Шык і меч

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

Жаноцкасць пад бронзавым панцырам
Помнік княгіні Анастасіі Слуцкай — заступніцы беларускага горада, які ўзгадваецца яшчэ ў “Аповесці мінулых гадоў” — усталявалі летась да 900-годдзя Слуцка. Вобраз арыстакраткі-ваяўніцы створаны скульптарам Сяргеем АГАНАВЫМ. Пра тое, як “скроіць” спадніцу, якая пасавала б даспехам, і прымірыць бронзу з гранітам — у размове з мастаком.

/i/content/pi/cult/654/14512/9.jpgВымушаная ваяўнічасць

— Партрэтаў княгіні Анастасіі Слуцкай не захавалася. Якой уяўляеце яе знешне і па характары?

— Разумеў, што нельга рабіць валькірыю, якая скача верхам на кані і махае “шашкай”. Анастасія Слуцкая бярэ ў рукі меч пасля смерці мужа. Яе ваяўнічасць — вымушаная. Яна абараняе сваё княства. Не ведаю, была яна прыгажуняй ці не. Перагледзеў мноства партрэтаў яе сучасніц, гэта канец XV — першая палова XVI стагоддзяў. Спрабаваў розныя варыянты. Жорсткія скулы рабілі яе залішне грознай. Трохі змякчыў. Было цікава развіць такі вобраз, калі жаноцкасць схаваная пад жалезным панцырам.

— Не было спакусы “спісаць” знешнасць Анастасіі Слуцкай са Святланы Зелянкоўскай, якая сыграла гэтую ролю ў кіно?

— Фільм бачыў. Але катэгарычна супраць таго, каб скульптура паўтарала кіно. Гэта выглядала б як помнік адной ролі.

Гранітная спадніца

— Скульптура выканана часткова ў бронзе, часткова ў граніце. Тэхнічна складаная праца. Гэта быў выклік самому сабе?

— У маіх калег ёсць куды больш складаныя працы. Але на сёння для мяне помнік Анастасіі Слуцкай — перамога над сабой. Конкурс абвясціла Міністэрства культуры. Месяц-паўтара было на тое, каб зрабіць эскіз у матэрыяле і падаць дакументы. Для параўнання: у савецкія часы конкурс мог праходзіць каля года. Праводзіліся грамадскія абмеркаванні. Сказаў сабе: калі якое-небудзь цікавае рашэнне народзіцца, тады буду ўдзельнічаць. Не дык не. Зрабіў дзве мадэлі вышынёй сантыметраў па 45. Быў упэўнены, што нават калі камісія абярэ мой варыянт, то спыніцца на класічным рашэнні — у бронзе. Але большасці спадабаўся камбінаваны варыянт, дзе спадніца зроблена з каменя. Толькі тады ўсвядоміў — усё, назад дарогі няма. Я ж і сам не ўяўляў спачатку, як “падагнаць” спадніцу да даспехаў. Граніт — гэта ж не пластылін. Самая малая памылка — і камень мог трэснуць, раскалоцца. Увесь час быў страх, а раптам “верх” і “ніз” крыва злучацца? Валодзя Шпакоў, вопытны каменячос, супакойваў, што ўсё будзе добра. З камандай пашанцавала, добра спрацавалі. Нервовае напружанне не адпускала да той пары, пакуль скульптура не стала на пастамент у Слуцку.

— Ці ўдалося ажыццявіць творчую задуму?

— Так, і я разумею, як мне пашанцавала. Таму што бываюць такія сітуацыі: мы тут эскізік намалявалі, зляпіце нам штосьці падобнае. Але павінна быць дадзена свабода ў інтэрпрэтацыі тэмы. Усе ад гэтага толькі выйграюць. Для сябе даўно вырашыў удзельнічаць толькі ў тых конкурсах, якія мне цікавыя. Інакш лёгка стаць шабашнікам, а хочацца ўсё ж такі заставацца мастаком. Але размовы кшталту “я ўвесь такі творчы” не для майго ўзросту. У мяне ёсць сям’я. Натуральна, думаю пра заробак. Галоўнае, правільна размеркаваць час. Пакінуць некалькі гадзін, каб паляпіць нейкія рэчы проста для сябе. Так узнікла серыя прац “З легенд і казак”. Было сумна чытаць сыну пра Курачку Рабу і я распавядаў яму міфы. Але, скажам так, у вольнай форме. Прыдумляў гісторыі, як ён вандруе разам з арганаўтамі ў Калхіду за залатым руном. Натуральна, усё заканчвалася добра, ніхто не гінуў. Мяне самога так захапіла гэта гульня, што паспрабаваў уявіць гісторыі ў станковых скульптурах.

/i/content/pi/cult/654/14512/10.jpgНесур'ёзныя скульптуры

— Сын ацаніў?

— Калісьці я пажартаваў, што мае працы — яго спадчына. І ён жыве з гэтым адчуваннем. Калі штосьці набываюць, ён жартуе: “Спадчыну маю распрадаеш?” Цяпер Кірылу 12 гадоў. Калі быў маладзейшы, захапляўся рыцарамі. Памятаю, да Новага года зрабіў яму шлем з пап’е-машэ, жонка пашыла карнавальны касцюм. Сын быў вельмі задаволены. Заснуў на драўляным кані. Так узнікла ідэя работы “Сон воіна”. Але спачатку не думаў выстаўляць гэтыя скульптуры. Мне падалося, несур’ёзна… Нейкіх глабальных ідэй у іх няма. Нават бацьку (скульптару Льву Аганаву) спачатку не паказваў. У яго акадэмічная адукацыя — інстытут імя Рэпіна (сёння гэта Санкт-Пецярбургскі акадэмічны інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Ільі Рэпіна). Там усялякае адступленне ад класічнай школы расцэньвалася як непрафесіяналізм. Калі ў маладыя гады бацька вырашыў увайсці ў Саюз мастакоў, паехаў за рэкамендацыямі да педагогаў у Ленінград. Паказаў фотаздымкі сваіх прац — гэта драўляныя скульптуры на тэму фальклору і міфаў у Наваполацку. Вядомы савецкі скульптар Веніямін Пінчук паглядзеў: “Сышоў у дэкаратыўшчыну, значыць?” У інстытуце імя Рэпіна скульптуру ўспрымалі выключна як помнік ці манументальную кампазіцыю. Пашанцавала, што тыя фотаздымкі ўбачыў іншы педагог кафедры — Міхаіл Анікушын. Ён сказаў: “О, якія працы цікавыя!” І сеў пісаць рэкамендацыйны ліст. Пінчук неяк адразу перадумаў і таксама пагадзіўся.

— Тыя драўляныя скульптуры захаваліся?

— Большасць прац не ўдалося зберагчы ад разбурэння, хаця бацька і апрацоўваў дрэва спецыяльнымі сродкамі. Распавядаў, што аднойчы з вакна аўтобуса ўбачыў, як яго скульптуру фарбуюць у ружовы колер. Быццам нейкі плот. Для драўлянай працы гэта раўназначна таму, што абматаць яе поліэтыленам. Так яна хутчэй пачынае гніць.

— Але навошта фарбаваць?

— Памятаю, у Полацку каля вакзала стаяў Ільіч. Я быў упэўнены, што ён бетонны. Але не, аказваецца, бронзавы. Проста яго ўвесь час фарбавалі. Ці яшчэ прыклад з Наваполацка. У фантане скульптура хлопчыка на шары. Бронза з часам пацямнела, што натуральна. І яе пафарбавалі. Нехта, мабыць, вырашыў, што так прыгажэй. Але калі гуляеш па Празе і бачыш работы, якія за гады пакрыліся пацінай, разумееш, што яны ад гэтага толькі выйграюць. Галубы яшчэ больш “пацінуюць” скульптуру. Ва ўсім гэтым жыццё.

Ірына ЮДЗІНА