Аддаць усё…

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

Дзе баланс паміж культурнымі правамі чалавека і манаполіяй аўтара?
Восенню на разгляд у Палату прадстаўнікоў павінны патрапіць папраўкі ў Закон аб аўтарскім праве. Мы ўжо распавядалі, якія пытанні паўсталі перад распрацоўшчыкамі змяненняў і дапаўненняў (“К” №19). Сярод найбольш дыскусійных — розгалас вакол дагаварных адносін. У заканадаўства прапануецца ўвесці спрошчаны механізм заключэння ліцэнзійнага дагавору па прынцыпе адкрытых ліцэнзій. Паспрабуем разабрацца, у чым іх асноўныя прынцыпы, як яны дзейнічаюць і ці запатрабавана гэтая форма ў рэаліях Беларусі.

/i/content/pi/cult/654/14514/12.jpgМоднае ці карыснае?

На вясновым “круглым стале“ ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, што быў прысвечаны, у тым ліку, і пытанню публічных дагавораў, начальнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Бічурын зазначыў, што лічыць тэму адкрытых ліцэнзій хутчэй моднай, чым злабадзённай. Тым не менш, ужо ўлетку Пастаянная камісія Палаты прастаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці публічна аб’явіла, што ў беларускае заканадаўства аб аўтарскім праве плануецца ўвесці адкрытыя ліцэнзіі Creative Commons.

У чым сутнасць саміх ліцэнзій і іх прававых інструментаў? Яны даюць магчымасць і асобнаму аўтару, і буйной кампаніі з дапамогай стандартызаваных дагавораў хутка і лёгка выдаць дазвол на выкарыстанне твора на сваіх умовах неабмежаванай колькасці людзей. Такім чынам, Creative Commons вызваляюць карыстальнікаў кантэнта ад шматлікіх абмежаванняў, прадугледжаных класічным законам аб аўтарскім праве, але пакідаюць у прававых межах, не дазваляючы выдаваць чужы твор за свой.

Зручнасць такой сістэмы хутка зразумела інтэрнэт-супольнасць. У сеціве безупынна капіруюць, распаўсюджваюць, рэдагуюць, мікшыруюць і бяруць за аснову кантэнт, які віруе ў анлайн-прасторах. Са з’яўленнем адкрытых ліцэнзій усё гэта можна рабіць, не баючыся атрымаць судовую позву ад пакрыўджанага аўтара: Creative Commons уводзіць тыя дзеянні ў прававое рэчышча.

У свеце Creative Commons сталі папулярызавацца на пачатку бягучага стагоддзя. За 10 гадоў існавання гэтай некамерцыйнай арганізацыі да яе далучыліся больш за 100 аб’яднанняў у розных частках планеты. Напрыканцы 2012 года філіял Creative Commons з’явіўся і ў Беларусі. Спікеры аб’яднання актыўна выступаюць у рэгіёнах, ладзяць у навучальных установах і бібліятэках лекцыі і воркшопы, каб падзяліцца з ахвочымі людзьмі досведам і дапамагчы ім перавесці свае намаганні ў практычны аспект.

Каб не ператварыцца ў маніпуляванне…

Чаму з’явіўся цэлы пласт людзей, незадаволеных класічным аўтарскім правам? Часам абарона правоў аднаго зацікаўленага боку можа перакрыць доступ да новых ведаў, найноўшых тэхналогій усім тым, хто не мае сродкаў — і размова тут часцей за ўсё ідзе не пра пад’ёмныя сярэднестатэстычнаму чалавеку сумы — каб набыць гэтую прарыўную інфармацыю. Каардынатар беларускага філіяла некамерцыйнай арганізацыі Creative Commons Міхаіл Воўчак гаворыць, што аўтарскае права ва ўсіх замежных падручніках трактуецца, як манаполія:

— За мяжой яно ўсё часцей становіцца інструментам вялікіх бізнесаў. Вакол яго круцяцца інтарэсы карпарацый, крэатыўных індустрый, дыстрыб’ютараў, прамоўтараў: яны зацікаўлены ў тым, каб заваёўваць новыя рынкі, абмяжоўваючы доступ да іх астатнім. Насамрэч для грамадства такая культурная манаполія хутчэй шкодная, бо змяншае разнастайнасць прадукту. Калі вялікі брэнд прасоўвае адно свае інтарэсы і засуджвае тых, хто пасягае на яго нішу, узнікае эфект замарожвання: патэнцыйныя творцы вырашаюць лепш не рабіць увогуле, чым нешта вынайсці, а потым мець са сваім творам непрыемнасці ад больш моцных ўдзельнікаў рынку. Але ці магчымы прагрэс і стварэнне ўнікальнага прадукту, калі кожны новы крок трапляе пад забарону?

Парадаксальна, аднак час ад часу праваднікамі тэхналогій, якія яшчэ не засвоіла большасць грамадства, станавіліся “піраты”. Успомнім 1990-я, калі нашым афіцыйным пракатчыкам не хапала грошай на атрыманне правоў на паказ замежных блокбастараў. Каб не развалы з касетамі, ці змаглі б нашыя творцы пабачыць дасягненні сусветнага кінематографа, а пасля пераасэнсаваць і зрабіць на базе гэтага досведу свой унікальны культурны прадукт? Аднак піраты дзейнічаюць па-за межамі права, а адкрытыя ліцэнзіі дазваляюць цывілізаваным шляхам адкрыць доступ да ведаў тым, хто не мае фінансавай магчымасці іх набыць.

Манетызаваць бясплатны дазвол

Уласна, я заўсёды ўспрымала заканадаўства, датычнае інтэлектуальнай маёмасці, як інструмент дапамогі аўтару, не ў апошнюю чаргу — дапамогі фінансавай. Няма чаго хаваць: нашыя творцы — пісьменнікі, кампазітары, рэжысёры, мастакі і іншыя высока паважаныя людзі, сярод якіх нямала народных і заслужаных — не шыкуюць. Аўтарскія адлічэнні даюць не так многа грошай, як таго, можа, і хацелася б, але фінансава падтрымліваюць і стымулююць на далейшую творчасць. Механізм адкрытых ліцэнзій прадугледжвае, што ўзяць нечы твор як у асабістых, так і ў камерцыйных мэтах (тут усё будзе залежыць ад тыпу ліцэнзіі) можна задарма — карыстальнік толькі павінен указаць імя аўтара ці крыніцу, адкуль узяты матэрыял. У гэтым месцы напрошваецца пытанне: за кошт чаго тады існаваць аўтару?

Міхаіл Воўчак запэўнівае, што на кантэнце з адкрытым доступам таксама можна зарабляць, толькі крыніца фінансавання будзе нязвыклая для большасці:

— Сучасныя тэхналогіі даюць аўтару магчымасць стварыць вакол сябе камьюніці, якое будзе купляць усё звязанае з ім: выданні з аўтографам, білеты на вечарыну з яго ўдзелам, уваходныя на яго лекцыі, семінары, трэнінгі. Успомніце хаця б, які натоўп не так даўно сабраў малады блогер: бясплатны кантэнт даў яму некалькі тысяч прыхільнікаў, а высокі паказчык праглядаў — добрыя рэкламныя кантракты. Адносіны з аўдыторыяй павінны будавацца на даверы. Многія з прагрэсіўных папулярных пісьменнікаў выкладаюць у вольны доступ свае кнігі, хаця іх наклад яшчэ ляжыць у кнігарнях. Такі творца дакладна ведае: сённяшні анлайн-чытач заўтра пойдзе ў краму і набудзе два-тры асобнікі  — для хатняй бібліятэкі і ў падарунак сябрам. Гэта вельмі важны момант, каб пераасэнсаваць правілы вядзення бізнесу і стаўленне гандляроў аўтарскім кантэнтам да людзей.

Да слова, беларускі філіял Creative Commons ужо распрацаваў серыю лекцый на гэтую тэму, каб дапамагчы суайчыннікам разабрацца, як можна творчыя планы паставіць на эканамічныя рэйкі.

Змены. Рэальныя і пажаданыя

Адкрытыя ліцэнзіі дазваляюць аўтарам распараджацца сучаснымі тэхналогіямі на сваю карысць. Спадар Міхаіл задаволены, што нарматыўныя дакументы неўзабаве пачнуць улічваць тыя прынцыпы, якія ўжо існуюць у грамадстве. Але яго насцярожвае факт, што прызнаны ў свеце механізм дзеяння адкрытых ліцэнзій у беларускім варыянце можа прыняць усечаны выгляд. Каардынатар нагадвае: у арыгінальным пагадненні Creative Commons пазначана, што гэтая ліцэнзія дзейнічае на працягу ўсяго тэрміна існавання аўтарскага права. Айчынныя заканатворцы хочуць ўвесці пяцігадовае дзеянне ліцэнзіі (пад новаўвядзенне не падпадуць камп’ютарныя праграмы і базы даных ). Іншымі словамі, калі аўтар у дамове не пазначыць іншы тэрмін, па змоўчванні праз пяць гадоў ліцэнзія анулюецца.

— Гэты нюанс можа стаць сапраўднай пасткай і ўнесці хаос у інтэрнэт-прастору, — хвалюецца Міхаіл Воўчак. — Прывядзём такі прыклад: хтосьці уманціруе кадры з фільма ў відэакалаж, а праз пяць гадоў праваўладальнік пачне патрабаваць з яго аўтарскія адлічэнні.

Яшчэ адно пажаданне законатворцаў, не прадугледжанае традыцыйным пагадненнем Creative Commons — даць магчымасць аўтару адклікаць адкрытую ліцэнзію. Па меркаванні спадара Міхаіла, добрае на першы погляд памкненне можа стаць нагодай для маніпуляцый:

— Неабароненымі ізноў апынуцца карыстальнікі: яны могуць сумленна спажываць кантэнт з пазнакай адкрытай ліцэнзіі на тэрмін існавання аўтарскага права, а праз 10 — 20 гадоў стваральнік раптам адкліча ліцэнзію. У такім выпадку без судовых разбораў не абыдзецца… Усё ж закон павінен забяспечваць устойлівасць, а не станавіцца інструментам для маніпуляцый.

Суразмоўца пералічвае недапрацоўкі, якія ўжо бачныя тым, хто шчыльна займаецца на практыцы аўтарскім правам. У новых папраўках пакуль ніяк не ўлічаны так званыя сіроцкія творы: штодзённа ў сеціве ствараецца безліч файлаў, аўтар якіх невядомы або не адгукаецца. Няма ў асноватворным дакуменце і правіл па алічбоўцы кнігі, аўтар якой, напрыклад, знік немаведама куды: колькі трэба шукаць яго перад тым, як з’явіцца магчымасць легальна зрабіць электронны аналаг такога твора?

Сёлета Беларусь вырашыла далучыцца да маракешскага дагавору, які тычыцца людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўспрыняцця друкаванай інфармацыі і прадугледжвае пашырэнне выпадкаў, калі ім дазволена бязвыплатнае выкарыстанне аб’ектаў аўтарскага права. Аднак візаві засмучаны, што ў сённяшніх праўках фігурыруе вельмі значнае абмежаванне: твор павінен быць у месцы і фармаце, закрытымі для шырокага доступу.

— Тады як да яго дабярэцца той самы чалавек з паслабленым зрокам? — задаецца ён пытаннем. — Хочацца верыць, што ў канчатковым варыянце заканатворцы прапішуць дакладны алгарытм правапрымянення гэтага артыкулу.

Падобных пытанняў шмат, а часу, каб выверыць усе нюансы, скласці сапраўды прадуманы дакумент, які б прадугледжваў магчымыя варыянты развіцця падзей, застаецца ўсё менш. Мой суразмоўца каментуе сітуацыю такім чынам:

— Хацелася б, каб усё ўлічылі сёлета, бо невядома, калі наступны раз будуць удакладняць заканадаўства. І ёсць небяспека, што мы адстанем ад перадавых дзяржаў. Тым болей, у ХХІ стагоддзі крэатыўны кантэнт становіцца вядучым ў эканоміцы, і важна не заставацца ў баку ад сусветных тэндэнцый. У тым ліку — на заканадаўчым узроўні.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"