Трыумф выгнанніка

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

“Мы толькі на самым пачатку вяртання Дамейкі”
Даследчыца Валянціна ЛЕБЕДЗЕВА была адной з тых, дзякуючы каму сталася магчымым выданне кнігі Паз Дамейкі на беларускай мове. У свой час гісторык выйшла на праўнучку знакамітага навукоўца і распачала з ёй доўгую перапіску, якая расцягнула на сем гадоў. Вынік яе — станоўчы. Замоўцамі кнігі “Ігнат Дамейка: з Мядзведкі — у Санцьяга-дэ-Чылі (1802 — 1889)” у перакладзе з іспанскай Вольгі Раўчанка сталі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а ўбачыла свет яна ў выдавецкім доме “Звязда”.

/i/content/pi/cult/650/14425/3.jpg— Наколькі для нас важная праца спадарыні Паз?

— Паз Дамейка — не гісторык, яна неаднаразова падкрэслівала гэта, яе цікавіць постаць продка як чалавека і сем’яніна. Тым не менш, магу зазначыць, што даследаванне аўстралійскай аўтаркі шырокае і грунтоўнае. Паз удалося паказаць Дамейку як чалавека-патрыёта і постаць сваёй эпохі — філамата, паўстанца, прадстаўніка ліцвінскай эміграцыі ў Парыжы. Ігнат Дамейка меў стасункі з буйнымі людзьмі таго часу: маркізам дэ Лафаетам, Адамам Чартарыйскім, сябраваў з Фрыдрыхам Шапенам, Адамам Міцкевічам — нават быў шаферам на яго вяселлі!

Варта адзначыць чылійскае атачэнне вучонага. Па сутнасці, Дамейка адкрывае для нас Амерыку на шырокім гістарычным фоне. Гісторыя барацьбы за незалежнасць краіны, этапы яе станаўлення, мадэль чылійскага грамадства, тагачасная палітычная сістэма — усё гэта адлюстроўваецца ў працы спадарыні Паз.

— Як адзначыла сама даследчыца, шмат месца ў кнізе займаюць ліставанні.

— У асноўным, кніга грунтуецца на дзвюх крыніцах: знакамітыя “Мае падарожжы: дзённік выгнанца” самога Дамейкі і ліставанне навукоўца з яго кузенам Уладзіславам Лясковічам. Аднак спадарыня Паз выкарыстоўвае яшчэ і сямейны архіў, што можна лічыць адметнасцю выдання. У кнізе ёсць ліставанне Дамейкі з яго жонкай Энрыкетай, перапіска з сынамі, газетныя публікацыі, мемуары, каштоўныя дакументы, карты маршрутаў яго падарожжаў. Урэшце, фотадакументалістыка, якая аказалася зусім не малой. Паколькі маю дачыненне да падбору фотаілюстрацый, магу зазначыць, што гэтая частка — вельмі ўражвальная.

Захаваліся сямейныя фота, здымкі тых людзей, што атачалі Ігната Дамейку ў розныя жыццёвыя перыяды. Напрыклад, аднаго турэцкага студэнта, які навучаўся з ужо эмігрантам Дамейкам у Горнай школе ў Парыжы. Ігнат быў, лічы, адзіным сябрам маладога турка, з якога трошкі кпілі аднакурснікі. Як сапраўдны гуманіст, ён узяў апеку над студэнтам, дапамагаў яму. Цікавы паварот адбыўся, калі гэты студэнт праз пэўны час стаў візірам Асманскай імперыі. І пазней, калі Дамейка падарожнічаў у Палесціну, той сустракаў яго ў Стамбуле з вялікай пашанай. Здымкі гэтай сустрэчы ўдалося знайсці, — уяўляеце, якая гэта цікавостка?

— Здаецца, у англійскім арыгінале кніжка мае назву “Жыццё ў выгнанні: Ігнат Дамейка (1802 — 1889)”?

— Вы ведаеце, каб была мая воля, то я дала б гэтаму тэксту такую назву: “Трыумф выгнанніка”. Таму што гэты чалавек адправіўся ў нікуды, у свет, які быў для большасці ліцвінаў terra incognita — і зрабіў там проста ашаламляльную кар’еру. Ці ж гэта не трыумф — атрымаць усе вышэйшыя ўзнагароды Чылі, стаць тым самым “Грандэ Адукаторам” — “Вялікім Асветнікам”, займець асабістыя знаёмствы з прэзідэнтамі? Да нашага нацыянальнага гонару магу дадаць, што не адзін Дамейка з беларускіх эмігрантаў не згубіўся ў свеце. Прыкладам, Іван Чэрскі або Томаш Зан таксама апынуліся ў выгнанні, былі выціснутыя з роднай краіны, але не пераўтварыліся ў эміграцыі ў нішто. Наадварот — узвысіліся над тым асяродкам, у якім апынуліся.

На жаль, кніга мае нейтральную назву — проста імя і прозвішча асветніка ды даты яго жыцця.

— Ці паспрыяе гэта кніга ды міжнародная навуковыя канферэнцыя, якая дапамагла сюды прывезці нашчадкаў Ігната Дамейкі, пашырэнню ведаў пра яго постаць?

— Пэўны зрух у вывучэнні яго спадчыны мусіць адбыцца. Тым не менш, пляскаць у далоні не буду. На жаль, тая ж канферэнцыя засведчыла, што сапраўдных “дамейказнаўцаў”, навукоўцаў, якія грунтоўна займаліся б гэтай персонай, у нас адзінкі. Зусім не параўнаць з тым рухам вакол яго імя, што адбываецца ў Польшчы і Літве. Пра гэта сведчаць хаця б тыя выданні, якія прывезлі на наш форум замежныя даследчыкі.

Лічу, што канферэнцыя актуалізавала шмат пытанняў. Першае з іх — перавыданне спадчыны Дамейкі: пачынаючы ад “Маіх падарожжаў…” у поўнай рэдакцыі з навуковымі каментарыямі — да яго ліставанняў з сябрамі і блізкімі. На мой погляд, нішто так не раскрывае светапогляд асобы, яго матывацыю, экзістэнцыяльныя аспекты жыцця, як эпісталярная спадчына. Тым больш, шмат лістоў Ігнат Дамейка напісаў менавіта беларускім карэспандэнтам. Па-другое, вельмі важна напісаць і выдаць навуковую біяграфію Ігната Дамейкі. Па-трэцяе, у цені засталася этнаграфічная спадчына даследчыка. Замалёўкі, якія зрабіў Дамейка, здзейсніўшы падарожжа ў Араўканію, — надзвычай цікавыя. На сёння яны ўяўляюць з сябе бясцэнны матэрыял, які, на жаль, нам не даступны.

— Ваша меркаванне наконт агучанай на канферэнцыі прапановы літоўскага навукоўцы Альгімантаса Грыгяліса наконт стварэння адмысловага праекта, які датычыцца аднаўлення архітэктурнай спадчыны роду Ігната Дамейкі. Вядома, што яна ахоплівае больш за 10 маёнткаў на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Ці лічыце вы такі праект магчымым?

— Многія з тых маёнткаў ужо не існуюць. Таму найперш неабходна выратаваць хаця б тое, што ёсць. Відавочна, дапамога патрабуецца сённяшняму ўладальніку сядзібы Жыбартоўшчына, які гатовы сам прыкласці ўсе сілы для яе аднаўлення, аднак сродкаў у яго не багата. Проста патрэбна наша воля, усведамленне і жаданне. У цэлым, гэты праект будзе ажыццявіць няпроста, але магчыма. Ёсць і больш даступныя захады па мемарыялізацыі імя нашага земляка. Прыкладам, можна назваць кафедру геалогіі на адмысловым факультэце, кабінет геаграфіі ў школе, змясціць партрэты навукоўца ў адпаведных установах… Такія крокі не патрабуюць асаблівых выдаткаў. Насамрэч, мы яшчэ толькі на самым пачатку шляху да вяртання Дамейкі, але добра, што ён распачаты.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"