Чакаючы прызавога “Віцязя”

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

Нягледзячы на пачатак лета і прадчуванне адпачынкавай “сіесты”, айчынныя кінематаграфісты не спыняюць сваю працу. На Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” завяршыўся здымачны перыяд адразу дзвюх поўнаметражных стужак.

У аснове першай з іх — “Зграі” рэжысёра Дзмітрыя Зайцава, якая распавядае аб праблемах бацькоў і дзяцей, — біяграфічныя факты самога рэжысёра.

Другая стужка — двухсерыйны фільм “Пакуль мы жывыя”. Яго рэжысёр Сяргей Сычоў акурат у дзень завяршэння здымак адзначыў і свой уласны дзень нараджэння.

Дарэчы, віншаванні ў гэтыя дні атрымлівае і малады кінарэжысёр Ірына Волах. Яе дакументальная стужка “У цэнтры Еўропы” была названа “Лепшым дакументальным фільмам” на IV Міжнародным экалагічным кінафестывалі “Экафорум-2008”.

А самай чаканай кінападзеяй гэтага тыдня з’яўляецца ХVІІ Міжнародны кінафестываль “Залаты Віцязь”, які распачаўся ў Маскве 22 мая, а закрываецца акурат сёння, 31 мая. Традыцыйна фестывальная праграма “Залатога Віцязя” проста-такі насычана беларускімі фільмамі. Вось і сёлета ў яе было ўключана 11 нашых стужак.

За перамогу ў самай прэстыжнай намінацыі “Ігравы поўнаметражны фільм” вядзе барацьбу стужка “Ворагі” Марыі Мажар. У конкурсе анімацыйных фільмаў прадстаўлены адразу чатыры беларускія стужкі: “Як зрабіць адкрыццё” Аляксандра Ленкіна, “Беларускія прыказкі” Міхаіла Тумелі, “Тры Янгалы” Юліі Рудзіцкай і плён работы аўтарскага калектыву айчынных аніматараў — “Аповесць мінулых гадоў”.

Сярод дакументальных работ, прадстаўленых “на спаборніцтва” беларусамі, — стужкі “Ва ўсе гэтыя дні” Міхаіла Жданоўскага, “Мама прыйдзе” Галіны Адамовіч і “Мужыкі” Юрыя Азаронка. Акрамя таго, тры нашы стужкі будуць дэманстравацца па-за конкурсам у праграме “Рэлігія і ХХІ стагоддзе”: гэта “Айцец Сергій” Станіслава Гайдука, “Святое месца” Галіны Адамовіч і “Паэма веры” Андрэя Куцілы. А стужкі “Калі твой сын — рэжысёр” Дар’і Юркевіч і “Вяртанне” Дзяніса Галака паспаборнічаюць у намінацыі студэнцкіх і дэбютных работ.

“Залаты Віцязь” — адзін з буйных і прэстыжных кінафорумаў, чыім дэвізам з’яўляецца кансалідацыя творцаў у барацьбе за духоўнасць і супрацьстаянне агрэсіі дэструктыўнасці. І не дзіва, што кола яго ўдзельнікаў год ад года пашыраецца.

Сёлета толькі ў конкурснай праграме форуму заяўлена больш за 220 стужак з 31 краіны свету. І ў кожнай з намінацый міжнароднае журы, па традыцыі, прысудзіць Залатога, Сярэбранага і Бронзавага Віцязяў, а па рашэнні старшынь усіх журы — Гран-пры фестывалю фільму любога жанру.

Дарэчы, беларускія кінематаграфісты таксама прымуць удзел у вырашэнні лёсу фестывальных Віцязяў: да працы ў складзе “судзейскай каманды” запрошаны народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандр Яфрэмаў, кінадраматург Ірына Дзям’янава, рэжысёр анімацыйных фільмаў Аляксандр Ленкін і кінакрытык Людміла Саянкова.

 Таццяна КОМАНАВА