Прамень грузінскага сонца

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

30 мая ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выстаўкі твораў выдатнага грузінскага мастака Ніка Пірасманашвілі, на якой прадстаўлены 24 работы са збораў Нацыянальнага музея Грузіі.

Як вядома, карціны Пірасмані рэдка пакідаюць Тбілісі (у Нацыянальным музеі Грузіі захоўваецца 160 ягоных работ).

Апошняя буйная выстаўка была ў 2006 годзе ў Кіеве. Наступны паказ плануецца ў Парыжы.

Самабытная творчасць Пірасмані з’яўляецца значнай і арыгінальнай часткай грузінскага мастацтва, якое налічвае некалькі стагоддзяў. Ён жыў і ствараў свае карціны на мяжы ХІХ — ХХ стст.

Ніка Пірасмані вылучаўся сярод сваіх суайчыннікаў незвычайным дарам вобразнага і сінтэтычнага ўспрыняцця рэчаіснасці. Яго творчы свет ахопліваў людзей, прыроду, жывёл, а таксама ўсю разнастайнасць прадметнай рэчаіснасці. Для Пірасмані жыццё і мастацтва, мастацтва і чалавек былі цесна ўзаемазвязаны. Найбольш вядомыя яго работы — “Дзяўчынка з паветраным шарам”, “Велікоднае ягня”, “Леў і сонца”, “Асліны мост”, “Сямейны пікнік”, “Батумі”, “Артчальскія прыгажуні”.

Большасць з ацалелых па сёння яго карцін — якраз выявы людзей і жывёл.

Персанажы майстра падаюцца знешне спакойнымі, але ўсе яны напоўнены ўнутраным драматызмам, гэта не канкрэтныя вобразы, а тыпы: дворнік, кухар, катрыншчык. Усе яны нібы пазіруюць перад фотакамерай. Кампазіцыі — дакладныя і статычныя, каларыт — строгі і вытрыманы, а колеры набываюць часцяком сімвалічнае гучанне.

Адкрыццё Пірасманашвілі было цудам, бо яго мастацтва аказалася актуальным і сучасным з пункта гледжання агульнага развіцця мастацтва. Яго творчасць, не залежная ад традыцый прафесійных мастакоў, адпавядала патрабаванням і задачам авангарда. І сёння яна ўспрымаецца як блізкая людзям, выклікае ў нас глыбокія эмоцыі і захапленне.

Дадамо, што выстаўка працуе да 13 жніўня.

 

Матэрыялы пра жыццё і творчасць мастака чытайце ў наступных нумарах “К”.