Тошка: спроба адаптацыі

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Аляксандр Ленкін прапануе зняць народны мультфільм для ўсіх і кожнага — пра прыгоды хлопчыка- бульбачкі
І першая серыя ўжо ёсць: “Тошка і яго сябры” — так называецца новая анімацыйная стужка рэжысёра. Галоўным героем трынаццаціхвіліннага фільма з’яўляецца хлопчык-бульбачка, які жыве ў гародзе і разам з сябрамі распачынае барацьбу з каларадскім жуком. Аглядальнік “К” завітала на кінастудыю “Беларусьфільм” да Аляксандра Ленкіна і паглядзела мульцік разам з аўтарам.

/i/content/pi/cult/656/14555/12kultura6a copy 4.jpg

Гародніна ў профіль і анфас

— Адкуль з’явілася ідэя такога героя — хлопчыка-бульбачкі?

— Персанаж Тошкі нарадзіўся не адразу. Калі планавалася новая карціна, я думаў пра героя, які з’яўляўся б пэўным знакавым сімвалам для беларусаў. Усе ведаюць нашых жывёл — бусла, зубра. Але захацелася адшукаць кагосьці такога, чыё аблічча, з аднаго боку, усе ведаюць, а з іншага — яно яшчэ не “намыліла вока”.

Спачатку ўзнікла ідэя героя-кветкі — васілька. Такое рашэнне адразу ў добрым сэнсе правакуе на стварэнне цікавага асяродку персанажаў — для іх можна прыдумаць шмат розных прыгод у кветкавым царстве. Думалі з калегамі над гэтым, але вырашылі пашукаць яшчэ варыянты. І неяк загаварылі пра бульбу. Тое, што бульба звязана з нашай культурай, традыцыямі — ні ў каго сумненняў не выклікае. Да ўсяго, гародніна аказалася і даволі кінематаграфічнай для ўвасаблення. Спачатку былі асцярогі, што яе аблічча выявіцца не такім выразным і цікавым у выяўленчым плане. Але пасля таго, як вывучыў выявы бульбы і ў профіль, і анфас, высветлілася, што яна ды іншая гародніна — цалкам прыдатны матырыял для стварэння вобраза. Вось і атрымаўся ў выніку хлопчык у кепачцы і яго сябры — вусень-сабака і Божая кароўка-котка. Пасля першых праглядаў нам ўжо зрабілі заўвагу, што дзеці не разбяруцца, што за звяры такія ў Тошкі ў таварышах. Але магу запэўніць — акурат дзеці цудоўна разумеюць і прымаюць усе правілы гульні.

— А як з’явілася імя ў персанажа?

— Былі розныя варыянты: Булясік, Булька, Бульбашонак, нават Бакс, але ўсё ж вырашылі, што будзе Тошка — ад слова “картошка”. Мультфільм на рускай мове, таму ніякіх супярэчанняў мы тут не заўважылі. Аўдыторыя ў карціны розная — ад самых маленькіх гледачоў да дзяцей 8-10 гадоў. Ды мне падаецца, што і старэйшыя з задавальненнем яе паглядзяць.

Галоўнае для мяне — стасункі

— Што за якасці вы імкнуліся закласці ў вашага персанажа?

— Тошка — адважны і цікаўны хлопчык. Яму падабаецца адкрываць свет, падарожнічаць, і, галоўнае, — у экстрымальнай сітуацыі ён заўжды становіцца на абарону слабейшага. Лічу, гэта нядрэнны пачын, каб далей развiваць характар персанажа. Падкрэслю, што мы зрабілі толькі першы фільм з магчымага серыяла. У будучых серыях Тошка можа раскрыцца як асоба яшчэ больш. Дапускаю, што на дадзены момант персанажы выглядаюць спрошчана, але я прызнаюся, што хацеў зрабіць кіно без прамудрасцей — народны мультфільм для ўсіх і кожнага.

— Далей у якім кірунку плануеце развіваць дзеянне? Цi прадугледжваецца ў серыяле адлюстраванне сучасных праблем і “выклікаў часу”, з якімі сутыкаюцца цяпер дзеці?

— У маіх фільмах я заўжды раблю акцэнт на стасункі. Дзе б ні адбывалася дзеянне — на Марсе, у гародзе, пад зямлёй, у пакоі — для мяне галоўныя тыя моманты, калі героі пачынаюць паміж сабой узаемадзейнічаць. Стасункі — вось што мяне цікавіць: сяброўства, узаемадапамога, спосабы вырашаць канфлікты, тое, як маленькі чалавек спазнае свет. Усе мае фiльмы — пра гэта.

Што да выклікаў часу, у адной з серый Тошка з сябрамі будзе змагацца з камп’ютарным монстрам. У другой героі апынуцца ў горадзе, дзе іншае атачэнне — мураўі, розныя казуркі. Фон для мяне — гэта акурат тое, што дапамагае выявіць канфлікт, “разруліць” яго. Яшчэ плануецца серыя, дзе Тошка будзе змагацца з мядзведкай, якая аб’елася гербiцыдаў i ператварылася у гiганта. Хіба нельга лiчыць гэты сюжэт актуальным?

Час новай анімацыі

— Чаму вам падаецца, што з вашага фільма атрымаецца добры серыял? Вы маеце досвед працы ўжо на двух цыклах: “Рэактыўнае парася” і “Рыбка па імені Нельга”. Многія аніматары адхрышчваюцца ад падобнай працы, а вы самі прапануеце новы віток?

— Пяць гадоў мы шчыравалі над “Рэактыўным парасём”, і яшчэ сем — над “Рыбкай…”. Уявіце сабе. На мой погляд, гэта вельмі доўга. Але за гэты час акурат назапасіўся досвед. Я прапаноўваю запусціць “Тошку…” як спробу адаптацыі, увядзення новага вытворчага працэсу ў нашай анімацыі.

Сёння ў нас ёсць магчымасці зрабіць серыял іначай: далучыць да працэсу не аднаго, а двух-трох рэжысёраў, некалькі груп, якія працавалі б над серыямі паралельна. Калi адна каманда заканчвае серыю, другая ўжо распачынае новую. Такім чынам скарачаюцца тэрміны вытворчаці. Прычым — у разы. Мне падаецца, што такі рытм адразу дазволіць i маркетынгаваму аддзелу выбудаваць граматную рэкламную кампанію, магчымасці прадаць серыял значна ўзрастуць.

Калі мы малявалі герояў, цалкам уяўлялі іх у выглядзе лялек. Чаму нельга запусціць лінію цацак Тошкі і яго сяброў? Такі падыход практыкуецца ва ўсім свеце: паглядзіце, колькі мы бачым налепак, бірулек, паветраных шароў з выявай таго ж Спанч Боба! Чаму, калі мы бярэмся ўжо за выраб камерцыйнага серыяла, не зрабіць гэта належным чынам? З адпаведнымі маркетынгавымі захадамі, укладаннямі, тэмпамі.

— Вы маеце рацыю, але перш чым запускаць такую кампанiю, у яе аснове мусяць быць яскравыя персанажы, якія здольныя скарыць публіку. Хто і як бы не ставіўся да серыялу “Маша і Мядзведзь”, але ён патрапіў у яблычак: яго героi яскравыя і выразныя, іх ведаюць. Ці ёсць у вашых гэты запал?

— Я лічу, што ў Тошкі ёсць патэнцыял. Давайце будзем шчырымі: каб выйшла толькі адна серыя “Машы…” — хто б ведаў пра гэты мультфільм? Толькі знаўцы? Перш, чым цыкл выйшаў на вялікую аўдыторыю, былі гады працы адначасова з раскруткай серыяла. У нас на дадзеным этапе ёсць добры “пілот”, які можна было б развіваць і ўкладвацца ў яго. Можа быць, Тошку увогуле трэба зрабіць у іншай стылістыцы? Давайце паспрабуем падумаць разам. Разумею, што на шляху да такога прадукта, якi ўсе мы хочам атрымаць, будуць памылкi — нiхто ад iх не застрахаваны. Але тое, што цяпер самы час для таго, каб змяніць падыход да дзіцячай серыяльный анімацыі — ведаю дакладна.

Аўтарскае перадусiм

— Ці магчыма, на ваш погляд, спалучыць у серыяле камерцыйны і аўтарскі погляды?

— Вядома, можна. Але каб зрабіць такі варыянт, на кінастудыі мусяць быць іншыя рэсурсы. Пакуль там не атрымаецца ў хуткім тэмпе зрабіць у серыяле такі прапрацаваны фон, як, да прыкладу, у фільмах Міядзакі. У нас яшчэ няма для гэтага магчымасцей. Серыял жа трэба рабіць хутка і якасна, а калі працэс замаруджваецца, губляецца каштоўнасць фільма. За час сваёй вытворчасці і запуску ён попрасту паспявае састарыцца. У прамым i пераносным сэнсе: становяцца дарослымi дзецi-акцёры, якія агучваюць персанажаў, сам фiльм губляе актуальнасць. Калі мы не зменім падыход да вырабу серыялаў, то лічу, увогуле, i не варта брацца за падобны прадукт. Лепей тады спыніцца на аўтарскім кіно, што прыносіць іміджавыя дывідэнды нашай студыі. Нашы рэжысеры могуць рабiць яго вельмi добра.

— Вы самі хацелі б якую анімацыю ствараць?

— Аўтарскую. Ведаеце, можна зрабіць якасны камерцыйны серыял, а можна — фестывальнае кіно: галоўнае — ведаць, на што мы арыентуемся. Я ў дадзеным выпадку выношу да разгляду сваю прапанову, якая цяпер падаецца мне цалкам разумнай і перспектыўнай — рабіць якасны камерцыйны мультсерыял.

— Самі, якія, дарэчы, любіце глядзець серыялы?

— З задавальннем гляджу Futurama, асобныя серыі “Спанч Боба”, хоць многія і папракаюць яго героя ў пэўнай абмежаванасці. Ды шмат анiмацыi. Усяго нават i не пералічыш.

— Як вы лічыце, чаму вось у нас не атрымоўваецца, як у іх — і камерцыя, i прадукт дрэнным не назавеш?

— Шмат фактараў. Хібы ў тэхнічным рэчышчы, як я ўжо казаў, розныя магчымасці, грошы, а галоўнае — мне асабіста не хапае выразнай стратэгіі. Як студыя анімацыі мы зараз перажываем пераломны момант, і нам трэба вызначацца, куды рушыць далей.

У Юрыя Нарштэйна ёсць анекдот. Сядзіць вяр’ят у вар’ятні і піша ліст. У яго пытаюцца: “Ты каму пішаш?”. “Сам сабе”, — адказвае. “І што там?” Ён кажа: “Не ведаю, пакуль яшчэ не атрымаў”. Ведаеце, у мяне часам здараюцца падобныя сiтуацыi: калi штосьцi распачынаеш, а ў вынiку з-за розных абставiн ці форс-мажораў атрымоўваецца зусім не тое, што хацеў убачыць. Таму што выпраўляцца i дамаўляцца трэба разам.

Фота Таццяны СВІРЭПА

“Для такiх праектаў патрэбная фокус-група”

“К” папрасіла пракаментаваць прапанову Аляксандра Ленкiна аб стварэнні серыяла на аснове фільма “Тошка i яго сябры” кiраўнiка службы маркетынгу Нацыянальнай кiнастудыi “Беларусьфiльм” Юрыя ІГРУШУ.

— Такi серыял можа быць. Патэнцыял у фiльма Аляксандра Ленкiна, несумненна, ёсць. Але падобнаму цыклу мусiць папярэднiчаць вялiкая праца — адмысловыя даследаваннi на конт таго, якую рэакцыю выклiкаюць у дзяцей персанажы. Варта было б сабраць фокус-групу малодшага школьнага, сярэдняга, старэйшага ўзросту i паглядзець на iх рэакцыю, спытаць iх меркаванне. Зняць вялiкую колькасць серый немагчыма сёння без падобнай прапрацоўкi. Гэта тычыцца і канцэпцыі стужкi: як будуць развiвацца далей героi, куды прыйдуць напрыканцы фiльма, што адкрыюць, пра што даведаюцца яны і мы праз іх. Усё гэта варта ўлiчваць, калi гаворым пра яскравы i якасны прадукт. Аляксандр зрабiў нядрэнны фiльм, якi можа стаць падмуркам для далейшага праекта, аднак у яго распрацоўку, на мой погляд, яшчэ трэба ўклаcцiся i камандзе рэжысёра.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"