— Як у вашым жыцці з’явілася музыка?
— Калі я вучыўся ў пачатковых класах і чуў спевы — гэта заварожвала. Але ў мяне была мутацыя голасу, і многія казалі, што я не змагу спяваць. Усё змянілася, калі я перайшоў у старэйшыя класы. Прымаў удзел у конкурсах эстраднай песні, займаў першыя месцы. На той час я зусім не ведаў нот. Калі паўстала пытанне аб паступленні, мой настаўнік па музыцы ў школе сказаў: “Калі хочаш спяваць, то табе трэба ісці ў музычную акадэмію. Там вучаць акадэмічнаму вакалу, а не спевам у мікрафон. На эстрадзе перспектыў няма”.
— Вы прыслухаліся да парады?
— Так. Я пайшоў на праслухоўванне ў Львоўскую нацыянальную музычную акадэмію імя Мікалая Лысенкі. У камісіі сядзеў народны артыст Украіны, саліст оперы Уладзімір Ігнаценка. У свае сямнаццаць гадоў я ўпершыню пачуў оперны гук, які ён выдаў на праслухоўванні, калі дапамагаў мне распецца. Уладзімір Дзмітрыевіч адразу вызначыў, што ў мяне тэнар. Да таго часу я операй не цікавіўся. Мне здавалася, што гэты жанр больш падыходзіць жанчынам (смяецца).
— Як склалася жыццё пасля музычнай акадэміі?
— Я пачаў працаваць у Львоўскім нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета імя Саламеі Крушальніцкай. Пакуль усяго трэці сезон. Таму ў мяне яшчэ няма неабходнай пластыкі і свабоды, затое ўжо амаль знік страх. Да нядаўняга часу я панічна баяўся выходзіць на сцэну: у класе пачуваўся сапраўдным артыстам, а вось перад выхадам на публіку мяне літаральна кідала ў пот. Было вельмі цяжка. Разумею, што з часам гэта пройдзе.
— Бацькі падтрымалі вас?
— Мой тата і сам добра спяваў, але так сталася, што мяне гадавала толькі мама. Мы жылі ў вёсцы, яна заўсёды марыла, каб я атрымаў добрую адукацыю. Памятаю, запрасіў яе на спектакль, калі пачаў працаваць у тэатры. Яна тады ўпершыню патрапіла ў яго сцены, і калі ўступіў аркестр, у яе ажно падняўся ціск. Мама тады сказала: “Яны ж так гучна граюць, як ты будзеш спяваць?”
— Успомніце свой першы выхад на сцэну?
— Было вельмі страшна. Я выконваў партыю Альфрэда з оперы “Травіята” Джузэпэ Вердзі. Памятаю, што ў мяне з’явіліся невялікія праблемы з акцёрскім майстэрствам, затое вакальна ўсё атрымалася добра. Калі спектакль скончыўся, па авацыях публікі я зразумеў, што яна хоча яшчэ! Адчуваў праз апладысменты вялікую падтрымку.
— Ці змянілася з часам гэтае адчуванне?
— Так. На дадзены момант я праспяваў больш за дваццаць спектакляў. За мінулы сезон вывучыў пяць складаных партый. Цяпер мне значна прасцей.
— Ведаю, што вы прымалі ўдзел у многіх конкурсах. А памятаеце першы з іх?
— Гэта быў міжнародны конкурс у Херсоне. Я выконваў украінскую песню “Ой ти, дiвчино”, моцна пакутуючы на сцэне, а публіцы гэта вельмі падабалася. У выніку заняў першае месца. Потым былі конкурсы ў іншых гарадах Украіны, Італіі, Чэхіі, Польшчы. У Мінску я таксама займаў першыя месцы. Ездзіў нават на конкурс у Сеул. У ім прымалі ўдзел пяцьсот вакалістаў з розных краін свету. Я трапіў у шасцёрку найлепшых!
— Пасля мінскага міжнароднага конкурсу вакалістаў да вас паступалі прапановы аб супрацоўніцтве?
— Мяне запрашалі ў Расію. Аднак, пакуль што адмовіўся, але мару там выступіць. Мне вельмі падабаецца руская музыка.
— Цяпер вы выконваеце не вельмі шмат партый. Якую з іх можаце назваць сваёй “візітоўкай”?
— Кожная з іх мне падабаецца. Але любімая ўсё ж такі партыя Рудольфа з оперы “Багема” Джакама Пучыні. Гэтая опера — само па сабе жыццё, і там не трэба шмат іграць.
— Што вам неабходна для таго, каб спектакль прайшоў удала?
— Важна, каб побач са мной была сімпатычная партнёрка, калі я герой-рамантык (усміхаецца). Інакш не будзе эмоцый. Памятаю, як у Львове я выконваў партыю Рычарда ў оперы “Баль-маскарад”, а Амелію спявала пяцідзесяцігадовая салістка. Да таго ж прафесар у кансерваторыі! За гады навучання я звяртаўся да яе на вы і не раз прыходзіў на кафедру. Так, яна прыгожая жанчына, але як можна ў дадзеным выпадку сыграць каханне на сцэне? Яна кажа: “Прыцісніся да мяне!” А я пачуваўся ў гэты момант даволі няёмка (смяееца).
— Над чым працуеце цяпер?
— Вучу партыі Пінкертона з оперы “Мадам Батэрфляй” і Каварадосі з “Тоскі” Пучыні.
— Якім кампазітарам вы аддаяце перавагу?
— У мяне душа ляжыць да італьянскай музыкі: Джузэпэ Вердзі, Джакама Пучыні, Вінчэнца Беліні, Гаэтана Даніцэці. Партыі апошняга — як бальзам для майго голасу.
— На сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў мінулым сезоне вы дэбютавалі ў партыі Ленскага…
— Мне яна вельмі падабаецца. Партыя лірычная, і ў мяне ёсць магчымасць сыграць станоўчага рамантычнага героя. Магу параўнаць Ленскага з Альфрэдам з “Травіяты” Вердзі. Думаю, на дадзеным этапе мне трэба рабіць акцэнт менавіта на лірычных партыях.
—...і Герцага з оперы “Рыгалета” Джузэпэ Вердзі.
— Вось тут мне было вельмі страшна. Я лічу, што ў маім маладым узросце спяваць драматычныя партыі даволі рызыкоўна. Яны патрабуюць ад саліста лепш пастаўленага голасу.
— Але часцей за ўсё вас можна было пачуць у партыі Рычарда…
— Лічу, што гэтую партыю мне было выконваць яшчэ зарана. Але я пайшоў на своеасаблівую рызыку, і ўсё атрымалася. Праўда, з таго часу, што выконваю Рычарда на вашай сцэне, паспеў трохі ад яго стаміцца.
— Міхаіл, што вы лічыце самым складаным у сваёй прафесіі?
— Мы, выканаўцы, людзі ненармальныя (смяецца). Вакаліста дома цярпець вельмі цяжка. Аднойчы мне прыснілася, што я спяваў партыю Рудольфа з оперы “Багема”, забыўся тэкст і не магу ўзяць ноту. Я ляжу, на гадзінніку каля трох ночы, усе сваякі спяць — і раптам як падрываюся! Выдыхнуў, узяў патрэбную ноту і толькі потым зразумеў, што гэта быў сон. Вакалісту трэба жыць асобна ад усіх!
— У Мінску вы былі ўжо неаднаразова. Магчыма, змаглі завітаць у якісь тэатр, акрамя Вялікага?
— У мяне атрымалася паглядзець сучасны драматычны спектакль “Любоў людзей”, які ідзе на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Акцёры размаўлялі на беларускай мове, і я злавіў сябе на думцы, што разумею ўсё да адзінага слова. Здаецца, калі б паслухаў яшчэ гадзіны дзве-тры, як беларусы гавораць на сваёй мове, то і сам бы пачаў. Мы славяне: беларусы, украінцы, рускія... У нас шмат агульнага: душа, рысы характару. І нягледзячы ні на што, нам не ўцячы ад нашых каранёў.
— Якія ўражанні пакінуў наш горад?
— Я ўжо не раз казаў: у Мінску я адчуваю сябе як дома. Гэта горад, дзе жывуць таленавітыя і добразычлівыя людзі. Кажу гэтыя словы не проста так: кожны мой прыезд перапоўнены эмоцыямі ад таго, як мяне прымае ваш глядач. Мінск — вельмі зялёны горад. У вас шмат паркаў. Калі пасля рэпетыцый у мяне застаецца вольны час, я абавязкова туды іду, каб адпачыць і набрацца сіл. Мінск — адно з тых месцаў, куды мне заўсёды хочацца вяртацца!
Іна КОРСАК