Сам-насам з салаўём

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Паркі Мінска і Масквы вачыма спецыяліста
“У Мінска — дзіўная карма. Кожныя 50 гадоў ён мяняецца да непазнавальнасці, — кажа мой суразмоўца, беларускі архітэктар асяроддзя, эксперт па добраўпарадкаванні і ландшафтнай архітэктуры Андрэй КАРАВЯНСКІ. — Можа, праз 50 гадоў ён будзе падобным да Токіа?” Прапанаваўшы аўтару добраўпарадкавання болей за 80 паркаў і сквераў у Маскве ды іншых гарадах СНД паразважаць над гэтым аспектам культуры дзвюх суседніх сталіц, неўзабаве чую пра схільнасць Мінска да татальнай перабудовы. “У яго вялікі патэнцыял у плане ландшафту, аднак імклівае будаўніцтва апошніх гадоў перашкаджае асэнсаванай эвалюцыі гарадскога асяродку”, — пазначае архітэктар галоўную перавагу і недахоп не толькі паркавага Мінска. Але пакуль да Токіа нам яшчэ далёка, усё ж спрабуем разабрацца ў паркавай карце Мінска.

/i/content/pi/cult/655/14536/16.jpg

Пра апошнія тэндэнцыі

— У СССР існавалі нормы зялёных тэрыторый на чалавека: ад 15 да 25 метраў. Паркі і зялёныя зоны ў гарадах забудоўваць было забаронена. Сёння ў выгоду інвестарам гэтыя прынцыпы парушаюцца. Калі знішчаюцца ўнікальныя зялёныя тэрыторыі, тое, чым горад можа акурат ганарыцца, — пра гэта нельга маўчаць. Мінск быў самым добраўпарадкаваным горадам сярод сталіц савецкіх рэспублік, і менавіта беларускія ландшафтныя архітэктары, нагадаю, атрымалі Дзяржпрэмію СССР за Сляпянскую водную сістэму. Сёння, дзякуючы таму, што адбываецца з забудовай горада, сталіца губляе гэтае першынства. Горад, лічы, пачынае з’ядаць сябе знутры. Бяздумнае ўшчыльненне ў цэнтры мяняе яго аблічча і, па сутнасці, зніштажае тое, чым мы адметныя.

Нішто не перашкаджае развіццю забудовы сталіцы за межамі МКАД — гэты шлях апрабаваны многімі еўрапейскімі, амерыканскімі, канадскімі гарадамі. Аднак у нас аддаюць перавагу забудовам у цэнтры, забіраючы тэрыторыі ў паркавых зон. Гэта непрафесійна і жорстка, і горад толькі калечыць.

Дыферэнцыяцыя і клопат пра прыроду

Між тым у Мінску ёсць свой паркавы асяродак. І ён выяўляецца ў функцыянальнай рознасці паркаў, якія можна падзяліць на пэўныя групы. Да прыкладу, паркам ціхага адпачынку я б назваў Купалаўскі. Ён зручны для людзей сталага веку, мам з дзецьмі. Спецыялізацыю на дзіцячую аўдыторыю трымае Парк імя Максіма Горкага. У ім адчуваецца пэўны недахоп цікавых пляцовак і ігравых формаў для дзяцей, але ў цэлым сваю ролю ён выконвае. Ёсць урачысты і патрыятычны Парк імя Перамогі. Калі ўкласці належныя сродкі, паркам спартыўнага плану можа стаць Парк 50-годдзя Кастрычніка.

Гэтая дыферэнцыяцыя выгодна адрознівае мінскую паркавую карту ад маскоўскай. У паркі расійскай сталіцы апошнім часам імкнуцца “ўпіхнуць” усё. Прычым мода на так званыя ўрбаністычныя формы, прызначаныя прывабіць моладзь, часта неапраўданая. Згодна з даследаваннямі, асноўныя наведвальнікі падобных месцаў — акурат людзі сталага веку і сем’і. Так, моладзь таксама ходзіць у паркі, але пасля працы, вучобы ці на выхадныя. Сталыя ж людзі могуць бавіць час там цэлы дзень. Навошта наведвальніку — да прыкладу, прафесару ці жанчыне, якая выбралася ў парк пачытаць кніжку, — модныя металічныя канструкцыі, на якія трэба ўскараскацца? Зразумела, што для іх гэта залішняе, а вось дагледжаны прыродны асяродак, у якім у цішы можна падумаць пра вечнасць, — тое, што трэба. Не заўжды трэба пераўтвараць парк у цырк, каб падкрэсліць яго адметнасць. Часам прырода можа зрабіць болей за нагрувашчванне модных архітэктурных формаў. Мінск у плане клопату пра біяцэноз на галаву вышэйшы за Маскву.

Розныя паркі — розная спецыфіка

Для мяне парк — гэта найперш прастора. Ёсць адкрытыя паркі, ёсць напаўзакрытыя. З пэўнай пейзажнай структурай, лініямі. З відамі, якія адкрываюцца здалёк або зблізку. І біяцэноз, які ўключае прыродны асяродак — дрэвы, насякомыя, птушкі, звяры, — адыгрывае тут ключавую ролю. Сэрца парка — гэта заўжды яго зялёная сетка, а не чалавек. Аб ёй клапоцяцца эколагі, біёлагі, і яна тут — галоўнае. Да прыкладу, падчас гнездавання птушак — з красавіка па жнівень — у некаторых парках уводзяцца абмежаванні на гучныя гукі. Паглядзіце, гэта амаль цэлае лета! Ёсць і іншыя патрабаванні, выкананне якіх жорстка адсочваецца спецыялістамі, і мы гэтыя месцы цэнім менавіта за магчымасць апынуцца ў падобным прыродным атачэнні.

Але ёсць паркі іншай кваліфікацыі, дзе працуе іншы рэжым узаемадзеяння чалавека і прыроды. Гаворка пра паркі культуры і адпачынку. Гэтая форма была прыдумана адмыслова, каб можна было ладзіць мерапрыемствы, не наносячы ўрон прыродзе. Тут прадугледжваецца іншы каэфіцыент колькасці людзей на гектар, іншыя патрабаванні па даглядзе тэрыторыі. Падобная зона можа ўтрымліваць самае рознае напаўненне — ад секцый ушу, ёгі, калі людзі могуць займацца проста на газоне, да канцэртнай пляцоўкі. Аднак у выпадку правядзення масавых мерапрыемстваў узнікаюць ужо іншыя абмежаванні, якія кантралююць МНС ды іншыя службы. Розныя паркі — розная спецыфіка.

Дызайн малых форм “застыў” у 1970-80-х

Калі з клопатам пра біяцэноз паркаў у Мінску ўсё добра, то ў плане архітэктуры, малых формаў, будзем шчырымі, у нас усё “застыла” ў 1970-80 гадах. Поручні, лаўкі, сметніцы…У некаторых выпадках яны выглядаюць не проста састарэлымі, а ўбогімі, страшнымі. А для таго, каб прыдаць іншы выгляд асяродку, шмат і не трэба. У тым жа Парку імя Максіма Горкага не трэба перасаджваць дрэвы, мяняць пакрыццё на дарожках, тут дастаткова паставіць добрыя лаўкі, разбіць сучасныя дзіцячыя пляцоўкі, замяніць урны — і будзе зусім іншы выгляд. Дызайн малых архітэктурных формаў — вось што патрабуе ўвагі горада.

Пра спартыўнае абсталяванне ў парках. Пляцоўкі ёсць, але іх відавочна недастаткова. Мала паркураў, скаладромаў, скейт-зон. Мноства зялёных зон Мінска маюць цудоўныя лінейныя алеі, гэта ніяк не выкарыстоўваецца ў плане стварэння бегавых дарожак. У Маскве, дарэчы, гэты напрамак развіваецца актыўна.

Ды і самае галоўнае — дзіцячыя пляцоўкі. Іх катастрафічна не стае. Большасць, што ў нас ёсць, — надзвычай састарэлыя і прымітыўныя. Сённяшняя маладое пакаленне змянілася, яму ўжо недастаткова адно металічнай краказябры ў двары, якую дзятва магла б уключыць у сваю “гульню ўяўлення”. Сучасная дзіцячая зона павінна ўтрымліваць увагу дзяцей і заахвочваюць іх да руху. Прадстаўнікі інтэрнэт-пакалення хутка пераключаюцца, ім уласцівая іншая канцэнтрацыя ўвагі — моцная, але абмежаваная па часе, — і гэтыя нюансы мусяць улічвацца архітэктарамі. Цяперашнія дзеці гуляюць з адным аб’ектам каля трох хвілін, а далей ім патрэбна новая спажыва для даследавання. У нашым асяродку ніхто не ўлічвае гэтых прынцыпаў і, адпаведна, не ўдасканальваецца і сам асяродак.

Увогуле на падобныя архітэктурныя формы сродкі вылучаюцца настолькі рэдка ці ў такім малым памеры, што пра якасць апошніх і гаварыць не прыходзіцца.

Чаму не прыйсці ў парк паслухаць салаўя?

Безумоўна, паркі могуць расказваць пра грамадства. Сёння вялікі попыт маюць праекты добраўпарадкавання, дзе так званыя малыя архітэктурныя формы стаяць паасобку. Запатрабаваныя крэслы, дзе можа камфортна размясціцца адзін чалавек. Вось я прыходжу ў парк, саджуся ў такое крэсла-ляжак і хачу, каб побач са мной нікога не было. Гэткае эгаістычнае сузіранне. Відаць, людзі хочуць пабыць у адзіноце.

Карыстаюцца попытам і пляцоўкі для дзяцей ці падлеткаў, дзе ёсць wi-fi. Моладзь можа там спакойна “сядзець” у гаджэтах, але ўсё гэта, падкрэслю, адбываецца на свежым паветры, а значыць, карысці для яе здароўя болей, чым калі яна рабіла б тое самае дома.

Просяць у парках або скверах зрабіць крэслы са столікам. Чалавек можа прыйсці з камп’ютарам папрацаваць ці перакусіць падчас ланчу, выпіць кавы, каб не заходзіць у кавярню. Мінск у гэтым стаўленні да культуры адпачынку вельмі адстае, дэманструючы, хутчэй, менталітэт савецкага часу. Але, упэўнены, калі падобныя аб’екты з’явяцца, яны будуць вельмі запатрабаванымі.

Цалкам дарэчнымі ў зялёных зонах мне падаюцца напаўлежакі, дзе чалавек мог бы спакойна паспаць. Сапраўды, чаму мне не прыйсці ў парк паслухаць салаўя? Ды ўвогуле проста падрамаць на свежым паветры? Чаму ў нашай свядомасці гэтая думка нават не ўзнікае? Мне падаецца, яна — цалкам натуральная для падобнага асяродку. Вядома, дзе-небудзь у Шабанах такія аб’екты могуць актыўна выкарыстоўвацца п’яніцамі. Але калі паставіць падобныя крэслы ў месцы, якое добра асвятляецца ўвечары, дзе ёсць нагляд тых жа камер, побач міліцыя — чаму і б не? Паркі — гэта той асяродак, які павінен даваць нам мноства рэжымаў для адпачынку.

Пра рамантыку і хуліганаў

У Маскве шмат паркаў і сквераў знаходзіцца ў зоне зацішша, якое сведчыць хутчэй пра запусценне, чым пра адасобленасць. Гэта тэрыторыі, якія дрэнна даглядаюцца ці зусім не даглядаюцца і паступова становяцца анклавам крымінальнага свету. Варта пра гэта помніць, калі гаворка часам заходзіць пра запушчаныя зялёныя зоны і іх адмысловую рамантыку. Я шмат чуў ад абаронцаў падобных месцаў, што высечка кустоўя і дрэваў адбіваецца на атмасферы парка, але як архітэктар магу зазначыць: фактар бяспекі ў гэтым выпадку значна важнейшы за буйства прыроды. Таму не трэба перагінаць палку ў абароне зялёнай зоны.

У Маскве шмат вандалаў і хуліганаў, спартыўных фанатаў, якія разбіваюць малыя архітэктурныя формы. Мінск у плане культуры гараджан значна перавышае расійскі мегаполіс. Таму, нароўні з істотнымі недахопамі ў развіцці паркавага асяроддзя, у сталіцы Беларусі ёсць і вялікі патэнцыял.

Фота Ксеніі ГАЛУБОВІЧ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"