Палітарная туга

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Дубляж & агучка па-беларуску
Яшчэ дзясяткі тры гадоў таму пачуць на свае вушы ідэальную беларускую мову можна было ў высакакласных дыктараў нацыянальнага радыё, у Купалаўскім як галоўным тэатральным носьбіце беларускасці. Сёння ж кансультанты па дакладным маўленні — сапраўдная філалагічная рэдкасць. “К” знаёміць вас з Лідзіяй НАЛІЎКАЙ — рэдактарам, які дапамагае сусветнаму кінематографу загаварыць па-беларуску з адмысловай інтанацыяй і класічнай асіміляцыяй.

Выпадкова, але прадказальна

— Праект “Беларускія ўікэнды” ад пачатку меўся быць высокапрафесійным: яго каманда выбірала гучныя фільмы, ангажавала моцных перакладчыкаў (дубляж робіцца з мовы арыгіналу, а не з даступнага расійскага перакладу, як некаторыя маглі б падумаць), запрашаліся ў добраабсталяваную студыю гуказапісу вопытныя айчынныя акцёры. Каб усе гэтыя намаганні не разваліліся ад недакладна прамоўленага падчас агучкі слоўца, кіраўніца праекта Надзея Кім азадачылася неабходнасцю знайсці рэдактара-беларусазнаўцу. Гісторыя пошуку нагадвае дэтэктыў. Надзея прызналася: каб вызначыць, хто ў Беларусі ёсць са стылістычных рэдактараў, яна… праглядала выходныя даныя ў айчынных кнігах. Так патрапілі на мяне. Хутка спісаліся ў сацыяльных мярэжах з запытам, ці мне цікава яе прапанова. А мне ж усё, што звязанае са словам, надзвычай прывабна!

 

/i/content/pi/cult/651/14458/32 kultura 6 copy.jpgПрынамсі, да гэтай сустрэчы аднойчы “вычытвала” аўдыякнігу — гэта было шалёна захапляльна! Мне далі агучаны запіс. Перада мной ляжаў тэкст. Я ўключала аўдыяфайл, а калі чула, што, напрыклад, націск не там, дзе трэба — адразу ціснула на кнопку паўзы і пазначала на аркушы: на такой хвіліне неабходна выправіць дадзеную памылку. Пасля зробленай працы мяне запрасілі на невялічкую экскурсію ў гуказапісвальны пакойчык на Плошчы Перамогі, дзе ствараліся аўдыякнігі. Там жа працавалі выбітныя дыктары, якія начытвалі творы не менш легендарных пісьменнікаў.

Паўтаруся: мне страшэнна цікавыя такія рэчы. А тут “Беларускія ўікэнды” прапануюць рэдагаваць сцэнарый! Я загартавана філалагічным жыццём, так што пытанне грошай не выходзіла на першы план. Са спадарыняй Надзеяй мы абмяркоўвалі іншае: дзе межы майго рэдактарства — ці толькі ў націсках? А ёсць жа яшчэ вымаўленне, фанетычныя асаблівасці — усё гэта звышістотна.

Фанетычныя казусы з наступствамі

— Цяпер у краіне назіраецца новая хваля цягі да мовы. Так склалася, што ў маім жыцці ўвогуле бадай усё па-беларуску: беларускамоўнае навучанне на аддзяленні беларускай філалогіі філфака БДУ, беларускамоўная праца, беларускамоўныя сябры. У гады майго дзяцінства мы шмат чулі правільнае вымаўленне па радыё, на тэлебачанні, у тэатрах. Сёння ж патрэбнага асяродку ў большасці няма, ахвотныя да родных слоў вучацца самі на кнігах ці праз размовы адно з адным. З гэтай навалы выйшла галоўная бяда як нашых дзяцей, так і саміх дарослых — палітарнае чытанне: калі чалавек прамаўляе гукі, як напісана, нават не здагадваючыся пра такія рэчы, як, скажам, асіміляцыя па мяккасці. Прывяду ў прыклад простыя словы з паўсядзённага ўжытку: “снег” і “свет”, якія павінны чытацца з памякчэннем першага гуку, быццам пасля літары “с” стаіць мяккі знак. А звыклае слова “прабачце” — ці часта вы чулі, каб яго — адпаведна фанетычным правілам — вымаўлялі з двума “ц” замест “чц”? Тут мне, груба кажучы, давялося выкарыстаць тое самае палітарнае чытанне на сваю карысць: у рэдактарскім тэксце да пачатку гуказапісу я крэсліла закавырыстае для сучаснага ўжывальніка слоўца і надпісвала так, як мае быць: “сЬвята”, “прабаЦЬЦе”, “застаеСЬСя” (пасля акцёры начытваюць рэплікі менавіта з маёй паперчыны).

Казырна, калі шмат людзей гаворыць па-беларуску, але шкада, што ідзе такая сур’ёзная плынь скажэння маўлення. Большасць ад гэткіх неспадзяванак засцерагла б слушная практыка, але… Вось мая сяброўка з цяжкасцю ўпалявала білет на “Чорную пану Нясвіжа” Купалаўскага тэатра. Выпадкова выхад у тэатральны свет супаў з Днём роднай мовы. Ёй многае спадабалася: і дэкарацыі, і пастаноўка, і сюжэт, і задума. “Усё было шыкоўна, толькі… Барбара не асімілявала па мяккасці”, — расчаравана ахвотная да роднай мовы дзяўчына. Для некага, здаецца, такі выпадак — драбяза, аднак, калі ты жывеш у мове, штучнасць заўважная адразу… Мяккасць беларускай падкрэслівае яе істотнае адрозненне ад рускай і польскай моў. Мне падаецца, у сённяшнім маўленні раскрываецца наша спрадвечная дваістасць: адвечныя разважанні пра дзве душы, пра скрыжаванне на нашай тэрыторыі Усходу і Захаду, падзел у 1933 годзе айчыннага правапісу і гэтак далей.

Дзеля справядлівасці зазначу: маўленчыя скажэнні пануюць і ў рускамоўных тэатрах. Апошнім разам была ў сталічным Маладзёжным: у рускай гаворцы акцёраў якраз добра чутная беларуская асіміляцыя і дзеканне-цеканне. Прызнаюся, напачатку ад такога “гаварэння” мяне “падкідвала”. Потым пачала прыслухоўвацца да мінакоў: фанетычныя казусы ўласцівы многім беларусам, і гэта не кажучы пра побытавую трасяначку. Але, калі ты абраў акцёрскую прафесію, дык мусіш сачыць за сваім артыкуляцыйным апаратам, прыгадваць студэнцкія практыкаванні па сцэнічнай мове (памятаць, у прыватнасці, як утвараюцца змычна-шчылінныя гукі). Мінакі мінакамі, а прафесіяналы мусяць ведаць фанетыку, адчуваць мову і ачысціць маўленне — як беларускае, так і рускае...

Як назваць тое, чаго няма?

— Такім чынам, зонай маёй адказнасці ў праекце “Беларускія ўікэнды” сталі маўленчыя асаблівасці, націскі, дакладнасць у акцэнтаванні слова. Пунктуацыю таксама не выкрэслівала з рахункаў цалкам, бо яна непасрэдна ўплывае на інтанацыйныя напрамкі. Ужо выйшла на экраны беларускамоўная версія анімацыйнай стужкі “Маленькі прынц”, да якой я спрычынілася. Асаблівасць кінарэдактуры — яшчэ і ў тым, што кожная рэпліка павінна ўкласціся ў пэўны прамежак часу і не згубіць па дарозе сэнсавую нагрузку. Калі я рэдагую тэкст для агучкі, то абавязкова прамаўляю яго ўслых. Працую толькі з беларускім тэкстам. Ён прыходзіць да мяне пасля каманды перакладчыкаў і тэхнічнай міжмоўнай рэдактуры ў спадарыні Надзеі. Звычайна на ўсялякі выпадак даюць спасылку на арыгінал і які-небудзь гатовы дубляж. Што цікава, часцей за ўсё мне трапляе ўкраінская версія: зазвычай яна больш прафесійная, бо рускія перакладчыкі, як мне падаецца, дадаюць шмат адсябяціны.

Падчас рэдактуры я актыўна карыстаюся як папяровымі, так і электроннымі слоўнікамі — усяго ж не запомніш (тыя ж канчаткі роднага склону “-а”, “-у” пераправерыць). Але спадзяюся і на здаровы глузд, бо слоўнікі складаюць таксама людзі, у якіх — гавару гэта без асуджэння — можа здрыгануцца рука. Неаднойчы ўзнікалі сітуацыі, калі неабходна было даць назву з’яве, якая ў беларускамоўнай сферы жыцця не выкарыстоўваецца, таму і слоўнага адпаведніка да яе няма. Рыхтавалі фільм, у якім галоўны герой разлічваўся з суразмоўнікам чэкам. Па-руску мы сказалі б прыкладна так: “Вот тебе чек, когда захочешь — обналичишь”. То-бок, персанаж прапанаваў узяць “наличные”, аднак у нашым моўным асяроддзі такога паняцця няма: у беларусаў мусяць атрымаць грошы, бо “наяўныя” — найвідавочнейшая калька, прычым ненатуральная. Каб гаворка ішла пра маладзёжную камедыю, то можна было б выкарыстаць слэнгавы англіцызм “кэш”, але на экране размаўлялі два сталыя паважныя чалавекі… У падобных выпадках часам дужа карысныя дыялектычныя слоўнікі з абласцей краіны (як вядома, беларуская літаратурная мова стваралася на падставе цэнтральных гаворак). У складаных сітуацыях выратоўвае ўжо сам факт таго, што працаваць даводзіцца з кіно: іншымі словамі, глядзіш на экран і з мізансцэны разумееш значэнне падабранага слова.

Чым больш працую з дубляжом, тым больш захапляюся роднай мовай, яе сакавітасцю і… пазітыўнасцю! Вось прыйшоў да нас фільм з фразеалагізмам у назве The Bucket List, што літаральна азначае “спіс апошніх спраў”, а фактычна — “памерці, адкінуць канькі”. У польскі пракат карціна выйшла пад назвай “Хоць час падціскае”, у расійскі — “Пакуль не сыграў у скрыню”, ва ўкраінскі — “Спіс апошніх жаданняў” ці ў альтэрнатыўным варыянце — “Пакуль не склеіў ласты”. А беларусы вынеслі на афішу выраз “Пакуль ногі носяць”, такім чынам захавалі гульнёвасць назвы і пазбеглі часціцы “не”, якая дадала б адмаўленне. Увогуле, у айчынных фразеалагічных абаротах прасочваецца жартаўлівае стаўленне да смерці. Ці не шыкоўна, калі беларус замест “памерці” гаворыць “пайсці да Абрама на піва”!

Балючае пытанне

— Стрыечны брат, даведаўшыся пра мой удзел у праекце, задаў распаўсюджанае, на жаль, пытанне: навошта мы робім фільмы, даступныя ў рускамоўным варыянце, з беларускім дубляжом? Куды прасцей з рускай мовай — яна ж паўсюль, куды ні кінь вока! Але ж гэта — у пэўным сэнсе прымус. На мой погляд, беларуская агучка неабходная для выбару, нават калі ён не на карысць беларускага варыянта. “Беларускія ўікэнды” ствараліся сапраўднымі прафесіяналамі, якія падкупляюць сваёй натхнёнасцю і адданасцю справе. Яны дораць магчымасць вярнуць беларускай мове яе першасную функцыю — як сродку камунікацыі.

Як ні дзіка тое прызнаваць, але цяпер беларускую мову трэба выкладаць як замежную. Можа, тады людзям стане лягчэй распачаць гаварыць, стасавацца на ёй. Тым, хто прафесійна займаюцца маўленнем, да ладу прыйшліся б паглыбленыя курсы гісторыі фанетычнага развіцця. Магчыма, раней пэўныя веды не патрабавалі тлумачэння, але нашаму пакаленню іх бракуе. Прынамсі, беларуская мова — таксама, як англійская, — інтануе фіксавана, адрозніваецца ад рускай мовы на парадак, прычым гаворка не пра школьнае вызначэнне, клічны ці няклічны сказ, а пра інтанацыю як сэнсаўтваральны, істотны складнік. Зразумела, мы ўздымаем голас напрыканцы пытальных ці паніжаем пад фінал сцвярджальных апавядальных выказванняў. Беларуская больш эмацыйная, незалежна ад тыпу характару моўцы, больш выразная… Тым жа, хто насычае нашу грамадскую прастору мовай і прэтэндуе ў гэтым кірунку на званне маўленчага ўзору (няхай і не ўсвядомлена), было б цудоўна звяртацца па кансультацыі да адмысловых фанолагаў-філолагаў. Колькі б відавочных праблем знялося адразу!

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"