Тэма сяброўства ды суседства, як падаецца, — асноўная ў творчай дзейнасці нашых рэгіёнаў. Да прыкладу, 12 жніўня Бераставіцкі цэнтр культуры і народнай творчасці (інфармацыя — таксама з сацыяльных сетак) ля вёскі Старынцы ладзіў шосты па ліку адкрыты раённы фестываль радыёкіруемых мадэляў “Бераставіца запрашае сяброў”. Авіямадэлісты сабраліся з усёй Беларусі. Можна было палюбавацца аэрафрыстайлам, паветранымі баямі, выставай мадэляў. Даволі арыгінальнае і відовішчнае мерапрыемства. Але, на мой погляд, як след не раскручанае. У тым ліку, і па той прычыне, што мае даволі распаўсюджаную назву. Дарэчы, “К” пісала пра гэта ў свой час. Я ў дадзеным выпадку — за нэймінг ды рэбрэндзінг. А новая назва можа быць і такой — “Неба, крылы і сябры”.
Тэму сяброўства працягвае вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гардзейчык. Яна таксама напісала пра брэндавую акцыю — фэст кветак “Святочны феерверк” у гарадскім пасёлку Жалудок. Арганізатарамі мерапрыемства сталі Жалудоцкі сельскі выканаўчы камітэт і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама. Фэст існуе ўжо дзесяць гадоў і мае сталае сяброўскае кола. У ім пастаянна бяруць удзел прадпрыемствы, арганізацыі, установы, сельсаветы раёна, а таксама — фермеры, рамеснікі, якія “па сумяшчальніцтве” — яшчэ і кветкаводы. Падчас свята прэзентуюцца кветкавыя кампазіцыі, букеты, касцюмы і каптуркі з кветак. “У канцэртнай праграме, — піша Наталля Гардзейчык, — удзельнічалі салісты Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, ансамбль беларускай песні “Сябрына”.
На Беларусі ўсе — сваякі, суседзі ці родзічы. Інакш кажучы, шануюць радзіму ды яе гісторыю. Пра гэта нам паведаміў наш пазаштатны аўтар з аграгарадка Сямёнавічы Уздзенскага раёна Міхаіл Чыгір. Ён пабываў на памінальнай імшы па Мікалаю і Магдалене Радзівілам у былым маёнтку Кухцічы. Дзякуючы турботам асветніцы выдавалася газета “Наша ніва”, прапагандавалася родная мова, утвараліся беларускія школкі. Прах княгіні прывёз у Беларусь намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі Аляксандр Сапега.
Сяброў мы ўшаноўваем падарункамі. Маленькія сябры любяць цукеркі і ведаюць, што ў аграгарадку Кальчуны на Ашмяншчыне, існуе Ледзянцовая краіна. Прынамсі, тут 13 жніўня мясцовыя работнікі культуры зладзілі свята “Ледзянцовы феерверк”. Радасці было — мора! Толькі юным аматарам цукерачных прысмакаў варта ведаць, што існуе яшчэ не вельмі добрая краіна Карыесу. Так што сябраваць неабходна не толькі з Чупам ды Чупсам, але і з зубной шчоткай.
Яшчэ адно свята на Ашмяншчыне: “Майстэрства рук і сэрца”. Прайшло яно ў вёсцы Паляны і аб’яднала аматараў народных рамёстваў. Тут можна было прыдбаць ручнік, кераміку, нават мыла ручной работы. Словам, мясцовыя вяскоўцы — усе “рукастыя”. Свята адбылося ўпершыню, але абяцае стаць пастаянным.
Нашы шматлікія самадзейныя калектывы таксама аб’яднаныя сяброўствам ды любоўю да нацыянальнай культурнай спадчыны. Да прыкладу, фальклорны гурт “Лутава”, што на Лоеўшчыне, адзначае 30-годдзе. Пра гэта нам паведаміла сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Кручэнка. “Вёскі Глушэц, Новая і Старая Лутава, — піша яна, — з’яўляюцца вытокамі песеннага майстэрства. Тут і нарадзілася “Лутава”. Яе ўдзельніцы — дзеці вайны, памятаюць фарсіраванне Дняпра ў кастрычніку 1943-га. Многія салісткі, на вялікі жаль, ужо пайшлі з жыцця. А кіруе “Лутавай” Тамара Шапавала, якая працуе ў культуры 48 гадоў, была кінамеханікам, загадчыкам бібліятэкі. Цяпер у гурце — Таццяна Хлебіна, Ганна Чарнянок, Валянціна Кошчанка. На рэпетыцыі яны збіраюцца ці то ў Глушцы, ці то ў Лутаве”.
”Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль, прайшоўшы праз безліч выпрабаванняў, ніколі не губляў веры ў чалавека”, — метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз піша, што літаратурная гадзіна з нагоды стагоддзя з дня нараджэння Янкі Брыля называлася “Насустрач любові людской”. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка быў звязаны і з Карэліцкай зямлёй. На мерапрыемстве прысутнічала дачка Янкі Брыля Наталля Іванаўна, якая распавяла шмат цікавага пра бацьку.
Час ужо энцыклапедыю складаць па беларускіх святах. Чарговае, якое прайшло 12 жніўня ў аграгарадку Мазалава (Віцебскі раён), прысвечана калодзежу. Вяскоўцы называюць яго “Шульцавым”. Знаходзіцца калодзеж на левым беразе рэчкі Лужаснянкі, дзе спаконвечна шмат гаючых крыніц. А побач, на правым беразе, — помнік архітэктуры XIX стагоддзя, сядзібны дом Ігната Манькоўскага. Рабілі калодзеж гаспадары бліжэйшых падворкаў, у тым ліку і Васіль Шульцаў. Адсюль — і назва. Калодзежы таксама людзей яднаюць. Напісаў пра гэта Андрэй Струнчанка.
Віка Лапцінская — з Оршы, Аня Мамантава — з Барані. Пасябраваць іх прымусіла музыка. Васьмігадовыя дзяўчынкі — гэта інструментальны дуэт “АніВікс” з Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3. Аня грае на цымбалах, Віка — на фартэпіяна. Настаўнік установы Наталля Латышава паведаміла, што згаданы дуэт стаў уладальнікам Гран-пры IV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Лідскі вянок”. Змагацца дзяўчынкам прыйшлося з 57-ю інструментальнымі ансамблямі з Літвы і Беларусі.