Музыка для ўсіх

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

27 верасня ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўрачыста адкрываецца ХІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Цягам амаль двух тыдняў нас чакаюць восем канцэртаў.

Адным з самых прыцягальных стане сёлета арт-праект “Чатыры вымярэнні сучаснага мастацтва Беларусі”, заснаваны на найноўшай беларускай музыцы. Думаеце, маюцца на ўвазе чатыры кампазітары? Не, чатыры віды мастацтва: музыку спалучаць з паэзіяй, жывапісам, танцам. А вось кампазітараў будзе пяцёра. Гэта Валерый Воранаў, які выступіў адным з ініцыятараў і арганізатараў незвычайнай імпрэзы. Галіна Гарэлава, якая ўзначальвае кафедру кампазіцыі ў Акадэміі музыкі і ўзрасціла не адно пакаленне творчай моладзі. А таксама маладыя, але добра вядомыя ў акадэмічных колах Вольга Падгайская, Канстанцін Яськоў, Андрэй Цалко. Канцэрт пройдзе не на філарманічнай сцэне, а ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. І справа тут не адно ў жывапісным антуражы. Музыка згаданых творцаў будзе гучаць адначасова з розных залаў. У залежнасці ад маршруту кожны глядач-слухач зможа выбудаваць уласную драматургію.

5 кастрычніка, акрамя звыклага вячэрняга канцэрта ў зале “Верхні горад”, там жа адбудзецца дзённы — бэбі-канцэрт “Музыка твайго сэрца”, дзе прагучаць творы Моцарта. Паміж наўмысна кароткімі музычнымі нумарамі мамы змогуць паслухаць цікавую інфармацыю, дзеці — пабегаць. Немаўлятаў можна будзе карміць і спавіваць.

Адкрые фестываль неўміручая класіка Чайкоўскага ў выкананні аркестра “Новая Расія” на чале з Юрыем Башметам, які выступіць дырыжорам і салістам. З сольным канцэртам, складзеным з твораў Рахманінава, Пракоф’ева, Метнера, прыедзе сусветна вядомы піяніст Аляксей Валодзін. Адбудзецца і гала-канцэрт салістаў-струннікаў. Выступяць лаўрэаты міжнародных конкурсаў скрыпач Сяргей Астроўскі (Ізраіль), віяланчалісты Давід Герынгас (Германія), Яўген Румянцаў (Расія) і іншыя.

Адной з самых грандыёзных падзей фестывалю павінен стаць аўтарскі вечар сусветна знакамітага класіка польскага авангарду, кампазітара Кшыштафа Пендэрэцкага. Ён будзе сам дырыжыраваць сваімі творамі — Фартэпіянным канцэртам і Сёмай сімфоніяй “Сем брам Іерусаліма”. Выканаюць іх разам з польскімі салістамі нашы лепшыя філарманічныя калектывы: сімфанічны аркестр, харавая капэла імя Рыгора Шырмы і камерны хор.

На завяршэнні фестывалю пачуем венскую класіку ад міжнароднага East-West chamber orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера. Салісты — канадская скрыпачка і альтыстка Сара МакЭлраві і аўстрыйскі музыкант Юліян Рахлін.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"