Ад Нью-Дэлі да Шліца

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Ці бывалі вы на Таіці? Я — дык не быў. Як і ў нямецкім горадзе Шліц, дзе днямі ладзіўся Міжнародны музычны і фальклорны фестываль SchlitzerLander Trachtenfest, на які завіталі і артысты з Кобрыншчыны. Дарожныя выдаткі кобрынцам, да слова, аплацілі замежныя спонсары.

/i/content/pi/cult/650/14432/12.jpgАртысты з народнага ансамбля “Бурштын” па гастролях ездзяць-не наездзяцца. А ўсё таму, што пастаянна ў творчым пошуку і артыстычным рытме. Летась “бурштынаўцы” пабывалі ў французскім горадзе Нансі на XVIII Міжнародным фестывалі харавых спеваў “Нансі — галасы свету”, і ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а яшчэ колькі гадоў таму “засвяціліся” са сваімі спевамі і танцамі ў сталіцы Індыі Нью-Дэлі, малдаўскім Кагуле і шмат дзе яшчэ.

Сёлета артысты ўжо наведвалі з творчым візітам Францыю, а па вяртанні атрымалі запрашэнні ад нямецкага боку. Дарогу прыемнай зрабіла тое, што немцы аплацілі ўсе выдаткі ансамбля. А гэта ні многа ні мала — больш за тры тысячы еўра. Галоўны спонсар — кампанія Langheinrich Vertriebs GmbH са Шліца, якая мае сваю вытворчасць у аграгарадку Дзівін Кобрынскага раёна, пра што “К” калісьці пісала.

— Пабываць на такім фестывалі не толькі прэстыжна, але і вельмі адказна, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук. — Справа ў тым, што гэты фэст ладзіцца ў Шліцы вось ужо 90 гадоў, і прадстаўляць сваю краіну на ім хочуць многія выканальніцкія калектывы. Але запрашаюць, вядома, не ўсіх.

Так што “Бурштын” прэзентаваў у Германіі частку не толькі сваёй, кобрынскай, але і беларускай культуры. А ўвогуле на фестывалі ў Шліцы выступалі калектывы з 14 краін свету: Аргенціны, Італіі, Венгрыі, ЗША, Шры-Ланкі і іншых.

Па словах Надзеі Жук, гэтая паездка, акрамя магчымасці прапіярыць культуру Беларусі і Кобрыншчыны за мяжой, дадала шмат у скарбонку вопыту мясцовым культработнікам.

— Напрыклад, мы паглядзелі на тое, як арганізоўваюць свае фестывалі немцы, — распавяла візаві. — Гэта датычыць многіх пытанняў: і як размясціць гасцей у невялікім горадзе, і як зрабіць так, каб тысячам гледачоў было заўсёды цікава на фэсце і вакол яго, і як пазбегнуць чэргаў да кропак харчавання… А яшчэ ў Шліцы мяне вельмі ўразіла тое, што, падаецца, валанцёры тут былі паўсюль: яны дапамагалі гасцям, накіроўвалі іх на патрэбныя сцэнічныя пляцоўкі, клапаціліся пра бяспеку артыстаў… Абавязкова пяроймем гэты вопыт пры арганізацыі культурных мерапрыемстваў на Кобрыншчыне.

І яшчэ. Цікава, што падобны досвед выезду за спонсарскія грошы за мяжу “Бурштын” ужо мае: калісьці мясцовы філіял РУП “Беларуснафта” і ААТ “Кобрындрэў” праспансіравалі паездку народнага ансамбля песні і музыкі ў Дэлі. Палёт у сталіцу Індыі быў ажыццёўлены, у тым ліку, і дзякуючы актыўнаму пазіцыянаванню калектыву праз інтэрнэт: менавіта такім чынам арганізатары IV Дэлійскага міжнароднага фестывалю фальклору і выйшлі са сваім запрашэннем на кобрынцаў. Ці варта казаць, што выступленні калектыву з далёкай Беларусі, што называецца, скарылі мясцовую публіку? У сувязі з гэтым “Бурштын” паляцеў тады таксама яшчэ і ў… Калькуту, прычым — ужо за кошт сродкаў арганізатараў фэсту.

Вось яшчэ адзін яскравы доказ вядомай прымаўкі пра камень, пад які не цячэ вада. Выкарыстанне ў сваёй дзейнасці інтэрнэта, а таксама стварэнне асобных сайтаў аддзелаў культуры Беларусі, пра што неаднойчы пісала “К”, як бачна, цалкам сябе апраўдваюць. Але чамусьці гэтая ісціна ўсё яшчэ выклікае неразуменне ў многіх аддзелах, дзе над піярам сябе ў Сусветным павуцінні толькі пачынаюць задумвацца…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"