Галгофа Алеся Карачуна

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Мастацтвазнаўца і журналіст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Крэпак завяршае кнігу з рабочай назвай “Юрый Карачун. Больш чым музей” аб жыцці і творчай дзейнасці выдатнага музеязнаўцы, шматгадовага кіраўніка Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, мастака-графіка, даследчыка мастацтва і грамадскага дзеяча. “К” публікуе адзін з раздзелаў будучай кнігі, якая апавядае пра лёс яго бацькі Аляксандра (Алеся) Васільевіча Карачуна — журналіста, літаратара, члена творчага аб’яднання “Маладняк”, актыўнага супрацоўніка газеты “Звязда”, падзяліўшага драматычны лёс сваіх таварышаў Міхася Чарота, Платона Галавача, Тодара Кляшторнага ды дзясяткаў іншых літаратараў, расстраляных у 1930-я гады.

(Працяг. Пачатак у №№ 35, 36.)

Неяк праіснаваць пяць гадоў

Восенню 1933 года Алеся Карачуна выключылі з партыі і саслалі ў Краснаярскі край тэрмінам на пяць гадоў. Услед за ім у горад Мінусінск на высылку адправілі і яго жонку, настаўніцу пачатковых класаў Зінаіду Канстанцінаўну Карачун (у дзявоцтве — Папраўка), з малалетнім сынам Юрыем, якому яшчэ не споўнілася і двух гадоў.

У Мінусінск Алесь Васільевіч прыбыў у суправаджэнні энкавэдэшнікаў 11 студзеня 1934 года. Пад публічным наглядам сяржанта дзяржбяспекі Федара Філіпава ўладзіўся ў сціплай аднапакаёвай кватэры дома № 5 па вуліцы Леніна (былой Бялоўскай). Ацяпленне пячное, а ваду прывозілі з ракі і загадзя нарыхтоўвалі дровы. Але перадусім трэба было знайсці працу. Зінаіда Канстанцінаўна праз пару тыдняў па прыездзе ўладкавалася бухгалтарам у кантору па нарыхтоўцы племянной жывёлы, а Алесь Васільевіч — чорнарабочым: спачатку на цагляным заводзе і электрастанцыі, потым — у сельгаспрафтэхвучылішчы № 2. Прычым, усе ссыльныя пашпартоў не мелі і ўладкоўваліся на працу па часовай даведцы, выдадзенай у органах.

Прававы рэжым адбывання ссылкі зводзіўся да абмежавання свабоды перамяшчэння ў межах Мінусінска. Трэба было два разы на месяц рэгістравацца ў мясцовым аддзяленні ўнутраных спраў і своечасова паведамляць пра змену працы. Аляксандр спрабаваў уладкавацца па спецыяльнасці ў мясцовую рэдакцыю газеты “Власть Труда”, але мінусінскія ўлады на гэта не пайшлі: чалавек ссыльны, палітычна нядобранадзейны, ці мала што можа выкінуць? Сям’я Карачуна жыла пад найстражэйшым наглядам, і ўсе, хто прыходзіў у госці ў іх кватэру, браліся на “заметку”. Адзінае, што цешыла: неяк праіснаваць гэтыя пяць гадоў сібірскай ссылкі, а потым з сям’ёй вярнуцца на радзіму і па магчымасці давесці сваю невінаватасць.

Ідэальнае месца для ссылкі

Калі Карачун прыбыў у Мінусінк, гэты горад яшчэ адносіўся да Заходне-Сібірскага края, але ўжо менш чым праз год, у канцы 1934-га, ён перайшоў у склад Краснаярскага края. Да гэтага часу ён быў ужо даволі вядомым горадам у Сібіры, як ідэальнае месца для ссыльных “антыдзяржаўнікаў”. Сапраўды, значна аддалены ад цэнтра Расіі, вельмі зручны для пасялення палітычных праціўнікаў рэжыму.

Мінусінская эпоха ссылак пачалася з дзекабрыстаў, прыцягнутых да суда за падрыхтоўку і ўдзел у паўстанні 1825 года на Сенацкай плошчы ў Пецярбургу. У адрозненне ад ссыльных савецкага перыяду, жылі дзекабрысты нядрэнна, атрымлівалі фінансавую дапамогу ад дзяржавы і сваякоў, разам з наёмнымі работнікамі вырошчвалі кавуны, дыні, проса, ячмень, сланечнік, прадавалі муку, крупу, ялавічыну. Прыкладна да 1830-х гадоў адносіцца і прыбыццё ў Мінусінскую акругу ссыльных удзельнікаў паўстання 1830-1831 гадоў — палякаў і беларусаў.

Наступнае “прышэсце” ссыльных у Мінусінск прыпадае на другую палову XIX стагоддзя: гэта народнікі, сацыял-дэмакраты, марксісты і ўдзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху 1863 — 1864 гадоў у Беларусі, Польшчы і Літве. Затым прыйшоў час ссыльных рэвалюцыянераў — будучых бальшавікоў.

Наступны этап — самы складаны: 1920 — 1930 гады. У сярэдзіне 1930-х палітычныя рэпрэсіі ў краіне перамоглага сацыялізму набылі надзвычайныя маштабы, калі органамі НКУС было арыштавана больш за паўтары мільёны чалавек. З іх амаль палова так званых “ворагаў народа” былі расстраляныя. Менавіта ў гэтыя гады “талерантная” ссылка пачала ўспрымацца “зверху” як надта гуманнае пакаранне для праціўнікаў Савецкай улады, абвінавачаных у канкрэтных палітычных злачынствах, і яе замянілі пазбаўленнем волі на доўгія тэрміны ў папраўча-працоўных лагерах і смяротным пакараннем, у асноўным, па прысудзе Тройкі. І зноў жа — Краснаярскі край, уключаючы і Мінусінск, уваходзіў у першую пяцёрку падобных рэгіёнаў.

Сучасны чытач, асабліва малады, мала сабе ўяўляе, што прадстаўляла ў 1930-я гады вядомая старэйшаму пакаленню савецкіх людзей Тройка, якая паставіла апошнюю крывавую кропку і ў кароткай біяграфіі Алеся Карачуна. Гэта найвышэйшая форма дзяржаўнага дэспатызму, што ўвасабляла канвеерны спосаб знішчэння соцень тысяч людзей. У адрозненне ад суда, яе праца не была звязана з захаваннем законных рэгламентаў і вялася канспіратыўна, без удзелу абвінавачанага і абароны. У склад Тройкі ўваходзілі начальнік мясцовага Упраўлення НКУС, сакратар партыйнага камітэта і пракурор. За тры месяцы да расстрэлу Алеся Карачуна ў Краснаярскім краі было арыштавана 9747 чалавек. З іх 5289 чалавек былі прысуджаныя да расстрэлу з поўнай канфіскацыяй маёмасці менавіта Тройкай. Гэта значыць — па першай катэгорыі (“усе найбольш варожыя элементы”), куды былі ўнесеныя імёны Карачуна і яго палітссыльных таварышаў. Другая катэгорыя (“менш актыўныя, але ўсё ж варожыя элементы”) — гэта заключэнне ў ГУЛАГ ці турму на тэрмін ад 8 да 10 гадоў.

“Не забірайце тату, ён харошы!”

...Яны былі ўзятыя чэкістамі ў адзін дзень, быццам ў насмешку — напярэдадні святкавання 20-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, 6 лістапада 1937 года. Іх было пяцёра: Фелікс Купцэвіч, Алесь Карачун, Канстанцін Бакерыя, Міхаіл Чачуа і Пімен Рамішвілі. Усіх арыштавалі па сфабрыкаванай так званай “Справе Купцэвіча” як удзельнікаў “контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай фашысцка-тэрарыстычнай арганізацыі”. У той жа дзень, дакладней, бліжэй да ночы, быў арыштаваны і добры знаёмы Карачуна урач мясцовай паліклінікі Алег Смірноў.

Маленькі Юра, па яго словах, памятаў сябе гадоў з пяці-шасці. Памятаў жывапісную пратоку ракі Енісей, што падзяляла горад на дзве часткі. Прыстань на Енісеі. Базар, дзе працаваў фатографам блізкі сябра бацькі дзядзя Фелікс. Грамнічную царкву. Але асабліва запомніў той вечар 6 лістапада, калі маці з бацькам распалілі дровамі печку і штосьці гатавалі “смачненькае” да юбілея Кастрычніцкай рэвалюцыі: “Уваліліся без стуку трое мужчын у сініх фуражках з крапавымі аколышкамі, у цёмна-сініх брыджах з кантам малінавага колеру, на рамнях — кабуры з рэвальверамі (тэрміналогію я пазней даведаўся ад мамы). Не павітаўшыся, відаць, старэйшы, адразу — да бацькі: “Грамадзянін Карачун, збірайся, ты арыштаваны, вось ордэр…” Павярнуўся да супрацоўніка: “Давай вядзі панятых для правядзення ператрусу і вопісу маёмасці…” Я ў бацьку ўчапіўся мёртвай хваткай, плачу і крычу: “Дзядзі, не забірайце тату, ён харошы!” Яны доўга не маглі мяне адцягнуць. Тады адзін схапіў мяне ў ахапак, адарваў ад бацькі і кінуў у бок, я аб натопленую печку моцна ўдарыўся. Не бачыў, што ў гэты момант рабіла перапужаная мама.

Тым часам няпрошаныя госці перавярнулі жытло і наш панадворак: нават у дровах шукалі нейкую выбухоўку, зброю, атрутныя і хімічныя рэчывы, а ў пакоі, склепе і сенцах — забароненую літаратуру, капірографы, шклографы, пішучую машынку, каштоўныя металы, асабістыя бацькавы дакументы, лісты, чарнавікі з вершамі. Зламалі ўсе мае цацкі. Я плакаў, мне было іх шкада. Але ў выніку аказалася, што ў пратакол, акрамя папер, якія мала што значылі для следства, і занесці няма чаго. Толькі для лёсу майго бацькі гэта ўжо не мела ніякага значэння… Тады, натуральна, я мала што разумеў. Але вось апошні погляд таты запомніў на ўсё жыццё: ён за ўвесь час не прамовіў ні слова, толькі перад сыходам неяк вінавата усміхнуўся, кіўнуў галавой і сказаў, што ўсё будзе добра, і ён хутка вернецца… Маме дазволілі сабраць для таты сподняе, верхнюю вопратку, чаравікі, пасцельныя рэчы, скрутак з ежай. Калі яго вывелі, праз пару хвілін я пачуў рокат матора “чорнага варанка”, нейкія няўцямныя прыглушаныя галасы на вуліцы, і хутка ўсё сціхла. Больш я бацьку не бачыў, і, што з ім далей адбылося, не ведаў аж да 1953 года. Да яго рэабілітацыі ў 1956-м меў толькі пасведчанне Мінусінскага ЗАГСа пра тое, што бацька нібы памёр ад хваробы печані ў 1944 годзе. На памяць ад бацькі ў мяне амаль нічога не засталося. Захавалася толькі некалькі фотаздымкаў, партрэт-клішэ з публікацыяй вершаў 1926 года, а таксама два групавыя здымкі мінскага перыяду…”

“Дзесяць гадоў лагераў без права перапіскі”

Праз шмат гадоў сталі вядомы імёны некаторых сведкаў і ўдзельнікаў гэтага мінусінскага “спектакля”: статыстык мясцовага медздрава Канстанцін Асколкаў, настаўніца школы №1 Таісія Абрамава, вышэй згаданы сяржант Фёдар Філіпаў, а абвінавачвальнае заключэнне па справе Алеся Карачуна склаў малодшы лейтэнант НКУС Нікіцін (ініцыялы я не знайшоў). Як важных “сведкаў” спрабавалі прыцягнуць і раней арыштаванага дырэктара Мінусінскага краязнаўчага музея, этнографа, гісторыка і археолага Аляксандра Харчэўскага, які са жніўня 1937-га знаходзіўся ў мясцовай турме. Відаць, нічога не атрымалася, і няшчаснага Харчэўскага 30 лістапада таго ж года па прысудзе Тройкі растралялі там.

Алесь Карачун і яго таварышы былі расстраляны па прысудзе Тройкі пры УНКУС Краснаярскага края: пяцёра — у Мінусінску 31 сакавіка 1938 года (Даведка КДБ Беларусі ад 12 мая 1995 года №К-444В), шосты, Алег Смірноў — праз месяц там жа.

/i/content/pi/cult/656/14565/14 copy.jpg

Прадпісання загаду №00447 захоўваць “у тайне час і месца выканання прысуду” прытрымліваліся дакладна. Пра лёс прысуджаных “пазасудовымі органамі” да смерці Наркамат унутраных спраў распаўсюджваў хлусню, і гэта стратэгія падману існавала больш за паўстагоддзя. Выдадзены ў 1939 годзе загад № 00515 прадпісваў на запыты членаў сям’і даваць адказ: “Дзесяць гадоў папраўча-працоўных лагераў без права ліставання”. У 1945 годзе ім, нарэшце, паведамілі, што іх сваякі памерлі ў няволі ад хвароб, як гэта адбылося ў выпадку з Алесем Карачуном у 1944 годзе.

У студзені 1996 года Юрый Карачун напісаў ліст дырэктару Мінусінскага рэгіянальнага краязнаўчага музея імя Мікалая Марцьянава Уладзіміру Кавалёву з просьбай дапамагчы адшукаць месца пахавання бацькі. І атрымаў адказ, што імя Алеся Карачуна фігуруе ў спісах, што захоўваюцца ў музеі, вядома, з кім яго арыштавалі, калі ён расстраляны, але фактычна немагчыма вызначыць месца, дзе гэта адбылося з канкрэтным чалавекам. Вядома толькі, што на гарадскіх могілках і ў сасновым боры побач з Мінусінскам былі месцы калектыўных пахаванняў. Дзякуючы музею і мясцоваму гарадскому аддзелу культуры, 30 кастрычніка 1992 года там усталяваны помнік ахвярам рэпрэсій.

Барыс КРЭПАК

Працяг — у наступных нумарах "К".