Андрэй Барэйка: “Тое, што сёння называюць музыкай, часта з’яўляецца проста шумам”

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

На адной сцэне 103 музыканты — іграе міжнародны I, Culture Orchestra. Гэта быў чарговы вечар “Класікі ля Ратушы з velcom” на плошчы Свабоды ў Мінску, на якім гучалі Гектор Берліоз, Станіслаў Манюшка і, можна сказаць, эксклюзіў — нядаўна знойдзеная інструментоўка Ферэнца Ліста “Галіцыйскіх танцаў” польскага кампазітара Юліюша Зарэмбскага. Напярэдадні канцэрта дырыжор гэтага маштабнага праекта расіянін Андрэй БАРЭЙКА грунтоўна адказаў на нашы пытанні. А пачалі мы з сур’ёзнага — з тэндэнцый.

/i/content/pi/cult/653/14495/_31A4579.jpg

103 музыканты — міжнародны I, Culture Orchestra — выступілі ў мінулыя выхадныя ў Мінску на плошчы Свабоды.

— Фармат канцэрта на плошчы Свабоды, дзеля якога вы прыехалі ў Мінск, уліваецца ў тэндэнцыю сумяшчэння элітнага і масавага мастацтва — акадэмічная музыка гучыць падчас бясплатнай вулічнай дзеі. Як вы ставіцеся да таго, што класіка выходзіць за межы філармоній і канцэртных залаў?

— Мне падаецца, гэта сумяшчэнне выяўляецца выключна ў тым, што аркестр замест канцэртнай залы грае на вуліцы. Для каго? Для людзей, большасць з якіх не была і, магчыма, ніколі не будзе ў філармоніі, ім цікава ўбачыць нешта незвычайнае — альбо яны проста ішлі міма. У Амерыцы і на платныя канцэрты прыходзяць сем’ямі, сядзяць за столікамі, бавяць час з ежай і пітвом, а музыка з’яўляецца толькі дадаткам. Я не ідэалізую публіку і не будую паветраных замкаў, але перакананы, што падобныя імпрэзы трэба рабіць, інакш мы канчаткова замкнёмся ў вежы са слановай косці. Гэты працэс, на жаль, распачаўся ўжо даўно, класічныя музыканты сталі часткай нейкай эліты. Больш дакладна, нават не самі музыканты, а слухачы — яны абазнаныя і свядома прыходзяць на канкрэтныя імёны. Часта сярод публікі мне не хапае людзей, якім проста цікава паслухаць іншую музыку, у сем’ях якіх не было традыцыі наведваць філармонію, а бацькі выключалі тэлевізар падчас сімфанічных канцэртаў.

— Ці пойдзе наведвальнік бясплатнага канцэрту сімфанічнай музыкі на плошчы Свабоды наступным разам у філармонію?

— Я не вельмі ў гэта веру. З тых, хто будзе на канцэрце ўпершыню, можа, 5 — 10 працэнтаў калі-небудзь зноў прыйдзе на нешта падобнае, яшчэ менш людзей купіць білет у філармонію. Але мяне засмучае іншае — школа перастала займацца выхаваннем глабальным, хаця яна абавязана выхоўваць не толькі матэматыкаў, фізікаў, праграмістаў, разумных і таленавітых людзей у вобласці навукі і тэхналогіі. Я не ведаю, можа, у Беларусі па-іншаму, але ў Амерыцы ўвогуле з гэтым дрэнна, у Еўропе амаль паўсюль дрэнна, прычым ва Усходняй крыху лепш, чым на Захадзе. У Расіі раней у звычайнай агульнаадукацыйнай школе праводзіліся ўрокі музыкі і спеваў, дзеці ведалі, як выглядае скрыпка і чым яна адрозніваецца ад трамбона, ім распавядалі пра кампазітараў, але цяпер нічога падобнага ўжо няма. Возьмем нават такую культурную краіну, як Германія: мая дачка там хадзіла ў школу, і я неяк запытаўся, што яны праходзілі на ўроку музыкі. Як выявілася — гісторыю ансамбля “Бітлз”. Мяне бянтэжыць, што класіка — квінтэсэнцыя прыгожага, добрага, чалавечнага, адфільтраванага стагоддзямі — становіцца набыткам для ўсё меншай часткі людзей, хаця павінна быць наадварот. Яду становіцца ўсё больш, а супрацьяддзем, нават калі яно і ёсць, не карыстаюцца.

— Кажучы пра сферу музыкі, што ў ёй атрута?

— Па-першае, само паняцце музыкі размылася, і сёння пад ім часта маюць на ўвазе проста шум. Ёсць слова muzak — гэта тое, што гучыць у ліфце, універмагу, цырульні, да чаго людзі прызвычаіліся, як да фону. Праз пяць хвілін запытайся, што гэта было, — і ніхто не ўспомніць. Ёсць яшчэ такі кірунак, як new age — увогуле кашмар, бо ён створаны, каб быць недакучлівым, прыемным для слуха, усыпляльным, зноў жа, фонам. Тое, што я назваў, і далёка не толькі гэта, — не музыка, а атрута. Я сам іграў рок, джаз і ведаю, што ёсць таленавітыя музыканты, а ёсць бяздарныя, ёсць вельмі добры джаз і вельмі дрэнны. Альфрэд Шнітке казаў, што эстрада — а гэта ўсё для яго абазначалася словам “эстрада” — ад д’ябла. Я б так не стаў сцвярджаць, бо нават там робіцца шмат цікавага і сапраўднага. Таму я не супраць эстрады — я супраць замбіравання людзей гукамі, якія не маюць сэнсу.

— Вы казалі пра muzak. Але і класіка часам становіцца фонам — на фуршэтах, у крамах, падчас чакання адказу на тэлефонны званок. Сур’ёзная музыка такім чынам выходзіць у іншую сферу, што правакуе фарміраванне новага тыпу яе ўспрыняцця.

— Гэта эрзац. Як ёсць хлеб, а ёсць імітацыя хлеба, таксама ёсць Моцарт у канцэртным выкананні ў зале, а ёсць тое, што грае ў тэлефоне. Калі чалавек не можа дазваніцца, ён, нават не ведаючы гэтую музыку, пачынае яе не любіць, яна выклікае раздражненне — што ў дачыненні да класікі грае адмоўную ролю. Каб я быў начальнікам аддзела маркетынгу ў нейкай фірме, дзе трэба ставіць людзей у чаргу, я б паспрабаваў уключаць шумы прыроды — тое, што расслабляе, а не напружвае, бо голас прыроды нам нашмат бліжэйшы за любыя іншыя гукі.

Класіка гучыць таксама ў выкананні квартэтаў на вяселлях, якія часта граюць так сабе, бо гэта халтура, дадатковы заробак: сёння трэба адыграць чатыры вяселлі, заўтра сіл ужо няма, рукі не падымаюцца, а грошай зарабіць хочацца. Таму часта граюць, як могуць, а людзі думаюць, што гэта і ёсць класічная музыка. Калі чалавек пачуе Марш Мендэльсона ў дрэнным выкананні, ён наўрад ці прасякнецца любоўю да кампазітара.

Некалі я іграў на клавішных інструментах з выдатнымі джазавымі музыкантамі. Яны ведалі, што ў мяне кансерваторская адукацыя, што я пішу музыку, цікаўлюся дырыжыраваннем. Адпаведна іх густам я знайшоў такіх аўтараў XX стагоддзя — складаных для большасці слухачоў — праз якіх мае калегі зацікавіліся класікай. У выніку, наша творчасць пачала спакваля эвалюцыянаваць у бок Ігара Стравінскага і Белы Бартака. Два розныя стылі зблізіліся і нават сталі пранікаць адзін у другі. Зрэшты, той жа Джордж Гершвін пісаў музыку для сімфанічнага аркестра і ствараў знакамітыя песні, у Леанарда Бернстайна ёсць і сімфоніі, і джазавыя кампазіцыі. У 1910 — 1930-я класіка наогул вельмі зблізіліся з джазам. Ды і тых, хто любіць джаз, лягчэй прывабіць канцэртамі класічнай музыкі, чым тых, хто слухае, скажам, Рыгора Лепса і Філіпа Кіркорава. Нічога не кажу пра прафесіяналізм апошніх, ім таксама нялёгка, але гэта не тая музыка, якая цікавіць асабіста мяне.

— Не дзіўна, што вы высока ацэньваеце музычную адукацыю ва Усходняй Еўропе — гэта спадчына Савецкага Саюза, які праз класічную музыку атаясамліваў сябе з высокім. Адсюль і шматлікія музычныя школы, выязныя канцэрты філармоній, сімфоніі па тэлебачанні…

— У часы жалезнай заслоны ў Савецкім Саюзе было мала месцаў, куды можна пайсці, а тэлевізар паказваў у лепшым выпадку тры праграмы. Нешматлікія цікавыя перадачы людзі чакалі цэлы месяц, бо ўсё астатняе немагчыма было глядзець. У кінатэатрах, апроч сацрэалізму, амаль нічога не было. Тое ж самае і ў тэатрах. Замежныя музычныя калектывы нават з сацыялістычных рэспублік прыязджалі надзвычай рэдка. У тым ліку з-за гэтага класіка стала пэўным спосабам катарсісу, людзі слухалі і Густава Малера — не ведаючы нічога ні пра Аўстрыю, ні пра самога Малера — і нават Арнольда Шонберга. Цяпер я чытаю кнігу цудоўнага дырыжора Ігара Блажкова, які быў прапагандыстам сучаснай музыкі ў 1960 — 1970-я гады. Ён расказвае, што сімфонію Антона Вэберна іграў на біс. Цяжка сабе ўявіць, каб сёння дзе-небудзь сімфонію Вэберна ігралі на біс. А тады была велізарная прага да пазнання.

Мая бабуля (яна была бібліятэкарам), калі ішла з раніцы на працу і ведала, што перад канцэртам не паспее зайсці дадому, брала з сабой чаравікі і панчохі, каб у філармоніі пераапрануцца. Яна не магла ўявіць, што туды можна прыйсці ў нейкіх ботах і тоўстых цёплых рэйтузах. Так рабіла большасць жанчын, бо філармонія, без перабольшванняў, была храмам — ледзь не адзіным даступным для савецкага чалавека. У сапраўдную царкву тады не пускалі: ля яе дзяжурылі людзі з фотаапаратамі. На маім курсе двух чалавек выгналі з кансерваторыі і камсамолу толькі з-за таго, што яны пайшлі на велікоднае набажэнства.

Класічная музыка была больш чым проста музыкай — акно ў свет, магчымасць адчуць тое, што паўсядзённае жыццё не давала. Сёння ж у нас інтэрнэт, 150 тэлеканалаў, з канцэртамі прыязджаюць амаль любыя артысты, мы можам самі ездзіць, і таму класіка страціла сваю функцыю. Да ўсяго, яна перастала быць сродкам самааналізу, чалавек больш не шукае ў ёй адказы на свае пытанні.

— У якасці дырыжора вы працавалі ў розных краінах. Па вашых назіраннях, ці імкнуцца маладыя людзі зрабіць кар’еру на ніве акадэмічнай музыкі?

— Ці стануць маладыя людзі, што вырашылі прысвяціць сябе ігры на інструменце, сапраўднымі музыкантамі? Не ўсе, мне падаецца. Таму што імі можна стаць толькі ў добрым аркестры, а каб туды трапіць, трэба прайсці агонь, ваду і медныя трубы. Але тое, што частку свайго жыцця яны правялі з класічнай музыкай — безумоўна, вялікі плюс для іх і для іх будучых дзяцей. Я часта і ахвотна працую з маладзёжнымі аркестрамі, і кіраванне I, Culture Оrchestra — яшчэ адна магчымасць раскапаць нейкую цаліну, бо для гэтых маладых музыкантаў усё новае, яны мала што ведаюць, многія з іх першы раз у жыцці граюць у аркестры. Яны быццам узаранае поле, у якое трэба ўкласці насенне. Гэта не засохлы такыр — ведаеце, у Казахстане такая патрэсканая зямля, якую колькі ні палівай і нешта ў яе ні кідай — нічога не вырасце. Наадварот, яны адкрытыя і гатовы рэпетаваць нават больш, чым мы дамаўляліся. У іх вачах бачыш узрушанне ад таго, што пятнаццаць хвілін таму ўрывак гучаў так, а пасля дасягнення нейкіх поспехаў тое ж самае гучыць па-іншаму. Гэтыя маладыя людзі шчаслівыя, калі адчуваюць: тое, што яны робяць, падабаецца публіцы. Мы ў Варшаве адыгралі канцэрт: калі публіка раўла ад захаплення, яны ззялі.

Гутарыла
Сафія ПАЛЯНСКАЯ