“Лявоніха” ў Паднябеснай

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

У гэты чацвер у Кітай адправіўся хор хлопчыкаў і юнакоў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Мэта — удзел у Чэндускiм міжнародным тыднi музыкі для дзіцячых хораў.

/i/content/pi/cult/654/14508/8.jpgВыезд менавіта ў гэту дзяржаву — першы для нашага калектыву, які заваяваў сваім мастацтвам ўжо не адну краіну свету, а таму запрашэнне яго на такі форум у Паднябесную было натуральным.

Па словах дырэктара гімназіі-каледжа Сямёна Клiманава, аднымі з асноўных мэт Тыдня, акрамя дэманстрацыі вакальных навыкаў, стануць знаёмства артыстаў з творчасцю адно аднаго, з культурай розных краін, ўзаемаабмен вопытам. Таму вялікае месца будзе адведзена зносінам паміж калектывамі, правядзенню майстар-класаў, творчых сустрэч. Але, вядома, нашы суайчыннікі дадуць і шэраг канцэртаў, сярод якіх выступы ў Сычуаньскай кансерваторыі горада Чэнду, на тэлебачанні, на сумесным мерапрыемстве з удзелам кітайскіх, паўднёвакарэйскіх, італьянскіх, французскіх, расійскіх калег.

— Мы павязем сучасную беларускую духоўную музыку, народныя песні ў сучаснай апрацоўцы, калядкі, — кажа кіраўнік хору Павел Шэпелеў. — “Лявоніху” і “Касіў Ясь канюшыну” ў Кітаі абавязкова пачуюць!

А прыемным сюрпрызам для гаспадароў Тыдня стане адзін з твораў Сычуаньскай правінцыі, якi наш калектыў па просьбе арганізатараў форуму спецыяльна да яго падрыхтаваў.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"