Выходзь на сваю арбіту!

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Адзін з трох беларусаў, які пабываў у космасе не толькі ў сваім уяўленні, не так даўно вярнуўся на гістарычную радзіму — каб адпачыць перад новымі камандзіроўкамі на арбіту, апошняя з якіх доўжылася без малога 197 сутак. Герой Расіі Алег НАВІЦКІ перадаў Музею сучаснай беларускай дзяржаўнасці сцяг нашай краіны, які разам з ім пабываў у космасе. А неўзабаве пасля ўрачыстай цырымоніі касманаўт знайшоў час, каб адказаць на пытанні “К”. І паколькі наша гутарка адбывалася напярэдадні Дня пісьменства, пачалі мы менавіта з тэмы друкаванага слова.

/i/content/pi/cult/652/14477/35 kultura 7.jpg

— Чалавек — асабліва малады — часта “робіць жыццё” паводле тых мадэляў, якія прапануе яму літаратура. А вы па якія кнігі звярталіся ў бібліятэкі роднага Чэрвеня?

— У дзяцінстве я вельмі любіў чытаць прыгодніцкія раманы, ды і сёння час ад часу магу ўзяць у рукі тую ж “Таямнічую выспу” Жуля Верна. Напэўна, я схлушу, калі скажу, што гэта абумовіла мой лёс — тыя рашэнні, якія я рабіў у жыцці, вызначалі самыя розныя фактары. Але нейкі ўплыў, безумоўна, быў.

— А ці часта вам на арбіце даводзілася браць у рукі кнігу?

— Я вельмі цаню шчырасць, і таму прызнаюся: рэдка. Каб вы ведалі, як мала ў нас там вольнага часу і як стамляюцца вочы ад напружанай працы, вы мяне зразумелі б. Ды і не так часта нам кнігі траплялі на станцыю: дастаўка грузаў на Міжнародную каcмічную станцыю — гэта складана і вельмі дорага!

— Ваша пакаленне атрымлівала ўяўленне пра космас найперш дзякуючы фантастычным раманам. Наколькі яно праўдзівае?

— Зразумела, што кнігі і рэальнасць — зусім розныя рэчы. Космас — гэта найперш цяжкая праца, і той рамантыцы, якой прасякнуты старонкі літаратурных твораў, там няма месца. Твой дзень распісаны літаральна па хвілінах, ты ўвесь час пры справе, і за суткі трэба вырашыць мноства як прафесійных, гэтак і побытавых задач. Апісваць нашы будні, напэўна, не так цікава, як ствараць тыя пакручастыя і поўныя драматызму сюжэты, што нязменна прывабліваюць чытача.

— Ці адчувалі вы ў космасе інфармацыйную ізаляцыю ад роднай планеты?

— Ды не. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, мы даволі аператыўна атрымлівалі ўсе навіны з Зямлі. Ты нават можаш папрасіць групу тэхнічнай падтрымкі запампаваць табе той ці іншы фільм. Мне на арбіце вельмі падабалася глядзець старыя савецкія стужкі. Лічу іх папраўдзе неўміручымі!

— Як вядома, перад стартам на Байкануры касманаўты ладзяць калектыўны прагляд “Белага сонца пустэльні”. Чым абумоўлены такі выбар?

— Гэта даўняя наша традыцыя, вытокі якой сёння ніхто ўжо, пэўна, не ўспомніць. Мусіць, некалі пасля прагляду “Белага сонца...” быў удалы старт, і з таго часу з’явілася такая завядзёнка. Пакуль працуе!

— Вам даводзілася кіраваць міжнародным экіпажам, у які ўваходзілі амерыканка і француз. Ці даваліся ў знакі культурныя адрозненні паміж вамі? Ці не ўзнікала пэўных непаразуменняў?

— Ніякіх непаразуменняў не было, і адносіны паміж намі заўсёды складаліся вельмі прыязныя. Ведаеце, у касманаўтаў ёсць своеасаблівы кодэкс этыкі, і кожны з нас разумее, наколькі важна яго прытрымлівацца — асабліва калі ты праводзіш шмат месяцаў у невялічкім замкнёным калектыве, пакінуць які няма ніякай магчымасці. Псіхалагічная сумяшчальнасць экіпажа і канструктыўнасць нашых стасункаў паміж сабой надзвычай істотныя для плённага выканання заданняў.

— А ці знаёмілі вы адно аднаго з традыцыямі сваіх краін?

— Добрай завядзёнкай у нас сталі сумесныя вячэры, якія ладзіліся прыкладна раз на тыдзень. У гэтую суботу я, што называецца, накрываю на стол (вы ж разумееце, наколькі ў космасе гэты выраз умоўны!), частуючы француза і амерыканку звыклымі для славян стравамі. Наступным разам — нехта з маіх калег… І гэта моцна спрыяла нашаму паразуменню.

 — Фота Мінска, зробленае вамі з космасу і размешчанае ў сетцы Instagram, выклікала бурлівую рэакцыю карыстальнікаў. А ці можна разгледзець з такой вялікай адлегласці вашу малую радзіму — Чэрвень?

— Толькі калі прыкласці для гэтага пэўныя намаганні — і, вядома ж, пры спрыяльных умовах надвор’я. Гарадок той і сапраўды зусім невялікі, але калі ты знаходзіш яго на абшарах Сусвету, цябе перапаўняюць неверагодныя пачуцці. На жаль, ніякія фота не перадаюць тыя ўражанні, якія ты зведваеш, гледзячы на Зямлю з космасу.

— Вы двойчы ўздымалі на арбіту беларускі сцяг. Гэта была ваша асабістая ініцыятыва?

— Так, менавіта! Хацелася выявіць любоў і павагу да той зямлі, якая дала мне жыццё. Падчас першага палёту я купіў сцяг самастойна, а вось у другі раз мне яго ўручылі ў беларускім пасольстве — што было асабліва прыемна.

— У часы вашага дзяцінства ці не ўсе хлапчукі марылі стаць касманаўтамі. Вы, напэўна, таксама?

— У тым і справа, што не. Я стаў касманаўтам, па сутнасці, дзякуючы збегу абставінаў, апынуўшыся ў патрэбны час і ў патрэбным месцы. Абвясцілі набор, я падаў дакументы… Але да таго часу я ўжо паспеў здзейсніць сваю запаветную жыццёвую мэту — атрымаць прафесію ваеннага лётчыка.

— Мэта таксама высокая — ва ўсіх сэнсах слова! Што б вы параілі тым маладзёнам, якія сёння стаяць ля вытокаў свайго жыццёвага шляху — і, вядома ж, таксама пра нешта мараць?

— Перш-наперш, ніколі не апускаць планку — яна заўсёды павінна быць высокай! Затым — не пагаджацца ні з якімі абставінамі альбо жыццёвымі перашкодамі. І ні ў якім разе не лічыць свае мары недасягальнымі. У хлопца, які нарадзіўся ў невялічкім беларускім гарадку, — як, напрыклад, я — такая спакуса можа ўзнікаць. Але трэба любой цаной пераадолець зямное прыцягненне ды выйсці на арбіту.

Гутарыў Юрась ЗІБАЎ