Яго касмічная палітра

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Мастак Віктар ВАСЮКЕВІЧ — чалавек цярністага шляху і асаблівага таленту. Вядомасць яму прынеслі працы, на якіх ён, як сам прызнаецца, малюе Святло. Таму свой асаблівы стыль, блізкі да абстрактнага экспрэсіянізму, ён называе Святло-бачанне. Але кожнае вялікае падарожжа пачыналася з першага маленькага кроку. Я сустрэўся з Віктарам, каб даведацца болей пра яго жыццё. У выніку ў нас атрымалася шматгадзінная размова, у якой я даведаўся пра многае: удзел у баявых дзеяннях у шэрагах Савецкай арміі, фантастычныя здарэнні, якія маглі завяршыцца смерцю.

/i/content/pi/cult/651/14464/8.jpg— Вашы карціны настолькі фантастычныя, што здаецца, нібы яны былі напісаны не для людзей. У чым вы знаходзіце натхненне?

— Цяжка адказаць, для каго мае карціны. Але ўпэўнены ў адным: калі я пішу, мной кіруе вышэйшая сіла. Так атрымалася, што яна выбрала мяне ў якасці інструмента для трансляцыі. Калі адчуваеш яе ўплыў, немагчыма не пісаць.

— Ці бывала такое, што вы падымаліся ўначы і разумелі: трэба браць у рукі пэндзаль?

— Так, таму трэба рабіць перапынкі. Калі я пішу, мяне цяжка спыніць. А яшчэ трэба, каб нехта пастаянна забіраў мае новыя работы. Я, як і ўсе людзі, не ідэальны, не дасканалы. І калі заканчваю працаваць над карцінай, на наступны дзень яна мне ўжо не падабаецца. Таму зноў мушу брацца яе перапісваць. У выніку атрымліваецца наступнае: на палатне — адна праца, а пад ёй — яшчэ шэсць.

— Раскажыце пра гэтае пачуццё, калі ў творчасці вамі нехта кіруе.

— Дастаткова заплюшчыць вочы — і ўсё: вакол мяне лётаюць тэксты, формулы, музыка, пачуцці… Чаго толькі няма. Я проста бяру і занатоўваю гэта. Каб я быў музыкантам, ствараў бы мелодыі. А так толькі застаецца карціны пісаць. І трохі вершаў. Часам і яны ў маю галаву прыходзяць.

— Вашыя працы неверагодна светлыя, цёплыя. У іх кіпіць жыццё. Яны існуюць асобна ад вас?

— Няма паняцця “асобна”, калі мы гаворым пра жыццё. Усё ў гэтым свеце звязана. Да такой высновы можна прыйсці ўжо толькі таму, што мы ўвесь час хочам узаемадзейнічаць. Аднак наша Цывілізацыя такая, што з намі з Космасу ніхто размаўляць не хоча. Паглядзі вось на зоркі, што ты там бачыш? Звычайныя агеньчыкі? А я вось бачу: мала таго, што Свет жывы, ён яшчэ кіпіць і іншым жыццём. А мы з гэтай тэхнікай і спрашчэннем прыйшлі да таго, што з чалавецтвам ніхто вадзіцца не хоча. І атрымліваецца вось якая сітуацыя: усё вакол запоўнена жыццём, а чалавек узаемадзейнічае толькі з чалавекам.

— А што з’яўляецца для вас прывабным у матэрыяльным свеце?

— Калі раніцай выходзіш з дому і бачыш, як ззяе раса. Сур’ёзна, гэта нагадвае дыяменты! Чым яны большыя, тым мацней зіхацяць. Так і з расой. Гэта нашы ранішнія дыяменты. Бывае, гляжу на гэтыя кроплі, пакуль яны не знікнуць. Вось гэта я лічу сапраўднай прыгажосцю. Светам, які быў падораны нам Богам. Шкада толькі, што людзі так брыдка ставяцца да яго, спажываюць і пры гэтым нічога не даюць узамен. Яшчэ мне падабаюцца пчолы. Вось села адна на руку, я яе доўга разглядваў. Якая яна прыгожая! Кожны колер, кожны элемент яе маленькага цельца — усё ідэальна.

/i/content/pi/cult/651/14464/9.jpg— Вы шмат разважаеце пра свет. Вашая ацэнка чалавецтва...

— Нам патрэбна духоўная перазарадка. Цяпер мы нібы жывём у крэдыт, беручы яго ў нашай планеты. Не трэба быць эколагам, каб гэта разумець. Калі мы не пачнем ставіцца да планеты інакш — не пазбегнем катастрофы. І яны ўжо былі, геалогія гэта пацвердзіць. Колькі іх павінна яшчэ здарыцца, каб мы пачалі разумець, што робім нешта не так!

— Вашы раннія працы напісаны ў класічнай манеры. Вы памятаеце той момант, калі перайшлі да абстрактнага экспрэсіянізму?

— Памятаю. Гэта быў удар токам, які прашыў мяне наскрозь — я пэўны час наогул не разумеў, што здарылася. Потым усё супакоілася, і я адчуў: трэба пісаць тое, што я называю Святло-бачаннем. Здаецца, я перайшоў на тую ступень, калі маім настаўнікам стаў ужо не чалавек. Бо, па сутнасці, што такое рэалізм? Гэта калі адзін чалавек навучаецца ў іншага. Гэта добра, гэта патрэбна, але ж гэта толькі аснова. Калі я атрымаў аснову, пачаў шукаць свой асаблівы шлях. Праўда, я як быў усё сваё жыццё цёмным, так ім і застаўся.

— Наколькі гэта важна — знайсці свой стыль выяўлення?

— Ведаеце, у мяне няма свайго стылю. Гэта трансляцыя. Але ісці трэба за тым, што адчуваеш. Інакш нельга. І спыняцца нельга. Характар у мяне такі, што не магу я спыняцца. У арміі вось служыў, у пагранічных войсках на мяжы з Кітаем. У мяне рост — метр шэсцьдзясят. А на службу бралі тых, хто быў метр семдзесят. Але я пайшоў напралом, і мяне ўзялі. Было складана. Мне таксама перапала.

— Вы ветэран вайны?

— Не, які з мяне ветэран. Калі я быў маленькі, ветэранаў было шмат, яны яшчэ жывыя былі.

/i/content/pi/cult/651/14464/10.jpg— Але ў баявых дзеяннях вы прымалі ўдзел?

— Так, было.

— Якімі вы іх памятаеце?

— Вайна як вайна. Велізарнае глупства, на якое здольны пайсці чалавек. Больш дурныя за гэта толькі думкі аб тым, што тэхніка і тэхналогіі выратуюць нас ад усяго. Пакуль чалавек распачынае войны, ніхто з намі на кантакт не пойдзе. Нікому не патрэбны дурні, яшчэ і агрэсіўныя.

— У чым тады для вас гармонія?

— У здольнасці адчуваць святло і яго моц. У здольнасці ведаць, што існуе нейкая вышэйшая сіла, якая кіруе не толькі мною, але і астатнімі. Гэта здаецца, што няшмат людзей яе адчувае. На справе, такіх, як я, дастаткова. І чалавек ніколі не застанецца адзін са сваімі думкамі. Усё пабудавана так, што заўсёды ў яго з’явіцца саюзнік.

— А што Вы лічыце найвышэйшым дасягненнем чалавека?

— Здольнасць выхаваць іншага, новага чалавека. Сам я доўга блукаў у поцемках. Але гэта цудоўна, калі з дзяцінства ёсць той, хто дапамагае жыццю пайсці нармальным, правільным ходам. Чалавек, які з маленства тлумачыць табе прыгажосць свету. Гэта і ёсць сапраўнае мастацтва, а не розныя песні ды малюнкі.

— На вашу думку, ці можа адзін чалавек змяніць свет?

— Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што такое магчыма. Дастаткова прыгадаць тых прарокаў, якія наведвалі нашу планету. Спачатку яны таксама былі тут адны. Потым пачалі з’яўляцца вучні. А тое, што яны пакінулі пасля сябе, увогуле бессмяротнае.

— А вы самі ў бессмяротнасць верыце?

— Чалавечае цела не мае нічога агульнага з душой. Акрамя таго, што мы ў гэты скураны мяшок закаваныя. Не бывае такога, каб нешта знікала бясследна — ні ў прыродзе, ні ў мастацтве. Таму не баюся смерці. Бо няма ніякага сэнсу баяцца таго, чаго ніколі не існавала.

— За кожным чалавекам стаіць пэўная сіла?

— Безумоўна. Калі мастак лічыць сябе геніем, гэта значыць, што людзі далі яму такую мянушку, што яны назвалі яго геніяльным. Гэта звычайны крытэрый ацэнкі. А вось калі ты знаходзішся ў зусім іншых сферах, для цябе ўсё гэта не існуе. Ты быццам рака, якая ўпадае ў яшчэ большую, безмежную раку. Ты плывеш, ты пішаш, і гэта ўжо не залежыць ад цябе. Як і тое, што ты ззяеш рознымі колерамі і пачуццямі, бо ты — рака, плынь якой звязана з надвор’ем, навакольным светам. Але мы пайшлі па самым простым шляху развіцця. І таму маем шмат мастакоў, якія не апынуліся ракой, а сталі “алхімікамі”. Ім патрэбна майстэрня, каб ствараць свае карціны. А вучня Святла ці ж там закрыеш? Што яму там рабіць? Яму там працаваць немагчыма. Ды і выяўленчае мастацтва — гэта спроба паказаць прыгажосць, калі самым высокім узроўнем творчасці і развіцця лічацца ўяўленне ўяўленняў. Вялікія настаўнікі не малявалі карцін. Адзіны выпадак быў, калі Хрыстос нешта на пяску намаляваў, як да яго грэшніцу прывялі. Шкада, тады не было фотаапаратаў — нельга ўбачыць, што гэта было.

— Ці можа свабода разбэсціць чалавека?

— Дакладна не. Свабода дае вялікую прастору: для дзейнасці, для творчасці, для развіцця. Раб не здольны зрабіць нічога добрага. Толькі вольны чалавек можа ствараць сапраўды файныя рэчы і гаварыць тое, што ён хоча. Хіба адважыцца раб прамовіць праўду ў вочы? Наўрад ці, бо ён будзе баяцца. Эзоп для таго, каб стаць вольным, адмовіўся ад усіх царстваў. Найбагацейшы з людзей! Такі выбар і трэба паважаць.

Гутарыў Андрэй ДЗІЧЭНКА

Віктар Васюкевіч нарадзіўся 10 мая 1958 года каля Навагрудка. У 1988 годзе скончыў факультэт жывапісу і графікі Народнага ўніверсітэта мастацтва імя Крупскай у Маскве. З 1991 года — вольны мастак. У канцы 1980-х гадоў пачынае пісаць абстрактныя геаметрычныя кампазіцыі. У 2000-х прыходіць да новага ўласнага стылю — “каляровая меладычнасць” ці “Святло-бачанне”.