Так атрымалася, што, пачынаючы з 1934-га, Кузьма Чорны жыў метраў за дзвесце ад касцёла. І свайго пана — Эдварда Вайніловіча — павінен быў ведаць з маленства. На многія пытанні мог бы адказаць задуманы Чорным сацыяльны раман “Пра Рыгора Сухаменьчыка, аканома, праваслаўнага мужыка з Кузінавічаў, салдата”. Планавалася, што адным з герояў твора павінен стаць пан Залеўскі, зямельны магнат. Магчыма, правобраз Вайніловіча?
Як бы там ні было, але лавачка на рагу Савецкай і Берсана была ўпадабана яшчэ маладым, але вельмі хворым пісьменнікам. І мне вельмі хочацца прапанаваць гарадскім уладам абвясціць конкурс на праектаванне помніка Кузьме Чорнаму ў скверы Эдварда Вайніловіча. Лёс навечна злучыў землякоў. Тым больш, што абранае мною месца — знакавае для Мінска. На пачатку галоўнай сталічнай вуліцы шчыльна перапляліся жыццёвыя, культурныя, палітычныя варункі…
Улетку я шмат вандрую па Капыльшчыне (транспартам дапамагае пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк, а дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч прапанаваў занатаваць мясціны, звязаныя з жыццём Кузьмы Чорнага) разам са студэнтамі архітэктурнага факультэта БНТУ. Там — выток маіх разваг пра класіка нашай літаратуры. Пабывалі мы і ў музеі вёскі Цімкавічы, дзе нарадзіўся Мікола Раманоўскі. Любаваліся краявідамі ля вёскі Савічы, дзе быў маёнтак Вайніловічаў і захаваўся курган з надпісам на крыжы “Курган памяці роду Слугі Божага Эдварда Вайніловіча…” Вынікам вандровак студэнтаў і іх настаўнікаў павінна стаць мастацкая выстава ў Мінску і Цімкавічах.
Чорны і Вайніловіч… Прагрэсіўны магнат-землеўладальнік і таленавіты сын патомнага парабка, будучы пісьменнік… Яго бацька служыў Вайніловічу ў фальварку Лапацічы, каля маёнтка Боркі, дзе Мікола Раманоўскі і нарадзіўся на мяжы стагоддзяў. А побач праходзіў “кацярынінскі шлях” ці “Варшаўка”. Будучы пісьменнік вучыўся ў Цімкавіцкім народным вучылішчы, у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, працаваў у валасным рэвалюцыйным камітэце. А ў Савічах напрыканцы лютага 1918-га рабаваўся маёнтак Вайніловіча. Тое гняздо раскідвалі да ліпеня 1920 года і немцы, і палякі…
Два трагічныя лёсы двух непадобных, але выбітных людзей, што сталі сімваламі супярэчлівай эпохі. Імя Эдварда Вайніловіча ўвекавечана пад засенню Чырвонага касцёла. Вельмі хацелася б, каб і асоба Кузьмы Чорнага паўстала тут бронзавай ці каменнай постаццю. Урэшце, у гарадской прасторы Беларусі ці шмат помнікаў нашым празаікам і паэтам, як і іхнім літаратурным героям?! Калі будзем выпраўляць гэты недахоп?
Алесь КВЯТКОЎСКІ,
мастак