Юбіляр прымаў віншаванні 29 мая на ўрачыстым сходзе ў сталічным Доме літаратара, які вёў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Ён зачытаў віншаванне ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, дзе, у прыватнасці, гаворыцца:
“Сваім шматгранным талентам і шчырай любоўю да Радзімы Вы заслужылі глыбокую павагу прыхільнікаў мастацкага слова. У нашай краіне і за яе межамі шырокую папулярнасць набылі Вашы цудоўныя патрыятычныя і лірычныя вершы, сотні з якіх пакладзены на музыку і выконваюцца славутымі майстрамі, гучаць на радыё і тэлебачанні. Адметнай з’явай у грамадска-палітычным жыцці краіны стала стварэнне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, адным з аўтараў тэксту якога Вы з’яўляецеся.
Мы высока цэнім Вашу грамадскую дзейнасць, звязаную з захаваннем і ўзбагачэннем лепшых традыцый беларускай літаратуры, заснаваннем Саюза пісьменнікаў Беларусі і арганізацыяй актыўнай работы гэтага аб’яднання.
Няхай Ваш творчы шлях і надалей будзе плённым, напоўненым новымі паэтычнымі знаходкамі.”
Была зачытана таксама ўрадавая віншавальная тэлеграма на адрас юбіляра, падпісаная намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Косінцам.
Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Мікалай Шаўцоў уручыў Уладзіміру Карызну Ганаровы знак прафсаюза работнікаў культуры. З цёплымі словамі і добрымі пажаданнямі да Уладзіміра Іванавіча звярнуліся старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Міхаіл Пазнякоў, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Уладзіслаў Мачульскі і галоўны рэдактар гэтага ж выдавецтва Віктар Шніп, кіраўніцтва Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”, Беларускага радыё, калегі-паэты, літаратуразнаўцы, грамадскія дзеячы.
Вось што сказаў юбіляр у бліц-інтэрв’ю для “К”:
— Мая родная зямля — Беларусь, мае песні і паэмы ўсе адсюль. Наша зямля настолькі багатая на хлеб, на працу, на прыгажосць, што жыві тут хоць два стагоддзі — будзеш ствараць і ствараць. Песні мае зыходзяць з сэрца, з маіх думак, я часцінка таго жывога, што завецца Беларуссю. Калі дбаеш пра свой край, гэты светлы крынічны боль не павінен ляжаць на сэрцы, ён мусіць вылівацца ў песні, у творчыя сустрэчы з моладдзю, публікацыі ў часопісах…
Уладзімір Карызна поўны сіл і творчых задум. Ён мае намер і далей радаваць публіку новымі песнямі і вершамі, працягваць актыўную грамадскую дзейнасць.
Наш кар.
На здымку: У.Карызна (стаіць) і М.Чаргінец.