— Так, з маленства вакол мяне панавала атмасфера творчасці, узнёслага стаўлення да музыкі. Маці добра валодала гітарай і фартэпіяна, а бацька вельмі любіў цымбалы. Яны і цяпер вялікія прыхільнікі музыкі! Я займалася ў Чэрвеньскай школе мастацтваў па класе баяна. Вельмі захапіла гэтая справа, таму вырашыла звязаць з ёй лёс.
— Як утварыўся калектыў?— Пасля заканчэння музычна-педагагічнага вучылішча пайшла працаваць у дзіцячы садок. Там, акрамя музычных заняткаў з дзецьмі, арганізавала супрацоўніц у вакальны гурт. І ў 1984 годзе разам з сяброўкамі-калегамі на аглядзе мастацкай самадзейнасці настаўнікаў школ і работнікаў дашкольных устаноў мы занялі прызавое месца. З гэтага часу калектыў заўважылі ў раёне, пачалі запрашаць на канцэрты. У рэпертуары вылучалася гумарыстычная песня “Чапурушачкі”. Менавіта яе першай праспявалі для слухачоў, ад яе ж пайшла і першая назва калектыву. Паступова склад ансамбля змяняўся і пашыраўся: прыходзілі новыя выканаўцы, улюбёныя ў народную песню. З часам мы сталі называцца “Вербніцай”, бо ў 1996 годзе званне “народны” наш калектыў атрымаў менавіта ў Вербную нядзелю.
— З таго часу канцэртная дзейнасць стала яшчэ больш насычанай?— Так. За месяц калектыў даваў па 5-6 канцэртаў на шматлікіх пляцоўках раёна. Праграма складалася з некалькіх блокаў, у якіх чаргаваліся сольныя песні і харавыя нумары.
— У чым, на ваш погляд, сакрэт поспеху ансамбля?— Думаю, у самаадданасці, любові да мастацтва, творчым падыходзе да музычнай дзейнасці. У нас ёсць удзельнікі, якія амаль з першых дзён разам з калектывам: гэта Надзея Чарнiцкая, Людмiла Пяхота, Ірына Коўган. А Міхаіл Шчэрбач і Андрэй Каленік не толькі добра спяваюць, але і выдатна імправізуюць на розных народных інструментах: баяне, гармоніку, цымбалах. У калектыве — сяброўскія адносіны. Цяпер у ім каля 30 чалавек, і выканальніцкае майстэрства кожнага даўно выйшла за межы самадзейнасці. Словам, можна рыхтаваць праграмы высокага ўзроўню.
— Якія творы сёння ў рэпертуары “Вербніцы”?— За 20 гадоў творчасці ў нас з’явілася больш за 100 песень — рускіх, беларускіх, украінскіх народных і аўтарскіх твораў. Напрыклад, “Полька беларуская” Ігара Лучанка, “Грай, гармонік!” Леаніда Сяліцкага, “Чэрвеньскія зоры” Кіма Цесакова, “Хлеб ды соль” і “Браток-сусед” Эдуарда Захлеўнага...
Гутарыла Алеся ГЕРАШЧАНКА
Чэрвень
На здымку: ансамбль “Вербніца”.
Фота аўтара