Партрэт для майстра

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Урачысты вечар, прысвечаны 75-годдзю заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, вядомага рэжысёра, сцэнарыста і педагога Вячаслава Нікіфарава прайшоў у мінулую нядзелю ў сталічным кінатэатры “Центральны”. Павіншаваць аўтара карцін “Бацькі і дзеці”, “Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі”, “Душа мая, Марыя”, “Рэйнджар з атамнай зоны”, лаўрэата Нацыянальнай расійскай кінапрэміі “Залаты арол” за серыял “Палач” сабраліся кіраўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, кінастудыі “Беларусьфільм”, калегі, сябры, гледачы.

/i/content/pi/cult/656/14551/Eliseev (67).jpg

Вячаслаў Нікіфараў прымае віншаванні і падарункі ад сваіх гасцей. / Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА

Высокі прафесіяналізм майстра і сёння мастацкага кіраўніка Нацыянальнай кінастудыі адзначыла на вечары першы намеснік міністра культуры краіны Ірына Дрыга. Медаль за прафесійную шматгадовую працу рэжысёру, які зрабіў унёсак ў станаўленне беларускага і савецкага кіно, уручыў Вячаславу Нікіфараву дырэктар установы Ігар Поршнеў.

Цёплыя віншаванні ад сяброў — народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка і народнага артыста СССР Ігара Лучанка, паэта Фёдара Баравога, знанага фатографа Юрыя Іванова — прагучалі ва ўрачыстай абстаноўцы.

Сапраўдная дата юбілею рэжысёра — 13 жніўня. Аднак гэты дзень Вячаслаў Нікіфараў правёў на здымачнай пляцоўцы, бо зараз ідзе праца над новай паўнаметражнай стужкай “Тум-Пабі-Дум”. Госці вечара ўбачылі рабочы матэрыял карціны, якая ўжо прайшла этап здымак і знаходзіцца на стадыі мантажу. Галоўную ролю ў сямейнай меладраме сыграў юны артыст з Адэсы Арцём Венгеровіч, удзельнік папулярнага ўкраінскага шоу талентаў. Хлопчык іграе ў “Тум-Пабі-Дум” выхавальніка дзіцячага дома, які, шукаючы бацькоў сабе і сваёй падапечнай, сутыкаецца з нялёгкай маральнай дылемай. Юны акцёр, які прысутнічаў на свяце, адзначыў, што для яго вялікі гонар працаваць у камандзе Майстра.

У карціне задзейнічаны беларускія артысты: Павел Харланчук, Валерыя Арланава, Вольга Клебановіч, Аляксей Шадзько, Даша Кірэева і іншыя. Стужка мусіць выйсці на экраны ўжо сёлета.

Рэжысёр заўжды падкрэслівае, што цэніць у творчасці талент і самабытнасць. І менавіта ўважлівы падыход да творцы, веданне прафесіі і мусіць выратаваць беларускае кіно. А таксама — павага да сваёй культуры. “Толькі тады мы будзем цікавыя іншым, калі будзем расказваць пра сваё жыццё, культуру, людзей”, — неаднаразова паўтарае Вячаслаў Нікіфараў у інтэрв’ю.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"