Эквівалент запатрабаванасці

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

24 жніўня адбылася Рэспубліканская педагагічная рада з удзелам Прэзідэнта і прадстаўнікоў урада. На ёй ішла гаворка пра тое, як удасканаліць сістэму адукацыі ў краіне, зрабіць яе больш эфектыўнай і адпаведнай рэаліям суверэннай дзяржавы ў глабальным свеце. Між тым, ужо на наступным тыдні ў ВНУ культуры і мастацтваў прыйдзе новая хваля студэнтаў. Як сведчыць статыстыка, сёлетняя ўступная кампанія абышлася без вялікіх сюрпрызаў.

Эвалюцыя прэстыжнасці

Тое, што мы сёння маем у гэтай сферы, у значнай ступені ўяўляе з сябе спадчыну савецкай эпохі, якую ў нашай краіне — пры непазбежных стратах шэрагу пазіцый — усё ж такі здолелі ў лепшых рысах захаваць. Застаўшыся сам-насам са сваімі праблемамі, лічы, ва ўсіх галінах сацыяльнай практыкі, мы не спакусіліся на рызыкоўныя авантуры з навучальнымі праграмамі і методыкамі выкладання, якія, нібыта, абяцалі імгненную адаптацыю да новых рэалій. Можа, таму сёння і маем даволі эфектыўны шматузроўневы навучальны комплекс — ад дашкольнага выхавання да вышэйшых навучальных устаноў і сістэмы павышэння кваліфікацыі дыпламаваных спецыялістаў.

Але адна справа — быць часткай сістэмы, якая рыхтуе кваліфікаваныя кадры для ўсяго свету ад Балтыкі да Ціхага акіяна, іншая — засяродзіцца на патрэбах кампактнай еўрапейкай краіны, якой з’яўляецца Беларусь. Пра наспелае рэфармаванне сістэмы адукацыі і гаварыў Прэзідэнт на Рэспубліканскай педагагічнай радзе. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы даў зразумець, што “шокавая тэрапія” для беларускай грамады непрымальная: мы не будзем руйнаваць жыццяздольнае, але адновім страчанае. Зразумела, з улікам новых рэалій.

Нават у часы заняпаду эканомікі культура і мастацтва застаюцца канвертуемым капіталам дзяржавы. Пры гэтым трэба браць да ўвагі, што культурныя працэсы маюць сваю логіку, і час ад часу ў мастацтве змяняюцца эстэтычныя і сэнсавыя арыенціры. Гэта ў сваю чаргу адбіваецца на ўзроўні актуалізацыі тых ці іншых творчых спецыяльнасцей — і, зразумела, на лічбах конкурсу абітурыентаў у трох ВНУ, якія рыхтуюць кадры для культуры і мастацтва.

Да прыкладу, згадаю, што быў час, калі ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер — Акадэмія мастацтваў) аддзяленні, якія рыхтавалі жывапісцаў, графікаў і скульптараў, былі для абітурыентаў больш прывабнымі і прэстыжнымі, чым тыя, дзе вучылі дызайну і мастацтву дэкаратыўна-прыкладному. Сёння ж іх рэйтынг, лічы, зраўняўся, некаторыя спецыялізацыі дызайну нават апярэджваюць паводле папулярнасці класічную трыяду жывапіс-графіка-скульптура.

Не надта высокі, але стабільны

/i/content/pi/cult/653/14489/horse 2 copy.jpgСёлета, па афіцыйных звестках, агульны конкурс па БДАМ захаваўся стабільна высокім — хаця па некаторых спецыяльнасцях ёсць і рэгрэс. У сукупнасці, была пададзена 391 заява. Для параўнання: летась — 444. На кожнае месца прэтэндавалі чатыры чалавекі (у 2016 — 4,75). На дзённай форме навучання конкурс быў 2,9 чалавекі, на завочнай — 5,1.

Традыцыйна высокім конкурсам адзначаецца спецыяльнасць “Акцёрскае мастацтва” (11,4 чалавека на месца!). Далей з вялікім адрывам ідуць “Графічны дызайн” (3,0) і “Дызайн віртуальнага асяроддзя” (2,7). На розных спецыяльнасцях факультэта экранных мастацтваў (інакш кажучы, кіно і тэлебачанне) конкурс вагаецца ад 3,8 да 5,0. Ніжні радок рэйтынгу — “Рэжысура тэатра” (1,5), “Мастацтвазнаўства (арганізацыя тэатральнай дзейнасці)” з 1,2 і “Скульптура” (1,4). Мэтавы набор сёлета не ажыццяўляўся з прычыны адсутнасці заявак.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва ахоплівае больш шырокую сферу, чым Акадэмія мастацтваў. Я сказаў бы, што ягоныя выпускнікі шчыруюць у “дэмакратычным” сегменце культурнай прасторы, у той час, як выхаванцы акадэміі бліжэй да “элітарнай” дзейнасці. Хоць у дадзеным выпадку і “дэмакратызм” і “элітарнасць” даволі ўмоўныя. Ва ўніверсітэце конкурс на бюджэтную форму складаў 2,2 чалавека на месца. Найбольш запатрабаванымі аказаліся “Культуралогія”  — 3,7, але два папярэднія гады конкурс тут быў вышэй. А вось паказчык 3,7 чалавека на месца па “Сацыяльна-культурнай дзейнасці” — гэта болей, чым у 2015 і 2016 гадах. “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (рэстаўрацыя вырабаў)” з 2,9 прыблізна адпавядае леташняму ўзроўню.

Конкурс на рэжысуру святаў пераадолеў леташні спад (1,7) і вярнуўся на дакрызісны ўзровень, дасягнуўшы амаль трох чалавек на месца. Стабільным попытам карыстаюцца таксама “Харэаграфічнае мастацтва” (2,55) і “Культурная спадчына і турызм” (2,35).

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі сярэдні конкурс на працягу апошніх гадоў вагаецца ў межах 1,3 — 1,5 чалавека на месца. Гэта і нядзіўна, бо за права на кансерваторскую адукацыю зазвычай змагаюцца не пачаткоўцы, а ўжо даволі сфармаваныя музыканты, якія маюць адукацыю сярэдне-спецыяльную. А такіх, лішне казаць, не можа быць шмат.

Найбольшую папулярнасць традыцыйна мае спецыялізацыя “Акадэмічныя спевы”, дзе на кожнае месца звычайна прэтэндуюць два і болей чалавекі. Таксама папулярныя ў абітурыентаў фартэпіяна, харэаграфія, кампазіцыя, духавыя і ўдарныя інструменты, музыказнаўства.

Канкурэнцыі ніхто не адмяняў

/i/content/pi/cult/653/14489/horse 2-2.jpgПракаментаваць вынікі ўступных экзаменаў у ВНУ культуры і мастацтва наш карэспандэнт папрасіў рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярыну ДУЛАВУ. Тое, што яна казала пра музычную адукацыю, на маю думку, амаль цалкам стасуецца з сітуацыяй і ва Універсітэце культуры і мастацтваў, і ў Акадэміі мастацтваў.

Спадарыня Кацярына лічыць, што творчыя спецыяльнасці маюць шмат агульнага са спортам, дзе на поспех можна разлічваць толькі тады, калі талент будучага чэмпіёна будзе заўважаны ў раннім дзяцінстве, і таму пашчасціць трапіць у рукі добрага трэнера. Маніторынг талентаў трэба пачынаць як мага раней. А яшчэ неабходна дбаць пра тое, каб будучы музыкант, мастак ці тэарэтык мастацтва не толькі атрымаў прафесійныя веды, але і развіў чалавечыя якасці, неабходныя ў жыцці і творчасці. Выпускнік творчай ВНУ мусіць ведаць: з атрыманнем дыплома яго адукацыя не завяршаецца — ды не разлічваць на бесклапотнае жыццё. Зусім не абавязкова там, куды ён трапіць па размеркаванні, яму адразу створаць спрыяльныя ўмовы для творчай самарэалізацыі.

Канкурэнцыі ніхто не адмяняў, і трэба быць гатовым да таго, што за бонусы і преферэнцыі, за прэстыжную працу і высокі статус трэба змагацца. На жаль, маладыя прафесіяналы да гэтага не заўжды падрыхтаваныя. Не ўхваляе Кацярына Мікалаеўна і тых, хто едзе па грошы і творчае самасцвярджэнне за мяжу: на яе думку, там можа годна ўладкавацца толькі той, хто нешта ўяўляе з сябе на Радзіме.

Пры гэтым рэктар Акадэміі музыкі лічыць, што на дзяржаўным узроўні павінны быць здзейснены захады па ўмацаванні сацыяльнага і матэрыяльнага статусу работнікаў культуры. Людзі лепей працуюць, калі ведаюць, што іх праца запатрабаваная. І запатрабаванасць тая выяўляецца таксама і ў матэрыяльным эквіваленце. Зрэшты, пра гэта гаварыў і Прэзідэнт на Рэспубліканскай педагагічнай радзе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"