Аэрастаты, рыцары і водар хлеба

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

У гэтыя выхадныя Мінск адзначае свой 950-гадовы юбілей. Сапраўдны торт і свечкі (у выглядзе салюту) абавязкова будуць, а пра культурныя ды многія іншыя складнікі свята чытайце ў анонсе ад “К”.

/i/content/pi/cult/655/14530/4.jpg9 верасня, субота

Распачнецца святкаванне каля абеліска “Мінск — горад-герой”, дзе ў 11.00 адбудзецца ўрачыстае ўскладанне вянкоў да манумента ад кіраўніцтва горада. Асноўным месцам дзеяння ўсіх мерапрыемстваў стане Няміга — калыска нашага горада.

Зона каля Палаца спорту

Там разгорнецца вялікая гандлёвая зона працягам у два кіламетры. Традыцыйна пройдзе фестываль хлеба, дзе ўсе жадаючыя змогуць набыць свежую выпечку ад вядучых беларускіх хлебазаводаў. Арганізатары запрашаюць пачаставацца вялікім святочным тортам, які будзе зроблены ў выглядзе кветкі з дзевяццю пялёсткамі — адміністратыўнымі раёнамі горада. Важыць салодкі падарунак каля 250 кілаграм.

У 12.00 пачнецца канцэртная праграма з удзелам розных творчых калектываў і зорак беларускай эстрады. У гэты ж час на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў на зялёнай зоне разгорнецца вялікая гістарычная рэканструкцыя “Мінск-старажытны”, якая наглядна раскажа пра гісторыю горада, пачынаючы з яго першай летапіснай згадкі ў XI стагоддзі.

Зялёная зона падзеліцца на некалькі тэматычных платформаў. На галоўнай пляцоўцы распачнуцца сапраўдныя рыцарскія баі, тэатралізаваная масавая бітва, а таксама канцэртная праграма. За “Замкам” можна паўдзельнічаць у розных цікавых віктарынах, прайсці паласу перашкод ці паназіраць за лучнікамі. Сярэднявечныя прадстаўленні, майстар-класы па танцах і многае іншае будзе адбывацца на анімацыйнай платформе. Кірмаш рамеснікаў, кальян Халіфа, манетны двор — усё гэта чакае наведвальнікаў на гандлёвых радах, а ў “Лагеры эпох” арганізатары запрашаюць пазнаёміцца з побытам народаў Старажытнага Рыма, Полацкага княства эпохі вікінгаў, Сярэднявечча, эпохі Напалеона, I і II Сусветных войнаў. А глыбей пазнаёміцца з гісторыяй Мінска можна на навуковай канферэнцыі “Гістарычны цэх”, якая будзе ісці ўвесь дзень.

У 22.00 “J:морс” каля Палаца спорту прадставіць сумесную праграму з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь “Беларускае золата”, у якую ўвайшлі лепшыя песні гурта ў сімфанічнай аранжыроўцы.

Траецкае прадмесце

На плошчы Парыжскай камуны ў 18.00 адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод “Мінчанін года” і святочны канцэрт з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Верхні горад

На плошчы Свабоды ў 12.30 пачнецца цырымонія гашэння паштовага блока пад назвай “950 гадоў з часу першага пісьмовага згадвання Мінска”, для якога спецыяльна вырабілі канверт і памятны штэмпель. Таксама на плошчы увесь дзень будзе працаваць выстава “Горад мой, шаную цябе і люблю”.

Экскурсіі

Усю суботу і нядзелю для мінчукоў і гасцей сталіцы праводзяцца бясплатныя пешыя экскурсіі па старым горадзе па наступных маршрутах: ад Верхняга горада да Кастрычніцкай плошчы, ад Верхняга горада і да Траецкага прадмесця. Пачнуцца пешыя прагулкі каля гарадской ратушы ў 11.00, 15.00 і 17.00. Таксама будзе працаваць і двухпавярховы экскурсійны аўтобус, які пачынае свой шлях ад прыпынку каля ратушы ў 12.00, 14.30 і 17.00.

За межамі цэнтра

Адразу ў некалькіх кропках распачнецца міжнародны фестываль паветраплавання, у якім прымуць удзел каля 40 цеплавых аэрастатаў. Паветраныя шары падымуцца ў неба з пляцовак у аэрапорце Мінск-1, аэрадроме Баравая, каля Нацыянальнай бібліятэкі, у парках “Курасоўшчына” і Дружбы народаў. Увечары гледачоў чакае вельмі прыгожае прадстаўленне: каля дзесяці паветраных шароў пачнуць па чарзе свяціцца пад музыку. Палёты будуць арганізаваныя толькі пры добрых умовах надвор’я.

10 верасня, нядзеля

У наступны дзень свята працягнуць амаль усе фестывалі, выставы і экскурсіі.

На плошчы Свабоды адбудзецца VII гарадскі фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Мастацтва жыць, тварыць мастацтва”, у рамках якога запланавана спецыяльная выстава.

У парку Перамогі ў 14.00 Wargaming прапануюць наведаць “Дзень танкіста”. Там можна будзе сустрэцца з распрацоўшчыкамі вядомай гульні, атрымаць прыемныя падарункі і набыць брэндавыя сувеніры. У парку арганізуюць 45 забаўляльных зон для дзяцей і дарослых, канцэртныя пляцоўкі і фуд-корты.

Таксама ў гэтыя дні кінатэатры горада будуць паказваць дакументальную стужку “Мінск, мая сталіца”.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"