“Такога джазу яшчэ не чулі!”

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

Ён быў першым сярод эстраднікаў СССР, які атрымаў ганаровае званне заслужанага артыста, прычым Беларусі! А потым доўгія дзесяцігоддзі заставаўся адзіным у вялікай краіне інструменталістам-джазменам, які меў гэтае званне! Фільм “Эдзі Рознер” — завершаны, але засталіся дзесяткі сустрэч і адзнятыя шматгадзінныя інтэрв’ю, сотні метраў старой чорна-белай кінастужкі і дзесяткі пажоўклых, выключна чорна-белых, фота з запыленных альбомаў старых музыкантаў-”рознераўцаў”. Усё гэта не “ўціснулася” ў 26-хвілінны фільм пра складаныя ўзаемадачыненні творцы і ўлады. Таму і падзялюся тым цікавым, што не ўвайшло ў мой новы фільм. Таксама — пра чорна-белы лёс кіраўніка легендарнага джаз-аркестра Беларусі.

Пані Iрэна, удава гітарыста Леа Маркавіча

Ах, што за шляхетнасць, што за жаноцкасць! Ходзіць пані з кіёчкам: пераламаныя абедзве шыйкі бёдраў, да таго ж— цяжар 86 гадоў,— і ўзросту яна не хавае, не!.. Але перад камерай — пані пры поўным макіяжы, модна апранутая, з нізкай старасвецкіх караляў на шыі! Яна — і ўжо толькі яна на ўсім белым свеце! — можа сёння яшчэ прыгадаць, якім быў у 1939-ым аркестр, што потым стаў Дзяржаўным джазам БССР, яго першы — славуты і ўрэшце такі гаротны — склад, якімі былі музыканты і між імі — яе будучы муж, гітарыст-спявак Леа Маркавіч, якім быў сам Адзі (тады менавіта так!) Рознер. Ужо пазней, каб не быць цёзкам Гітлера, першую літару імя музыкант змяніў на “Э”.

— О, такі цікавы і дасціпны, мог усю ноч расказваць неверагодныя гісторыі! А якім поспехам карыстаўся ў жанчын — казалі, што ў яго аксамітнае цела! Вядома ж: тройчы на дзень прымаў душ ды штодзень па бутэлечцы парфумы на сябе выплёскваў. Па-руску пісаў без памылак, а гаварыў з акцэнтам.

Тыя, хто меў з Рознерам непасрэдныя стасункі, узгадвалі, што гаварыў на ўсіх еўрапейскіх мовах, і на ўсіх — з акцэнтам.

Часта ўжываў нейкія пакамечаныя “замежныя” выразы, кшталту: “КолоссАль прОграм!” — з націскам на “о”. А лаяўся выключна па-польску: “О, холера ясна!”

Яе Леа, як і Рознер, збег на пачатку верасня 1939-га ад наступлення гітлераўцаў на Польшчу насустрач Чырвонай Арміі — на ўсход, у Беласток: Рознер — адно з трубой, Леа — з гітарай… Вось яна, вельмі старая, з чорнай устаўкай на дэцы каля рэзанатара, з абвіслымі струнамі, знаёмая па фота- і кіназдымках, вісіць на сцяне.

— Гітара — адзінае, што засталося ад Леа... Гэта мой талісман, — у вачах пані Ірэны паказаліся слёзы.

Спрабуем перавесці гаворку на ўспаміны пра верасень 1939-га.

— Мне было семнаццаць, калі на рагу вуліцы, дзе мы жылі, пачаў рэпеціраваць джаз. Мясцовыя жыхары ўсіх музыкантаў ведалі. Леа неяк прыбіўся да нашага дому: зблізіла тое, што размаўляла з ім выключна па-французску. І так было сорак чатыры гады нашага сумеснага жыцця.

Трэба дадаць, што ўвесь век пані Ірэны з Леа прайшоў у Маскве, і тое, што чалавек з музычным слыхам дрэнна гаварыў паруску, здаецца амаль загадкавым. І гэта аднойчы прывяло да сцэнічнага казусу.

Вядомае рознераўскае трыоў складзе Паўла Гофмана, Юрыя Цэйтліна і Леа Маркавіча выконвала гарэзлівую песеньку “Мандаліна, гітара і бас”. І на словах чацвёртага куплета “Они взгляд поднимали к балкону…” выканаўцы звычайна паварочваліся і глядзелі ўбок, бы на балкон, а Леа прытым яшчэ й прыўздымаў акуляры. І вось таго разу музыкі… забыліся, прапусцілі чацвёрты куплет, пераскочылі адразу з трэцяга на пяты — і гэта прытым, што Цэйтлін быў аўтарам тэксту! Аднак Маркавіч, не ўнікаючы ў сэнс, дакладна адлічыўшы куплеты, зірнуў убок і ўзняў акуляры на зусім непадыходзячыя словы. Але набліжаўся фінал, дзе ён павінен быў танюткім фальцэтам зацягнуць: “…і бас!” А, па ягоным падліку, павінны былі праспяваць яшчэ куплет. Дайшлі да фіналу, а ён маўчыць.

Добра, спахапіўся кларнетыст і прайграў тую фразу замест спеву Леа. Канешне, даверлівы глядач прыняў гэта як належнае.

— І вось урэшце іх першы канцэрт. Пасля кожнага нумара гледачы апладзіравалі па пяць хвілін! Беласток такога джаза не чуў! — ганарыцца й сёння пані Ірэна.— Дзевятага Леа зрабіў мне шлюбную прапанову, а ўжо чатырнаццатага я назаўжды пакідала дом бацькоў. Калі мы ад’язджалі — мела семнаццаць гадоў,— з’явілася на вакзал у паласатых “школьных” гетрах. А Рознер, агледзеўшы мяне, усклікнуў: “Леа, ты вязеш з сабой дзіцячы сад?!”

І перагортваюцца, мільгацяць старонкі старога фотаальбома, усплываюць твары музыкантаў — якімі яны былі 70 гадоў таму… Бадай, ніводнаму музычнаму калектыву ў свеце не выпадала такой неверагоднай папулярнасці, як Дзяржаўнаму джаз-аркестру БССР усяго на працягу 1940-га,— і ніякаму музыканту не давялося зляцець з вяршыні фантастычнай славы проста ў ГУЛАГ, на доўгія восем гадоў па артыкуле 58-1А “Здрада радзіме”: за спробу ў лістападзе 1946-га па фіктыўных дакументах эмігрыраваць у Польшчу з жонкай і дачкой.

 

Трубач Уладзімір ЗАБРОДЗІН, былы “рознеравец”

— Пра тое, што хоча з’ехаць, гаварыў часта і пазней, ужо ў 60-я. Аднойчы, прыйшоўшы на рэпетыцыю — ужо ў другі склад аркестра, — сказаў пра вырашанасць ад’езду. Мы, музыканты, падступіліся, сталі пытацца: “Эдзі Ігнатавіч, а што ж з аркестрам? Што з намі ўсімі будзе?” Калектыў быў пад 60 чалавек! “Не ведаю. Не ведаю”, — адказаў. Быццам адмахнуўся. Але нешта тады сарвалося: нікуды не паехаў і некаторы час пра ад’езд не згадваў.

Уладзімір Аляксандравіч і сёння элегантны, сівы, з тонкімі вусікамі.

— Мы ўсе імкнуліся быць падобнымі на Рознера: падбрывалі вусікі і трубу трымалі, як ён, — заклаўшы сярэдні палец левай рукі зверху раструба.

Так, вось фотапартрэт Забродзіна “ў росквіце сіл”: палец ляжыць на трубе, як і на здымку Рознера.

А пра норавы той эпохі сівы музыкант распавядае жудасную гісторыю:

— У Калоннай зале Дома Саюзаў стаіць труна Сталіна. На балконах — два аркестры, у адным з якіх іграў я. Дудзелі па чарзе без перапынку. Тут жа стаялі раскладушкі, каб можна было прылегчы. І вось наш кларнетыст крыху перагнуўся праз бар’ер, каб разглядзець нябожчыка-правадыра, і… у яго саслізнуў каўпачок з муштука. Трапіўшы на крышталёвыя вісюлькі люстры, той нарабіў звону. Раптам на балкон узбеглі чыны са спецаховы, схапілі няшчаснага музыку,— і больш мы яго ніколі не бачылі.

Калі сталі потым здаваць на склад жалобныя касцюмы, вядома ж, не далічыліся аднаго: кларнетыста схапілі, у чым быў.

 

Саксафаніст Ілля АЛЧЭЕЎ, былы “рознеравец”

— Рознер занёс у СССР “бацылу” сапраўднага джаза.

Ілля Аўрамавіч — грэк, нашчадак тых, што яшчэ пры Кацярыне ІІ аселі ў паўднёвай Расіі. Бацькоў Алчэева рэпрэсіравалі, а Ілюша стаў юнгам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, уганараваным баявымі ўзнагародамі.

— Іграў на кларнеце, а пры паступленні ў кансерваторыю пыталіся: “Ці іграеш на саксафоне?” Калі хто адказваў станоўча,— ад варот паварот. Мяне пад час вучобы гэты забаронены інструмент якраз і зацікавіў!

Сапраўдным шокам для ваеннага музыканта стаў канцэрт джаза Рознера ў 1946-ым, які юнак глядзеў з галін дрэва паза сцяной Летняга тэатра ЦДКА.

— Такога ж у нас не было, каб інструменталіст — не спявак, а трубач! — стаў бы зоркай, салістам аркестра!

Альбомаў у яго тры: “біяграфічны” — тут баявое марское мінулае, сям’я, здымкі пры ўсіх ордэнах і нядаўнія, калі атрымліваў узнагароду ад прэзідэнта Грэцыі; “творчы” — шматлікія малыя гурты, у якіх браў удзел саксафаніст-віртуоз, славутыя савецкія джазы Барыса Рэнскага і Аляксандра Цфасмана; і “рознераўскі”— тут Алчэеў іграў і быў канцэртмайстрам “сям’і” з шасці саксафонаў ажно да хваробы, якая амаль супала з расфарміраваннем славутага аркестра.

— Пачалася чарговая кампанія барацьбы з касмапалітызмам, а значыцца, перш за ўсё — з джазам. Вядома ж: Сталін любіў “Суліко”, а Хрушчоў — “Ручнікі”. Усе джаз-аркестры разагналі. Выкруціўся Леанід Уцёсаў, які закрэсліў само слова “джаз”, а на афішы напісаў: “Тэатралізаванае музычнае прадстаўленне”. А Рознеру такая маскіроўка была “не да твару”, ды й не ўдалася б, бо ігралі чысты джаз. Тое й вырашыла гаротны лёс нашага аркестра.

 

Кінарэжысёр Валерый РУБІНЧЫК, сын дырэктара аркестра

— Бацька ставіўся да яго з вялікай пачцівасцю, як да вялікага таленту. Памятаю, сядзелі яны гадзінамі і абмяркоўвалі справы ціхімі галасамі.

І ў Валерыя некалькі фота: вось ён з веласіпедзікам, што падарыў малому Рознер, вось музыкант з бацькамі Валерыя.

Рознер ганарыўся, што сын паплечніка паступіў у ВГИК, і напрыканцы 60-х запрасіў маладога рэжысёра паставіць разам з ім новую — адну з апошніх — праграму джаз-аркестра.

— Трубач ён быў вялікі, можа, нават геніяльны. І такі ж вялікі шоумен. Мая пастаноўка праграмы — без паўз, без аб’явак, а проста нумар за нумарам, песня за песняй “нон-стоп”— мела ў аснове яго ідэю.

Але самым драматычным у біяграфіях і музыканта, і дырэктара быў лістапад 1946-га — тая самая спроба нелегальнага выезду ў Польшчу, дзе ўжо ўсталёўваўся такі ж, як у СССР, камуністычны рэжым.

— Бацьку выклікалі на Лубянку ўвечары. Мы з мамай і ўдзельнікі аркестра ў гатэлі “Масква” чакалі яго суткі ў неверагодным напружанні. Бацьку адпусцілі.

Што адбылося, ведаю з яго слоў.

Дазнанне вёў сам усемагутны міністр Дзяржбяспекі Абакумаў. Пытанне стаяла жорстка: ці ведаў дырэктар пра намер Рознера збегчы з краіны?

— Тата, акрамя таго, што дырэктар і бліжэйшы паплечнік Эдзі Ігнатавіча, быў адзіным у вялікім калектыве членам камуністычнай партыі, ажно з 1932-га, а да таго — адданым камсамольцам.

І на допыце вярталіся да тэмы спробы ўцёку Рознера ўсю ноч.

— Тату неяк удалося пераканаць Абакумава, што ніхто ў аркестры нічога не ведаў. І паступова тон і тэмы пытанняў змяніліся. Абакумаў стаў цікавіцца: як праходзяць рэпетыцыі, хто ладзіць музыкантам такія элегантныя строі, куды аркестр меў намер ехаць на гастролі? А пад раніцу Абакумаў пацікавіўся: “Вы, пэўна, нічога не елі?” І тату прынеслі гарбату і нейкія бутэрброды.

Ужо калі расфарміравалі і апошні, “гомельскі”, склад аркестра, Рознер асабіста сустракаў былога паплечніка на Беларускім вакзале, калі той наязджаў з Мінска, дзе працаваў намеснікам дырэктара Рускага тэатра. Валерый з бацькам часцяком завітвалі да Рознера ў маскоўскі “артыстычны” дом, што ў Карэтным Радзе.

— Не ў госці, не, а так, проста. І яны з бацькам ізноў нешта абмяркоўвалі, хаця ўжо даўно іх творчыя шляхі разышліся.

А здымкаў з самім Валерыем няма.

— Мой лёс звязаны з ім ад нараджэння і да канчатковага ад’езду Рознера з СССР, і я так меркаваў: ну, Эдзі Ігнатавіч — ну, ён быў заўсёды і заўсёды будзе. Неабачлівыя мы…

* * *

Хто яшчэ сёння можа расказаць хаця не пра першы, а пра наступныя склады аркестра Эдзі Рознера? Яго салісткі Ларыса Мондрус, Ніна Бродская (абедзве — далёка за мяжой) і Людміла Гурчанка ўсё, што прыпомнілі, апісалі ў кніжках; Ірына Бржэўская ўзяла ўдзел у нашым фільме.

Другі дырыжор — Аляксей Мажукоў зваліўся з інфарктам. А больш — нікога…

Тыя, хто быў побач з вялікім музыкантам, якога прыгрэла Беларусь, — у нашым фільме “Эдзі Рознер”. Ён — для экрана АНТ. Прэм’ера адбылася 15 мая.

 

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр
На здымках: (уверсе) аркестр у 1960-ыя гады;
музыканты Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР (1940 г.).
Фота з архіва аўтара і ўдзельнікаў фільма