаўняць мястэчка “драўлян” новымі творамі.

Пазнаёміцца з цудоўным музеем можа любы ахвотны. Для гэтага дастаткова разгарнуць альбом-манаграфію В.Лабачэўскай. Выданне “Сялянскай энцыклапедыі ў творах Мікалая Тарасюка” ажыццёўлена па заказе ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра пры фінансавай дапамозе фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама Брэсцкага аблвыканкама. Шматлікія каляровыя рэпрадукцыі дазволяць на свае вочы ўпэўніцца, наколькі непаўторная гэтая калекцыя. Аўтарка падрабязна распавядае пра жыццёвы і творчы шлях самабытнай асобы. Маналогі ж Мікалая Васільевіча, у якіх В.Лабачэўская імкнулася захаваць незвычайную палескую гаворку, наблізяць чытача да той стыхіі, у якой працуе гэты нацыянальны самародак.

 

Алесь МАРЦІНОВІЧ