Аматарства са знакам якасці
— Дзядуля быў прафесійным артыстам: скончыў у 1950 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, вучыўся на курсе ў Канстанціна Саннікава. Спачатку служыў у Пінскім абласным драматычным тэатры, які пераехаў у Магілёў, калі ў 1954 годзе скасавалі Пінскую вобласць. Малады артыст Валянцін Ермаловіч быў задзейнічаны ва ўсіх спектаклях, аднак хутка сышоў рэжысёрам у народныя калектывы. Чаму? Тэатр спецыфічна ставіўся да складання рэпертуару, бо быў абавязаны шчыльна займацца культурным абслугоўваннем рэгіёна і рыхтаваў для выездаў фрагменты з пастановак, канцэртныя праграмы. Акцёру-пачаткоўцу прапаноўвалі ролі другога-трэцяга плана, але яму хацелася больш сур’ёзнага іспыту сваіх здольнасцей. Паўплывалі і бытавыя пытанні: дзядуля на той момант ужо быў галавой у сям’і, гадаваў двух сыноў і дапамагаў жонцы, якая па стане здароўя ў 28 гадоў сышла з працы.
Пераход у аматарскую творчасць адбыўся не раптоўна: яшчэ падчас служэння ў абласным тэатры Валянцін Іванавіч актыўна працаваў як мастацкі кіраўнік самадзейнасці і нават атрымаў Грамату Вярхоўнага Савета БССР на дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. Мне падаецца, дзядуля востра адчуў, што народны тэатр — ніша, яшчэ неасвоеная ў рэгіёне, таму можа даць рэальную магчымасць для рэалізацыі.
Я пытаўся ў таты, ці шкадаваў дзед калі-небудзь, што пакінуў прафесійную сцэну. Бацька ўпэўнены: ніколі не ўзнікала такіх думак. Дзядуля змог сыграць у сваіх спектаклях ролі, пра якія марыў. Дасягнуў вяршыні і ў рэжысёрскай прафесіі — нездарма Валянцін Ермаловіч лічыцца заснавальнікам аматарскага тэатра на Магілёўшчыне.
Мова. Неба. Паліто
— Сямейнай прыпавесцю стаў расповед пра схільнасці дзядулі да дакладных навук у школьныя гады. Нарадзіўся ён у вёсцы Малыя Навасёлкі (Дзяржынскі раён), там пайшоў у школу. Яго настаўніца матэматыкі марыла, каб здольны вучань звязаў сваё жыццё з навукай. Аднак на выбар прафесіі сур’ёзны ўплыў зрабіў старэйшы брат — сёння Мікалай Ермаловіч вядомы як гісторык, заснавальнік канцэпцыі ўзнікнення беларускай дзяржаўнасці.
Менавіта Мікола пачаў ставіць спектаклі ў школе, ён жа дазволіў сыграць Валянціну першую сапраўдную ролю — Марыську ў “Пінскай шляхце” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Пад уплывам старэйшага брата ў 1968 годзе дзядуля пачаў і гаварыць толькі па-беларуску, а затым выкладаў сцэнічную беларускую мову ў Магілёўскім культасветвучылішчы, якому аддаў амаль 30 гадоў свайго жыцця.
І ў маім жыцці любоў да мовы і культуры ад Валянціна Іванавіча. Можна штодня чытаць “лекцыі” ды так і не заахвоціць дзіця, а можна самому стаць найлепшым узорам для моладзі. Калі да нас у Мінск завітваў дзядуля, то ў доме заўсёды гучала беларуская гаворка. Напачатку 1990-х мы яшчэ не мелі хатняга тэлефона, таму дзядуля часта з’яўляўся на парозе кватэры знянацку. Заўсёды гэта быў цуд і свята! Я нават лічыў, што Дзед Мароз
абавязкова падобны да дзядулі Валянціна. Ён сачыў, каб унуку выпісвалі часопіс “Вясёлка”, пасля — “Бярозку”. Менавіта дзядуля раскрыў мне сэнс нацыянальных абрадаў, расказаў дзівосныя рэчы пра сялянскія традыцыі і параіў укладваць значэнне ў кожнае прамоўленае слова.
Дзядуля захапляўся фатаграфіяй, калі фотаапарат лічыўся супертэхнікай — не кожнаму быў дасягальны і зразумелы. Амаль усе здымкі “рэжысіраваў”, некаторыя дапрацоўваў пасля друку (мог акварэллю пафарбаваць неба). Ён яшчэ і шыкоўна шыў. Нават паліто майму бацьку, калі той быў хлопчыкам, дзядуля зрабіў сваімі рукамі. Гэты талент дапамагаў яму ствараць эскізы касцюмаў, з разуменнем замаўляць мастацкае рашэнне спектакля.
Падмурак прафесіі — у сям’і
— Валянцін Ермаловіч меў у Магілёве высокі статус, людзі часта звярталіся да яго па дапамогу, і ён нікому не адмаўляў. Нягледзячы на занятасць і раз’езды, дзядуля заставаўся надзвычай гаспадарлівым сем’янінам і засцерагаў жонку Геню Міхайлаўну ад многіх бытавых абавязкаў.
Ён быў старэйшы за сваю каханую на тузін гадоў. Калі ветэран вайны Валянцін Ермаловіч прыйшоў сватацца да 16-гадовай прыгажуні, тая спачатку плакала: “Мамачка, як жа я такая маладая замуж пайду?” Пасля ж яны пражылі шчасліва шмат дзесяцігоддзяў — тое было сапраўдным каханнем.
Яскравыя ўспаміны майго дзяцінства звязаны з іх магілёўскай кватэрай: дзівосны гістарызм, антыкварныя рэчы — усё дыхала эпохай. Асабліва ўражвала ўнікальная дзедава бібліятэка: замежная класіка, асноватворныя распрацоўкі школы Канстанціна Станіслаўскага, Яўгена Вахтангава, Аляксандра Таірава, а яшчэ — непрачытаныя, за савецкім часам забароненыя творы айчынных пісьменнікаў (што пасля прызналі нацыянальнай класікай), якія рэжысёр адкрываў для сябе, а пасля дарыў праз спектаклі гледачам. Дзедава кніжніца клапатліва захоўваецца ў нашай сям’і. Паперы ж перадалі ў архівы: звязаныя з Магілёўшчынай — у тамтэйшы абласны музей, большую ж частку дакументаў — у Музей гісторыі музыкальнай і тэатральнай культуры Беларусі.
Валянцінаў “Валянцін”
— У ваенныя гады ў сям’ю прыйшла “пахавальная” з паведамленнем, што Валянцін Ермаловіч загінуў у верасні 1944 года ў Польшчы. Салдат вярнуўся дадому тады, калі яго ўжо не чакалі. Гэтак жа раптоўна і нечакана для многіх ён вывеў на недасягальную вышыню аматарскае мастацтва. Абсалютна заканамерным стала адкрыццё ў 1992 годзе пры Магілёўскім гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу народнага тэатра яго імя. “Валянцін” — такую назву свайму калектыву абралі людзі, што з дзяцінства ведалі рэжысёра. Калі гарадскія ўлады прапанавалі дзядулі вынесці на грамадскае абмеркаванне пытанне змены статусу трупы на дзяржаўны, ён ад спакуслівай ідэі адмовіўся. Добра разумеў: змена шыльды пацягне за сабой перамены ў калектыве (ён мог згубіць людзей, з якімі ішоў па жыцці) і ў рэпертуары. Для дзядулі тэатр “Валянцін” з’яўляўся сталым аўтарскім выказваннем.
Для яго ён замаўляў аўтарам тэксты, развіваў рэгіянальную драматургію — п’есы Алеся Петрашкевіча, Міхася Карпечанкі, Людмілы Рублеўскай упершыню прагучалі менавіта на сцэне “Валянціна”. Рэжысёр ставіў і замежную класіку — абавязкова ў перакладах на беларускую мову. Прынамсі, вялікі рэзананс выклікалі пастаноўкі “Каменнага госця” і “Караля Ліра” ў мастацкіх перакладах Рыгора Барадуліна. Мы з малодшым братам былі сведкамі, як часта дзядуля прыязджаў у Мінск на сустрэчы з аўтарамі, бачылі, што ён заўсёды ў руху. Ужо тады адчувалі, якім грунтоўным, значным у сваіх думках і развагах быў гэты дынамічны чалавек. Спыніць яго творчы працэс змагла толькі смерць: у 2004 годзе падчас падрыхтоўкі да пастаноўкі п’есы Віталя Скалабана і Людмілы Рублеўскай “Людвіка і Фабіян” у Валянціна Іванавіча спынілася сэрца.
У 2015 годзе на доме на вуліцы Першамайскай у Магілёве, дзе жыў дзядуля, з’явілася мемарыяльная дошка аўтарства скульптара Уладзіміра Конанава — за свае грошы яе замовілі жыхары розных гарадоў Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы. Для мяне вельмі сімвалічна, што дзядуля адлюстраваны на ёй у беларускім нацыянальным касцюме.
На адкрыцці помніка бралі слова чыноўнікі, творцы, прысутнічалі ўдзельнікі аматарскіх калектываў, і я бачыў, як запальваліся вочы гэтых асоб, калі яны ўспаміналі Валянціна Ермаловіча — рэжысёра, акцёра і педагога, які змог аб’яднаць вакол сябе і зрабіць аднадумцамі розных людзей. Мы жывем у час інфармацыйнага плюралізму, калі не існуе ўсеагульна прызначаных зорак, аднак я сапраўды адчуваю, што Валянцін Ермаловіч не забыты.
Фота з сямейнага архіва Ермаловічаў