Не так даўно ў Літаратурна-мастацкім салоне “Сустрэчы на Замкавай” пры Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.Герцэна святкавалі 60-годдзе мастака.
Яму падуладны ўсе складаныя тэхнікі манументальнага мастацтва. Ён аднолькава таленавіта працуе з вітражным шклом, са шпонам, керамікай, тэмперай, смальтай.
Яго работы вельмі аб’ёмныя, памерам дасягаюць да 300 квадратных метраў.
Адной з асноўных сваіх работ мастак лічыць роспіс фае Палаца культуры шклозавода імя М.Ламаносава, які ўвасабляе ўсе віды мастацтва. Ён выкананы ў складанай тэхніцы энкаустыкі, калі фарбы вырабляе сам майстар на аснове пчалінага воску. Дарэчы, Еўтухоў, вучань народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі, з’яўляецца адзіным на Гомельшчыне мастаком-манументалістам, які дасканала ёй авалодаў.
Уражвае гасцей і жыхароў горада пры ўваходзе на чыгуначны вакзал манументальны шматкаляровы вітраж, што быццам лунае ў бязважкасці. Пранізаны наскрозь сонечнымі промнямі, ён змясціў у сабе сімвалы, атрыбуты і знакі чыгуначнага транспарту.
Цудоўныя роспісы мастака ўпрыгожваюць многія лячэбныя ўстановы, санаторыі, прадпрыемствы, ЗАГСы, а таксама фае ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама.
Уладзімір Аляксеевіч паспяхова працуе і ў станковым жывапісе. Вядомы яго карціны “Юнацтва”, “Маладосць краіны”, “У родным краі”, “Унукам і праўнукам”.
Пра яго высокі ўзровень гаворыць той факт, што палатно “Сыны Беларусі”, дзе ўвасоблены зборны вобраз абаронцаў Айчыны, уключана ў экспазіцыю Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
У мастака шмат грамат і падзяк ад творчага саюза, розных арганізацый і ўстаноў, нават ад органаў аховы парадку — за садзейнічанне ў раскрыцці цяжкіх злачынстваў і затрыманне злодзея.
Валодаючы лёгкім, спагадлівым характарам, ён цудоўна ладзіць са сваімі вучнямі, і яны адказваюць яму ўзаемнасцю. Высокі ўзровень падрыхтоўкі дазволіў многім з іх прадоўжыць вучобу ў прэстыжных навучальных установах: Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна ў Санкт-Пецярбургу, Вільнюскай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і іншых.
Як і шмат гадоў таму, мастакпоўны творчых задумак. Энергічны, дзейны, ён і цяпер застаецца самым вопытным і запатрабаваным мастаком-манументалістам Гомельшчыны.
Наталля МАЛАШЭНКА,
загадчыца аддзела Гомельскай ЦГБ імя Герцэна