Пра Скарыну — ва Уроцлаве

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

З 19 па 25 жніўня ва Уроцлаве праходзіў Сусветны бібліятэчны і інфармацыйны кангрэс: 83-я Генеральная канферэнцыя і асамблея Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (ІФЛА).

Сёлетняя тэма кангрэса — “Бібліятэкі. Салідарнасць. Грамадства”. Традыцыйна маштабная падзея сабрала спецыялістаў з усяго свету для абмену вопытам, ідэямі, абмеркавання новых інфармацыйных тэхналогій і дасягненняў у бібліятэчнай справе.

У рамках форуму 19 жніўня адбылося штогадовае рэгіянальнае пасяджэнне прадстаўнікоў бібліятэк краін СНД, на якім выступіла прэзідэнт ІФЛА Донна Шыдэр.

Чынны ўдзел у працы Сусветнага бібліятэчнага і інфармацыйнага кангрэса прыняла і дэлегацыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, віцэ-прэзідэнт Бібліятэчнай Асамблеі Еўразіі Раман Матульскі падчас прывітальнай прамовы азнаёміў прысутных з мерапрыемствамі, якія пройдуць у Беларусі ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, і запрасіў да іх далучыцца.

Упершыню на кангрэсе ІФЛА прагучала выступленне ад Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Яе асноўныя напрамкі дзейнасці агучыла першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі Алена Далгаполава.

Акрамя таго, 21 жніўня ў публічнай бібліятэцы Ніжняй Сілезіі імя Т. Мікульскага адбылася спецыяльная сесія, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Яна стала першым мерапрыемствам у гісторыі штогадовага Сусветнага бібліятэчнага і інфармацыйнага кангрэса, ініцыяваным і арганізаваным Рэспублікай Беларусь. Гэты факт разам з уключэннем юбілею кнігадрукавання ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА пацвярджае значнасць спадчыны Францыска Скарыны для беларускай, усходнеславянскай і ў цэлым еўрапейскай культуры.

Падчас працы сесіі Раман Матульскі прэзентаваў міжнародны навуковы і выдавецкі праект па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, ініцыятарамі і асноўнымі выканаўцамі якога выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і банк БелВЭБ, і распавёў пра гісторыю яго рэалізацыі. Зладжаная праца і прадуктыўнае аб’яднанне патэнцыялу абедзвюх арганізацый дазволілі дасягнуць адзінай мэты — сабраць электронныя копіі размешчаных па ўсім свеце асобнікаў выданняў Ф. Скарыны і ўзнавіць іх у выглядзе калекцыі факсімільных выданняў. У выніку на працягу пяці гадоў (2013 — 2017 гг.) быў надрукаваны 21 том унікальнага выдання.

Напрыканцы мерапрыемства адбылася ўрачыстая цырымонія дарэння шматтомнага факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы, бібліятэкам Уроцлаўскага і Ягелонскага ўніверсітэтаў.

Таксама ўдзельнікі сесіі і калегі з Польшчы атрымалі запрашэнне на Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання” і выставу “Францыск Скарына і яго эпоха”, якія пройдуць у Мінску ў верасні 2017 года.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"