Шмат шуму з нічога

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Карэспандэнт "К" разабраўся, хто і чаму перажывае за ха­ту Мак­сі­ма Тан­ка
Пількаўшчына — вёска ў Мядзельскім раёне, побач з якой нарадзіўся народны паэт Беларусі Максім Танк. Заўтра з таго дня споўніцца акурат 105 гадоў. “К” з’ездзіла на малую радзіму айчыннага класіка, каб даведацца, чым вабіць гэтае месца турыстаў і ці з’явіцца там калі-небудзь музей.

/i/content/pi/cult/656/14552/13kultura5 copy 3.jpg

Незадоўга да круглай даты ў сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваліся фотаздымкі з Мядзельшчыны з допісамі пра тое, у якім дрэнным стане цяпер знаходзіцца хата, дзе нарадзіўся Максім Танк, — маўляў, там усё гніе, падворак зарастае травой, а бібліятэку паэта грызуць мышы. Некалькі чалавек звярнуліся непасрэдна да супрацоўнікаў “К” з просьбай высветліць, што ж насамрэч адбываецца цяпер з хатай Максіма Танка і хто туды можа трапіць.

Хата без гаспадара?

На хутары непадалёк ад Пількаўшчыны знаходзяцца дзве хаты. Адной з іх, дзе і пабачыў свет Яўген Скурко — будучы народны паэт Беларусі Максім Танк, — больш за сто гадоў. Не так даўно ёй прысвоілі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Але перад гэтай хатай стаіць яшчэ і другая — збудаваная ў пасляваенныя гады. Побач раскінуў свае галіны-рукі велічэзны дуб, пасаджаны, як расказалі мне, яшчэ дзедам паэта.

Калі я прыехаў на хутар, то ўбачыў, што трава на падворку пакошаная, а ўнутры ўсё чыста прыбрана. Усё ж такі гаспадар у жытла ёсць: гэта пляменнік паэта — Іван Фёдаравіч Скурко. Жыве ён у Віцебску, на малой радзіме бывае не так часта, таму за хатамі даглядае яшчэ і даўні знаёмы Івана Фёдаравіча — мясцовы жыхар Валерый Леанідавіч Марозаў. Яго можна назваць дазорцам хутара, бо звычайна ён адчыняе дзверы, за клямку якіх браліся калісьці рукі Максіма Танка, для турыстаў і проста цікаўных падарожных, што наведваюць знакамітыя мясціны Мядзельскага краю і даязджаюць да Пількаўшчыны.

Дбае пра хутар Максіма Танка і мясцовы сельсавет, які раз-пораз даручае каму-небудзь абкасіць траву ў вяснова-летні перыяд ды прачысціць туды дарогу пасля снегападаў ці іншай непагадзі.

Самога Івана Скурко на месцы я не заспеў, пагутарыць з ім мне ўдалося па тэлефоне. Інфармацыя, што абмяркоўваецца ў Сеціве, яму вядомая, але ён адзначыў, што наведвальнікі чамусьці зрабілі шмат здымкаў не ў той хаце, дзе нарадзіўся Максім Танк, а ў навейшай, дзе ўжо гадоў пяць ніхто нават не начуе.

— Навошта ім адкрылі хату, дзе жылі мае бацькі і дзе сапраўды было крыху не прыбрана, бо пацукі і мышы пастаянна там нешта пераварочваюць? — дзівіцца Іван Фёдаравіч. — А яны, не разабраўшыся, вырашылі, што гэта жытло бацькоў Максіма Танка. Хаця кожны больш-менш дасведчаны чалавек у стане зразумець, што новая хата ніяк не можа быць домам, дзе нарадзіўся Яўген Скурко.

Што да кніг, якія нібыта грызуць мышы, дык і гэта, як аказалася, няпраўда.

/i/content/pi/cult/656/14552/13kultura5 copy 2.jpg

— Яшчэ колькі гадоў таму я перадаў усю бібліятэку, сабраную Максімам Танкам, супрацоўнікам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску, — кажа пляменнік паэта. — У хаце засталася толькі невялікая колькасць кніг — у асноўным тыя, што не маюць значнай каштоўнасці або пашкоджаны ды рэстаўрацыі не падлягаюць.

Сітуацыя з грамадскім абмеркаваннем яго ўласнасці Івану Фёдаравічу непрыемная.

— Каб я там жыў пастаянна, натуральна, такіх фотаздымкаў у Сеціве не з’яўлялася б, але што зрабіць, калі жывеш за 250 кіламетраў ад Пількаўшчыны? — разважае ён. — Зразумела, заўсёды, калі прыязджаю на Мядзельшчыну, прыбіраюся ў абедзвюх хатах, але ж усё неабходнае па гаспадарцы за невялікі час зрабіць проста немагчыма, таму і прашу даглядаць за хатай і Валерыя, і мясцовы сельсавет, і раённыя ўлады. Паверце, яны шмат чаго робяць, вельмі дапамагаюць мне ў добраўпарадкаванні сядзібнай тэрыторыі, за што ім хачу сказаць вялікі дзякуй.

На думку Івана Скурко, падобных непрыемных сітуацый можна было б лёгка пазбегнуць, калі спачатку гаварыць, а толькі потым крытыкаваць, калі сапраўды ёсць за што.

— Чамусьці мне ніхто не патэлефанаваў і нічога не спытаў ні пра адну хату, ні пра другую, ні пра кнігі, — кажа Іван Фёдаравіч. — Замест гэтага людзі, якіх пусцілі ў прыватны дом без усялякіх пытанняў, ні ў чым не разабраўшыся, выставілі на ўсеагульны прагляд здымкі падворку і хат з не надта добрымі каментарыямі. Між тым і Валерый Леанідавіч, і іншыя мясцовыя жыхары, і кіраўніцтва раёна ведаюць мой нумар тэлефона і адрас, дзе мяне адшукаць. Я заўсёды адкрыты да кантактаў, гатовы расказаць усё кожнаму, нават паказаць, калі сам бываю на хутары. І буду рабіць гэта надалей, бо турысты на хутары бываюць часта.

600 чалавек: многа ці мала?

Здаецца, стварэнне музея Максіма Танка на хутары ў Пількаўшчыне — лагічны далейшы крок. Але ўсё ж такі будынкі — прыватная ўласнасць, таму права вырашаць, што будзе зроблена на ягонай зямлі, застаецца за Іванам Скурко. Пакуль аддаваць хату Максіма Танка пад музей ён не збіраецца.

— Прадаваць яе мне не хочацца: гэты хутар мне сніцца ў снах, я пастаянна пра яго думаю і вельмі люблю там бываць, — кажа пляменнік паэта. — Напрыклад, калі прыязджаю туды, лаўлю рыбу, хаджу па грыбы, проста адпачываю душой. Дык як прадаць тое, што мне роднае і дарагое?

Пазіцыю Івана Скурко можна зразумець. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што літаратурна-краязнаўчы музей імя Максіма Танка ў раёне ўжо ёсць — ён месціцца ў сярэдняй школе аграгарадка Сваткі, якая таксама носіць ганаровае імя знакамітага беларускага паэта. Менавіта там — праўда, у старым будынку, а не цяперашнім, — вучыўся калісьці і сам паэт: ад Пількаўшчыны дасюль блізу сямі кіламетраў.

Пад экспазіцыйную залу выдзелены вялікі пакой, а сабраны там матэрыял даволі падрабязна распавядае пра жыццёвы і творчы шлях знакамітага земляка, натуральна, з ухілам у мясцовыя матэрыялы і архівы — я пераканаўся ў гэтым на свае вочы з дапамогай кіраўніка музея Святланы Шылько.

У Сватках можна пабачыць граматы і ўзнагароды, якімі ўшаноўваўся Максім Танк за гады свайго жыцця, пагартаць кнігі з ягонымі аўтографамі, а таксама паўзірацца ў фотаздымкі або нават пакалыхаць калыску, у якой, магчыма, засынаў будучы народны пісьменнік Беларусі.

Праўда, наяўнасць багатага асноўнага і дапаможнага фонду не надта спрыяе наведвальнасці музея. Як распавяла мне Святлана Шылько, з пачатку года і да 31 мая тут пабывала толькі крыху больш за 600 чалавек. У першую чаргу гэта спецыялісты, якія прыязджаюць на абласныя ці раённыя семінары, што ладзяцца ў Мядзелі, а таксама ветэраны працы, студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, школьнікі з усяго наваколля ды заезджыя турысты.

Хаця, калі ўлічыць, што музей знаходзіцца ў аграгарадку прыкладна за 20 кіламетраў ад Мядзеля, лічба ў 600 чалавек за паўгода — даволі неблагая. З іншага боку, каб такі музей стварылі ў самім райцэнтры, туды б магло прыязджаць яшчэ больш людзей.

Музей у вёсцы ці ў горадзе?

Падобныя планы, дарэчы, ужо былі. Як распавёў “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама Валерый Клімовіч, яшчэ 5 гадоў таму, да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка, у горадзе планавалі ўсталяваць драўляны зруб — падобны да той хаты, дзе жыў Максім Танк. Ужо нават абралі месца, дзе мог бы ўзнікнуць такі музей паэта, але з пэўных прычын — у першую чаргу фінансавых — задуму давялося адкласці на няпэўны тэрмін. Да ажыццяўлення гэтай ідэі мясцовыя ўлады, як запэўнілі мяне ў райвыканкаме, яшчэ вернуцца, і, хто яго ведае, магчыма, гадоў праз пяць-дзесяць музей будзе месціцца не толькі ў вясковай школе, але і ў Мядзелі.

Хоць і цяпер у самім райцэнтры шмат што нагадвае пра знакамітага паэта. Напрыклад, ніводны турыст не абміне помнік Максіму Танку, бо той стаіць у самым цэнтры горада каля Дома культуры. Побач — у Мядзельскім музеі народнай славы — можна пабачыць некалькі стэндаў, прысвечаных паэту. Там прадстаўлены членскі білет Саюза пісьменнікаў БССР за нумарам 001, выдадзены будучаму лаўрэату Ленінскай прэміі Яўгену Скурко, а таксама шматлікія рукапісы пісьменніка ды ягоныя асабістыя рэчы. Па словах дырэктара ўстановы Наталлі Бурак, да 105-годдзя з дня нараджэння паэта музейшчыкі падрыхтавалі яшчэ і выставу “Ёсць толькі адна песня песень — пра Радзіму”: дзясяткі ўнікальных фотаздымкаў як самога Яўгена Іванавіча, так і яго родзічаў ды блізкіх.

/i/content/pi/cult/656/14552/13kultura5 copy 4.jpg

У цэнтральнай раённай бібліятэцы кожнаму наведвальніку супрацоўнікі з задавальненнем раскажуць пра знакамітага земляка, пакажуць шматлікія стосы папак, электронных дыскаў і сотні іншых матэрыялаў, якія яны сабралі пра Максіма Танка. Мясцовыя бібліятэкары стварылі асобную электронную базу даных пра паэта. Ёй сёння карыстаюцца як школьнікі, так і студэнты, якія пішуць рэфераты, дыпломныя і курсавыя працы па беларускай літаратуры.

Днямі, як распавяла “К” дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Мядзельскага раёна і кіраўнік раённай бібліятэкі Таццяна Нырцова, у кніжніцы да круглай даты таксама адкрылася выстава пад назвай “Максіму Танку ад калег па пяру”. Наведвальнікі могуць убачыць падораныя паэту кнігі з аўтографамі Ніла Гілевіча, Уладзіміра Карпава і нават ад польскага пісьменніка Станіслава Ежы Леца ды некаторых іншых.

Калі вяртацца да сітуацыі, што падштурхнула да паездкі ў Пількаўшчыну, цяпер хочацца апісаць яе выразам “шмат шуму з нічога”. З іншага боку, заклапочанасць грамадскасці пра належны стан хаты Максіма Танка цалкам можна зразумець. Таму дзякуй усім, хто скіраваў увагу журналістаў на праблемныя пытанні, звязаныя з захаваннем памяці пра выбітнага класіка беларускай літаратуры. Візіт на Мядзельшчыну паказаў, што землякі паэта такія пытанні таксама ўвагай не абмінаюць.

Фо­та аўта­ра

/i/content/pi/cult/656/14552/13kultura5 copy.jpg

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"