Мінскія адрасы Якуба Коласа

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Дзень памяці народнага паэта Беларусі адзначаць 14 жніўня ў сталіцы.

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі адкрыецца выстава “Спяшайцеся з паэтам стрэцца…” Наведвальнікі ўбачаць партрэты народнага паэта Беларусі, створаныя такімі выбітнымі айчыннымі мастакамі як Валянцін Волкаў, Георгій Паплаўскі, Уладзімір Сулкоўскі, Святаслаў Федарэнка. Як адзначылі ў музеі, вялікую цікавасць уяўляюць прыжыццёвыя партрэты. Напрыклад, Зянон Паўлоўскі намаляваў паэта за працай у чэрвені 1940 года падчас Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве. Таццяна Жырмунская адлюстравала пісьменніка такім, якім убачыла ў Ташкенце ў 1942 годзе, калі Коласа віншавалі з 60-годдзем.

Але найбольшы інтарэс выклікае графічны партрэт паэта, што ўпрыгожвае вокладку Беларускага ілюстраванага календара, датаванага 1944 годам. Выданне выйшла ў друк у Буэнас-Айрэсе па ініцыятыве нашай дыяспары. Сёлета з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа адзін выпуск 73-гадовай даўніны прывезла з Аргенціны ў Беларусь наша суайчынніца Марыя Анна Ператупа. Супрацоўнікі музея спадзяюцца высветліць імя мастака і знайсці арыгінал партрэта.

Захаваліся фотаздымкі, на якіх зафіксавана праца Заіра Азгура над бюстам паэта. Таксама ў новую экспазіцыю ўвайшлі бюсты беларускага скульптара Уладзіміра Летуна.

/i/content/pi/cult/651/14449/yakub_kolas_poziruet_azguru.jpg

Якуб Колас пазіруе Заіру Азгуру.

У панядзелак 14 жніўня ў 13.00 ад музея пачнецца і аўтобусна-пешаходная экскурсія па мінскіх адрасах Якуба Коласа. Маршрут пралягае праз Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, дзе паэт працаваў больш за трыццаць гадоў, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта; праз астрог на вуліцы Валадарскага, дзе Колас адбываў пакаранне за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе ён выкладаў з 1923 па 1926 год; праз плошчу Якуба Коласа, дзе размешчаны выкананы Заірам Азгурам помнік паэту і героям яго твораў; дом на Старажоўцы, які сям’я Міцкевічаў арандавала з 1921 па 1927 год і дзе Колас скончыў паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, напісаў аповесці “У Палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, “На прасторах жыцця”, п’есы, вершы, казкі для дзяцей, публіцыстычныя артыкулы; у Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага да 1940-х гадоў стаяў дом, дзе жыў паэт.

Апошняя кропка экскурсіі — Вайсковыя могілкі, дзе ў 1956 годзе быў пахаваны Якуб Колас. У 15.00 там адбудзецца памінальны мітынг і ўскладанне кветак. Удзел у ім прымуць члены сям’і пісьменніка, літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы, прыхільнікі яго творчасці.