Канцэнтрацыя рарытэтаў зашкальвае

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

5 найцікавейшых экспанатаў выставы “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”
У гэтыя дні выстава “Беларусь: адраджэнне духоўнасці” знаходзіцца на актыўным этапе мантажу. У Нацыянальным гістарычным музеі літаральна на вачах павялічваецца канцэнтрацыя рарытэтаў, якія прывозяць сюды на год з дзесяці буйных калекцый нашай краіны, а таксама маскоўскага гістарычнага музея. Ужо цяпер відавочна, што выставачны праект, які ставіць перад сабой мэту раскрыць паняцце духоўнасці і паказаць шлях яе фарміравання на нашай зямлі ад сівой даўніны і да цяперашніх дзён, будзе прэтэндаваць на статус адной з самых знакавых і амбіцыйных музейных падзей гэтага года.

Сярод экспанатаў ёсць і ўпрыгожванні паганскіх часоў, якія адпраўляліся разам з памерлымі ў апошні шлях, і прадметы рэлігійнага культу ўсіх традыцыйных для Беларусі канфесій, і выкшталцоныя ўзоры народных умельстваў, і, зразумела, кнігі — гэта своеасаблівы лейтматыў экспазіцыі. Значная частка рарытэтаў будзе экспанавацца ўпершыню.

7 верасня выстава адчыніць свае дзверы ў рамках мерапрыемстваў Дзён беларускага пісьменства. А напярэдадні вернісажу мы папрасілі аўтара праекта Ніну Калымага выбраць у гэтых залах некалькі самых-самых цікавых прадметаў.

 

/i/content/pi/cult/652/14468/Bible.jpg1. Біблія, надрукаваная Францыскам Скарынам у Празе ў 1517 годзе

— Думаю, адрэстаўраваны арыгінал гэтага выдання будзе цікавы любому беларусу. Пагатоў, ні ў нашых бібліятэках, ні ў нашых музеях няма кніг Скарыны яго пражскага перыяду. Увогуле, калі ў Расіі захоўваецца 353 выданні Францыска Скарыны (гэта самы багаты збор), то ў Беларусі іх толькі 28. Таму няма сумневу, што магчымасць убачыць пражскі фаліянт на ўласныя вочы стане сапраўднай падзеяй. У ім можна заўважыць і скарынаўскія буквіцы, і аўтарскія тлумачэнні, і паметкі на палях. Думаю, калі кніга прыедзе ў музей, мы адчуем біяполе нашай роднай культуры.

Хутчэй за ўсё, у экспазіцыі Біблія будзе адкрыта на гравюры з партрэтам першадрукара, затое на спецыяльным камп’ютары можна будзе “пагартаць” адсканаваныя старонкі арыгінала і знайсці вычарпальную інфармацыю пра гэтую кнігу на беларускай, рускай і англійскай мовах. Магчымасць хаця б на час паказаць гэты экспанат — ужо сенсацыя. У нас ён прабудзе да канца года, і не выключана, што Дзяржаўны гістарычны музей у Маскве, адкуль мы чакаем прыбыцця кнігі, дазволіць нам патрымаць яго ў сябе і даўжэй.

 

 

/i/content/pi/cult/652/14468/pechat.jpg2. Пячатка Ефрасінні Полацкай XII стагоддзя

— Казаць пра тое, якая гэта рэліквія, нават не выпадае: Ефрасіння Полацкая — наша заступніца, асветніца народу, святая. Пячатка — хоць па памерах і дробная, але надзвычай важкая з пункту гледжання музейнай каштоўнасці. Яна была знойдзена ў 1998 годзе падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і захоўваецца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Нядаўна археолагі выявілі яшчэ адну пячатку, і сумненні наконт яе прыналежнасці менавіта Ефрасінні Полацкай вырашыла простае параўнанне двух пярсцёнкаў — яны аказаліся ідэнтычнымі. На зробленым са свінцу экспанаце — выява аблічча асветніцы, і хаця за прамінулыя дзевяць стагоддзяў пячатка паспела ладна пацямнець, яна ўсё роўна выглядае надзвычай прыгожа.

 

 

 

 

 

 

/i/content/pi/cult/652/14468/IMG_7549.jpg3. Фрагменты сценапісу са Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку

— Ефрасіння Полацкая запрасіла візантыйскіх майстроў, каб тыя ўпрыгожылі роспісам Спаса-Праабражэнскую царкву. У 1837 годзе на яе сцены быў накладзены новы слой алейнага жывапісу, які мы і пакажам. Ужо ў цяперашні час вырашылі адкрыць фрэскі XII стагоддзя, не ахвяруючы пазнейшымі напластаваннямі. Каб зняць гэтыя слаі фарбаў, беларускія і расійскія рэстаўратары выкарысталі ўнікальную тэхналогію, здатную ператварыць манументальны жывапіс у станковы.

 

 

 

 

 

 

/i/content/pi/cult/652/14468/IMG_7558.jpg4. Каран у пазалочаным футарале

— Экспанат паказвае, наколькі прыгожай можа быць сучасная кніга. Калі Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган летась наведаў Беларусь з афіцыйным візітам, ён падарыў Кіраўніку нашай дзяржавы Каран. Такіх экзэмпляраў вельмі мала, гэта эксклюзіўная ручная работа, звычайна іх прэзентуюць вядомым людзям ці добрым сябрам. Пазалочаны футарал з разьбой у выглядзе традыцыйнага ўсходняга ўзору, а ўнутры — прыгожая кніга. Экспанат цалкам адлюстроўвае рэлігійныя традыцыі мусульман. Цяпер гэты Каран захоўваецца ў выставачнай прасторы Палаца Незалежнасці.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

/i/content/pi/cult/652/14468/IMG_7575.jpg5. Алтарныя драўляныя вароты

— Экспанат адлюстроўвае традыцыйнае, здавён вядомае на Беларусі мастацтва разьбы па дрэве. У XVII стагоддзі нашы майстры не па сваёй волі прынеслі яго ў Расію, упрыгожыўшы драўлянай разьбой такія вядомыя храмы, як Пакроўскі сабор у Ізмайлаве, Новадзявочы манастыр у Маскве, царкву Узнясення ў Каломенскім, якую сучаснікі нават назвалі восьмым цудам свету. Прадстаўленыя ў нас вароты таксама сапраўдны цуд: цікавыя віфлеемскія рэльефы, быццам языкі полымя, гронкі вінаграду, мініяцюры з біблейскімі сюжэтамі… Мяркуючы па жывапісных устаўках, яны створаны хутчэй за ўсё непрафесійнымі майстрамі і адлюстроўваюць народныя традыцыі. У пасляваенны час гэты музейны прадмет трапіў у Гістарычны музей Масквы для рэстаўрацыі і вярнуўся да нас толькі ў 1980-я гады.

Падрыхтавала
Сафія КІСЯЛЁВА

Фота Ксеніі ГАЛУБОВІЧ