Настрадамус бы ў Свіслач глядзеў

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г


/i/content/pi/cult/648/14422/30.jpg

Гісторыку Анатолю Сцебураку падчас чарговага навуковага падарожжа ў Францыю ўдалося не толькі зрабіць новыя крокі па тэме сваіх даследаванняў, але і адшукаць… амаль дакладны аналаг (прынамсі, па форме) будынка Нацыянальнай бібліятэкі! Здарылася гэта ў музеі Франсуа Рабле, размешчаным на яго радзіме на невялічкай ферме ў ваколіцах Шынона. Там цяпер дзейнічае выстава, прысвечаная знакамітаму правідцу Мішэлю Настрадамусу, і менавіта на ёй экспануецца той дзіўны прадмет, прызначэнне якога не адгадалі б і знаўцы з інтэлектуальнага шоу. У выніку, Нацыяналка цалкам можа набыць новы эпітэт — між іншым, даволі паэтычны…

— Насамрэч, гэта гноман — сонечны гадзіннік, які быў вельмі папулярны сярод астролагаў, — патлумачыў спадар Анатоль. — З дапамогай даўжыні ценю, што праектавалася на адмысловы стол, такі астранамічны інструмент дазваляў вызначыць вышыню сонца — і, адпаведна, час. Гноманаў вядома шмат, але дадзены асобнік — надзвычай рэдкі і таямнічы… У кожным разе, гэта самы вялікі сонечны гадзіннік такой канфігурацыі.

Ці карыстаўся ім сам Настрадамус, навуцы невядома, ды і датуецца гэты экспанат ужо XVII стагоддзем, пажыць у якім правідца проста не паспеў. Але можна з упэўненасцю сцвярджаць, што архітэктурны твор Віктара Крамарэнкі (як бы хто да яго ні ставіўся) таксама вызначыў свой час, стаўшы бадай самай знакавай беларускай пабудовай першай дэкады тысячагоддзя.