Пайшлі і ўбачылі

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Чым скарыў Венецыянскі фестываль зняты ў Беларусі фільм, якому ўжо больш за 30 гадоў
Стужка Элема Клімава “Ідзі і глядзі” па сцэнарыю Алеся Адамовіча атрымала ўзнагароду 74-га Венецыянскага кінафестываля, што завяршыўся ў мінулыя выхадныя. Спецыяльна для “К” фатограф Яўген КОКТЫШ падзяліўся здымкамі з уласнага архіва і ўспамінамі пра тое, як на яго вачах у Бярэзінскім біясферным запаведніку ў 1984 годзе стваралася легендарная карціна.

/i/content/pi/cult/656/14554/12kultura6a copy 2.jpg

Акрамя асноўных конкурсных і пазаконкурсных секцый, на самым старэйшым кінафоруме свету ёсць намінацыя “Класіка” — падборка адрэстаўраваных за апошні год найлепшых фільмаў, ужо даўно прызнаных шэдэўрамі. Сёлета ў гэтым раздзеле было прадстаўлена каля 20 карцін, сярод якіх працы Мікеланджэла Антаніоні, Бернарда Берталучы, Мілаша Формана і іншых выбітных рэжысёраў свету.

“Масфільм” прадставіў у Венецыі адрэстаўраваную версію “Ідзі і глядзі”. Працы па ўзнаўленні доўжыліся чатыры месяцы. Як тлумачаць супрацоўнікі кінастудыі, мэта любой рэстаўрацыі — паказаць фільм у пэўнай якасці, максімальна набліжана да арыгіналу са стужкі. Гэта і ацэньвае журы фестывалю, якое цяпер аддало перавагу савецкай стужцы. Кіраўнік секцыі “Класікі” Стэфана Франчадзіле адзначыў, што фільм Клімава — самая моцная карціна пра Другую сусветную вайну з усіх, што ён калісьці бачыў.

/i/content/pi/cult/656/14554/12kultura6a copy.jpg

На экраны фільм “Ідзі і глядзі” выйшаў у 1985 годзе. Здымкі ў 1984 годзе цягам дзевяці месяцаў праходзілі на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка — побач з вёскай Брады. Яўген Коктыш як цікаўны фатограф і сябра Алеся Адамовіча часта наведваўся на кінапляцоўку.

/i/content/pi/cult/656/14554/12kultura6a-.jpg

— Здымачная група жыла ў гасцініцы на тэрыторыі запаведніка — там былі выдатныя ўмовы, вялікая сталовая, — узгадвае Яўген Фаміч. — Я назіраў за працэсам фрагментарна — часам прыязджаў на дзень і звычайна вяртаўся ў Мінск, рэдка заставаўся на ноч. Мы ездзілі туды разам з мастаком Георгіем Паплаўскім то на маёй машыне, то на яго. Калі пачыналіся здымкі, атмасфера там была неверагодная. Вось эпізод, дзе Глашу пусцілі ў балота — вакол гразь, чарвякі. Дзяўчынку калаціла. І там усё так здымалі! Калі буйным планам патрэбен труп, то яго бралі ў моргу…

Але засяроджаная і напружаная атмасфера, якой вымагаў сюжэт і праблематыка фільма, узнікла не адразу.

— Людзей было задзейнічана шмат, адразу ўсім было цікава, дурэлі хлопцы з дзеўкамі, — кажа фатограф. — Клімаў стаў раіцца з Адамовічам, што зрабіць, каб прымусіць пранікнуцца тэмай і сканцэнтравацца на працы. Адамовіч прапанаваў паставіць пласцінкі з мелодыямі ваеннага часу. Гэта было мудрае рашэнне, і яно спрацавала — народ перастроіўся, сцішыўся.

Для масавых сцэн задзейнічалі мясцовых жыхароў. У некаторых з іх набывалі скаціну, якую было неабходна паставіць у кадры.

— У кагосьці ўзялі свінню, заплацілі мужыку пяць рублёў, дык, памятаю, ён перажываў: “Трэба было браць больш!” Таму што здымалі свінню ў эпізодзе, дзе немцы б’юць яе нагамі, а яна апарасілася, потым давялося закалоць скаціну, — распавядае Яўген Фаміч. — Яшчэ адзін мясцовы “прадпрымальнік”, калі зразумеў, што на здымках шмат агню, застрахаваў сваю хату і сам жа спрабаваў яе падпаліць.

З Элемам Клімавым фатограф пазнаёміўся падчас здымак, здаралася, падвозіў яго на машыне разам з Алесем Адамовічам.

— Яны ўвесь час працавалі ўдвох, раіліся, дапрацоўвалі сцэнарый, але, як толькі пачынаўся запіс на камеру, Адамовіч затойваўся і назіраў, умешваўся рэдка — працэсам кіраваў Клімаў. І калі Алесь Міхайлавіч мог прымаць розныя прапановы, то ў Элема Германавіча заўжды была жорсткая пазіцыя, каму што рабіць. Але шмат ён ні з кім не гаварыў, яму не да таго было — многа даводзілася працаваць з акцёрамі, здымачная група імкнулася паспець зрабіць усё да зімы. За тэхнічнае “начынне” адказваў “Беларусьфільм”.

Да выканаўцы галоўнай ролі — 14-гадовага Лёшы Краўчанкі — акрамя маці, нікога стараліся не падпускаць. Пільна сачылі за яго рэжымам. На пляцоўцы прысутнічаў псіхолаг, бо рэжысёр са сцэнарыстам хваляваліся, каб хлопец маральна не зламаўся.

— Напрыклад, я не хацеў бы, каб мае ўнучкі перажылі тое, што Лёша Краўчанка на здымках, — кажа Яўген Коктыш. — Уявіце, дзеці хвалююцца перад выступам на святочным канцэрце, а тут трэба было літаральна састарэць за фільм і пасівець ад убачаных жахаў. Самае цікавае, што Краўчанка тады паўтараў: “Я не буду акцёрам!” Электронікай цікавіўся. Цяпер жа ён — у любым фільме па тэлебачанні.

“Ідзі і глядзі” ў Беларусі ўпершыню паказалі 25 чэрвеня 1985 года ў кінатэатры “Кастрычнік”.

— Гэта было свята! На здымку побач з Клімавым і Адамовічам стаіць Васіль Быкаў, Лёша Краўчанка, хтосьці з кінастудыі, Валянцін Букін і Віктар Дашук, гледачы, — паказвае Яўген Фаміч фота, зробленае каля ўваходу ў кінатэатр у дзень прэм’еры. — Ажыятажу вакол стужкі не памятаю — тады яшчэ Клімаў не быў настолькі знакаміты. Гэта потым ужо былі ўзнагароды і за гэты фільм, і за шмат якія іншыя — на розных фестывалях. Адамовіч расказваў, як на адным з праглядаў “Ідзі і глядзі” нямецкія гледачы абурыліся: “Ды не можа такога быць! Гэта выдумка!”. На што Клімаў адказаў так: “Я гэты фільм зрабіў, сціснуўшы вусны. У наступным — ужо адкрыю рот і яшчэ больш раскажу”. Цалкам стужку я сам паглядзеў упершыню толькі на прэм’еры. Ведаеце, здымкі ўспрымаліся, як кіно — так, шмат страшнага, але разумееш, што з катла, балота ці агню зараз усіх выцягнуць. А вось убачыў на экране, як усё звялі ў адно цэлае — і дрыжыкі пайшлі. Другі раз такое глядзець складана. Але ж і не бачыць гэты фільм нельга.

Фо­та Яўге­на КОК­ТЫ­ША

/i/content/pi/cult/656/14554/12kultura6a copy 3.jpg

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"