“Раздолле” для згортыша

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

Дні славянскай культуры прайшлі ў літоўскім горадзе Клайпеда з 3 па 17 мая. Як самых дарагіх гасцей і партнёраў сустракалі дэлегацыю са Старых Дарог. На ІІ Міжнародным практычным семінары традыцыйных мастацкіх народных рамёстваў “Спадчына”, які праходзіў у межах культурнага форуму, нашы землякі правялі майстар-клас і ўразілі прафесіяналізмам гледачоў. Вынікам таго — прапанова паўтарыць навучанне.

— Адносіны з Клайпедай завязаліся летась, — паведамляе начальнік аддзела культуры Старадарожскага райвыканкама Іна Абрамчык, якая ўзначальвала дэлегацыю раёна. — Мы атрымалі запрашэнне на Міжнародны фестываль славянскіх культур “Славянская вясёлка-2007”. Візіт у адказ літоўская дэлегацыя нанесла ў лютым сёлетняга года. Тады і быў падпісаны дагавор паміж нашым аддзелам і Клайпедскім цэнтрам славянскіх культур “Раздолле”. Абодва бакі абавязаліся развіваць, адпаведна, літоўскую і беларускую культуры ў сваіх рэгіёнах, умацоўваць супрацоўніцтва славянскіх нацыянальных суполак.

І вось мы ў чарговы раз перасеклі мяжу. Уразіла колькасць арганізатараў і мецэнатаў, якія агульнымі намаганнямі правялі цікавыя культурныя і асветніцкія мерапрыемствы. Ідэя належыць цэнтру “Раздолле”, мясцовай школе імя Максіма Горкага, асноўнымі ж партнёрамі выступілі Цэнтр культуры і асветы педагогаў, Клайпедскі цэнтр камунікацыі культур. Падтрымалі ідэю і садзейнічалі яе рэалізацыі Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі, Дэпартамент нацыянальных меншасцей і міграцыі пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі, Клайпедскае гарадское самакіраванне, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, Генеральнае консульства Расійскай Федэрацыі ў Клайпедзе.

На майстар-класах, якія праходзілі ў Клайпедскай школе імя Горкага, прысутнічалі пераважна настаўнікі працы, кіраўнікі гурткоў. Яны з цікавасцю слухалі казанскага мастака-дызайнера Алмаза Ахмятзянава, які натхнёна расказваў пра асаблівасці вышыўкі залатой ніткай і дэманстраваў гатовыя вырабы. З такім жа імпэтам раскрывалі сакрэты вырабу дымкаўскай цацкі настаўніцы па кераміцы Калінінградскай і Зеленаградскай дзіцячых школ мастацтваў Таццяна Цемчанка і Ларыса Асаскова.

Старадарожскія майстры не толькі расказалі пра асаблівасці рамяства, але і прадэманстравалі творчы працэс. Святлана Міхеева вокамгненна аздобіла саломкай шкатулку, зрабіла тэкстыльную ляльку, ці згортыш, як яе называлі старажытныя беларусы. Усе былі ў захапленні ад скураных вырабаў Галіны Дрындзель. А сурвэткі майстра выпальвання па тканіне Святланы Філіпені ўразілі літоўцаў да такой ступені, што яны былі гатовы за любыя грошы набыць выпальвальнік! На выстаўцы-продажы ўсе творы старадарожцаў з поспехам раскупілі.

— Было прыемна пачуць добрыя водгукі на адрас нашых майстроў, — расказала дырэктар Цэнтра дзіцячай творчасці “Святліца” імя І.Стасевіча Наталля Сінькоўская. — Дамовіліся, што наступным разам прапануем літоўцам майстар-клас па іншых відах мастацтва. Іх вельмі зацікавіла бісерапляценне. Увогуле, старадарожцаў уразілі тым, што карпатліва захоўваюць сваю нацыянальную культуру, не даюць ёй закамянець, а паспяхова развіваюць, перадаюць маладому пакаленню.

За актыўны ўдзел у мерапрыемствах Дзён славянскай культуры старадарожская дэлегацыя ўзнагароджана граматай за подпісам генеральнага консула Расіі ў Клайпедзе А.Краткова, аддзел культуры райвыканкама і Цэнтр дзіцячай творчасці — падзякамі КЦСК “Раздолле” за актыўны ўдзел у ІІ Міжнародным практычным семінары традыцыйных мастацкіх народных рамёстваў “Спадчына”.

— Зразумела, што на гэтым супрацоўніцтва не скончыцца, — працягвае Іна Абрамчык. — Мы прапанавалі літоўскім калегам прыняць удзел у абласных святах рамёстваў “Сонечная цеплыня дрэва” і “Матчыны кросны”, якія пройдуць на Старадарожчыне сёлета. Яшчэ збіраемся запрасіць юных акцёраў тэатра “Маска”. А ў наступным годзе Клайпедскі цэнтр славянскай культуры “Раздолле” адзначыць сваё пяцігоддзе. Павіншаваць іх паедуць нашы самадзейныя артысты.

 

Алена СУРКОВА
Старыя Дарогі
На здымках: (уверсе) двухбаковы дагавор
падпісалі дырэктар Клайпедскага цэнтра
славянскіх культур “Раздолле” Вераніка Захарава
і начальнік аддзела культуры
Старадарожскага райвыканкама Іна Абрамчык;
майстарклас для літоўскіх педагогаў і кіраўнікоў
творчых гурткоў вядзе Святлана Філіпеня.