Danse macabre Станіслава Парчэўскага

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

У папярэднім артыкуле я распавёў аб адзінакроўнай сястры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Францішцы Парчэўскай. Яе сын Станіслаў вымагае не меншай увагі. Як-ніяк, яму давялося стаць блізкім сябрам самога Адама Міцкевіча. Ды і ягоны ўласны талент цалкам мог бы забяспечыць яму годнае месца ў гісторыі літаратуры — каб лёс да яго быў больш літасцівы. Сучаснікі Станіслава Парчэўскага запомнілі яго светлым і жыццярадасным чалавекам, але так сталася, што смерць не раз была з ім побач. Ды і пражыў ён усяго 27 гадоў.

/i/content/pi/cult/649/14420/30.jpgГэтая постаць літаратуразнаўцам даволі вядомая: ёй прысвечаны цэлы артыкул у “Польскім біяграфічным слоўніку” (1980). Мая заслуга толькі ў тым, што, здаецца, я першы, хто змог звязаць маладога таленавітага літаратара з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, а таксама ўнесці некаторыя важныя папраўкі ў энцыклапедычныя звесткі адносна яго біяграфіі.

Хаця ў гэтым “адкрыцці” ў мяне ёсць усе падставы сумнявацца: ужо надта на паверхні ляжала гэтая сувязь, каб ніхто не звярнуў на яе ўвагі. Бо ўсім, хто хоць трохі цікавіцца біяграфіяй беларускага класіка, вядома яго сваяцтва з арцыбіскупам Магілёўскім Станіславам Богушам-Сестранцэвічам — фактычна, кіраўніком усяго Рымска-Каталіцкага касцёлу тагачаснай Расіі. Шмат якія крыніцы сцвярджаюць, нібы той быў родным дзядзькам пісьменніка, але сапраўдная ступень гэтага сваяцтва была ўстаноўленая мною зусім нядаўна. Гучыць яна даволі мудрагеліста: Вінцэнт — сын Яна Марцінкевіча, чыёй першай жонкай была Людовіка Рыкачэўская, дачка роднай сястры мітрапаліта Ганны Сестранцэвіч.

А вось Парчэўскі і сапраўды быў пляменнікам Яго Эміненцыі — хай сабе і ўнучатым. А таксама і пратэжэ гэтай уплывовай асобы.

У згаданым слоўніку сцвярджаецца: “Парчэўскі Станіслаў (1803 — 1830), тэолаг і літаратар... Нарадзіўся 1 сакавіка ў мястэчку Залессе ў Мсціслаўскім павеце Магілёўскай губерні. Яго бацька быў мсціслаўскім суддзёй, маці з дома Марцінкевічаўна. Па ёй быў унукам адной з трох сясцёр рымска-каталіцкага Магілёўскага Арцыбіскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, які апекаваў свайго кузіна”.

У гэтых звестках ёсць дзіўныя для энцыклапедыі не толькі недаказанасці (імя бацькі? імя маці? якой з трох сясцёр?), але і памылкі. Аднак не зачапіцца за такое вядомае кожнаму беларусу прозвішча “Марцінкевіч” (праўда, без звыклага нам прыдомка “Дунін-”) уважлівы чытач наўрад ці мог. Зрэшты, падобна, менавіта мы ўпершыню паведамім чытачам “К“ пра повязь праз Станіслава Парчэўскага двух нашых геніяў: Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Адама Міцкевіча.

Энцыклапедычныя памылкі

Уважлівы чытач ужо мог заўважыць некаторыя неадпаведнасці паміж звесткамі аб нараджэнні Станіслава, прыведзенымі ў маім артыкуле пра Францішку Парчэўскую, і інфармацыяй з “Польскага біяграфічнага слоўніка”. На самай справе, нарадзіўся Станіслаў не ў Залессі, а ў Горлаве, якое размяшчалася не ў Мсціслаўскім, а ў Чавускім павеце (цяпер вёска Дрыбінскага раёна). Гэта зусім побач з Раснай, дзе да нашага часу захаваліся разваліны касцёла, прыхаджанамі якога былі Парчэўскія. Бацькам Станіслава быў не мсціслаўскі суддзя, а падсудак Чавускага павета Вінцэнт Парчэўскі. Паколькі ў артыкуле з энцыклапедыі няма спасылкі на крыніцу, адкуль аўтар запазычыў свае звесткі, выкажам здагадку, што нашага героя пераблыталі з нейкім яго цёзкам.

У падмацаванне сваіх слоў прывяду вытрымку з канкрэтнага дакумента: падрабязнай характарыстыкі, складзенай на Станіслава 4 чэрвеня 1827 года: “Казімір Станіслаў Парчэўскі нарадзіўся ў Магілёўскай губерні Чаўсаўскага павета Расненскага прыходу ў маёнтку Горлава 1 сакавіка 1803 года ад высакародных і законна вянчаных памешчыкаў Вінцэнта і Францішкі, па бацьку Марцінкевічавай, Парчэўскіх, там тады ж гэнага прыходу святаром Іосіфам Пяркоўскім ахрышчаны, з 1 сакавіка 1827 пачаў 25-ы год свайго жыцця. Віленскім універсітэтам за стараннасць да навук і поспех у іх 30 чэрвеня 1824 г. № 3421 атэстатам, а па вытрымцы экзамену ў дагматычным маральным i пастырскім багаслоўі, царкоўным і агульным летапісе, кананічным праве, батаніцы, заалогіі, логіцы, метафізіцы, маральнай філасофіі, красамоўстве, вершатворчасці, Свяшчэнным Пісанні, біблейскай археалогіі, псіхалогіі, гігіене, лацінскай і грэчаскай славеснасці, грэчаскай, яўрэйскай, арабскай, расійскай, французскай, нямецкай, англійскай і італьянскай мовах 30 чэрвеня 1824 г. № 3540 магістрам, а 3 ліпеня 1825 г. № 2693 доктарам багаслоўя ўдастоены. Аб атрыманні першых чатырох меншых ступеняў святарства і добрапрыстойных паводзінах на працягу 5 гадоў у Віленскай галоўнай семінарыі, да тае семінарыі рэгентам у ліпені 1825 г. № 240 засведчаны. Спадаром біскупам і кавалерам Ліпскім у Санкт-Пецярбургу 19 кастрычніка 1826 г. у іпадыяканы пасвечаны. З 15 кастрычніка 1825 у навучальным аддзяленні пры Міністэрстве замежных спраў навучаўся ўсходнім мовам, і на тое ад 5 красавіка 1826 года за № 28 атрымаў атэстат”.

Такая характарыстыка спатрэбілася Станіславу Парчэўскаму з-за ўзніклай тады праблемы. Справа ў тым, што перад самай смерцю 16 лістапада 1826 года мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч прызначыў унучатага пляменніка пробашчам пабудаванага ім у сваім доме ў Санкт-Пецярбургу Каломенскага касцёла святога Станіслава. Ясна, што прыход у сталіцы велізарнай імперыі прадугледжваў стабільны і немалы прыбытак. У студзені 1827 года Парчэўскі, плануючы выправіцца за мяжу для працягу навучання, папрасіў зрабіць яго пробашчам, а на час адсутнасці прызначыць яму намесніка.

Мясцовае духоўнае кіраўніцтва ўжо было пагадзілася выканаць волю Сестранцэвіча, і з 1 красавіка 1827 года на дзвярах пецярбургскіх касцёлаў было прымацаванае неабходнае паводле закону апавяшчэнне аб будучым прызначэнні Станіслава Парчэўскага. Рабілася гэта на той выпадак, калі некаму былі вядомыя якія-небудзь прычыны, якія таму прызначэнню перашкаджалі. Аб’явы правіселі некаторы час і не выклікалі пратэстаў, пакуль у духоўнай кансісторыі не звярнулі ўвагі на адну “дробязь”.

Выходзіла, што пробашчам станавіўся… нават не святар! Па існуючых на той момант правілах, над субдыяканам не здзяйсняўся святы абрад пасвячэння, хоць ён ужо павінен быў выконваць цэлібат. Духоўная калегія ў накіраванай у Магілёўскую кансісторыю пастанове заключыла аб немагчымасці прызначэння Парчэўскага да прыняцця ім духоўнага сану.

20 мая 1827 года Парчэўскі звярнуўся да Санкт-Пецярбургскага дэкана ксяндза Дамініка Браўна з прашэннем вызначыць для парафіі часовага пробашча. Сам Станіслаў “дзеля выканання волі начальства” меўся выправіцца ў Вільню, а потым у Вену і Рым для прыгатавання да прыняцця сану.

У выніку, у чэрвені 1827 года Станіславу было загадана здаць усе справы і адправіцца ў Вільню для экзаменавання і пасвячэння ў сан. І толькі калі ён прывязе грамату ад біскупа, тады будзе мець права прасіць аб прызначэнні яго пробашчам. У верасні 1827 года Парчэўскі выправіўся ў сваё падарожжа, на якое яму ўдалося нават атрымаць стыпендыю. У Пецярбург ён ужо не вернецца…

/i/content/pi/cult/649/14420/31.jpgСловы па-над труною

У нас ёсць успаміны пра навучанне Парчэўскага ў Віленскім універсітэце (ліпень 1823 ці 1824 года), якія пакінуў яго выкладчык, прафесар рускай мовы і славеснасці Іван Мікалаевіч Лабойка (1786 — 1861): “Следчыя камісіі станавіліся час ад часу больш грознымі. Каб умацаваць душу, я ездзіў на вакацыі ў Пецярбург. Аднойчы ўпрасілі мяне ўзяць туды з сабой двух студэнтаў, Парчэўскага і Карчэўскага. Парчэўскі быў унук мітрапаліта Сестранцэвіча. Цудоўны, стройны малады чалавек, перш ён гадаваўся ў езуітаў, потым у Пецярбургскай гімназіі, а потым у Віленскім універсітэце. Мітрапаліт угаварыў яго прысвяціць сябе духоўнаму званню...”

У іншым месцы ўспамінаў Лабойка дадае падрабязнасці: “Унук яго Станіслаў Парчэўскі, які навучаўся спачатку ў Пецярбургскай гімназіі, прызначаны быў мітрапалітам Сестранцэвічам для дасягнення вышэйшых духоўных ступеняў. З гэтым намерам ён паслаў яго ў Вільню, каб прыгатаваць яго ў Галоўнай духоўнай семінарыі да духоўнага звання. Вярнуўшыся да мітрапаліта ў Пецярбург, ксёндз Парчэўскі ўдасканаліўся ў свецкіх навуках і мовах, але, калі рыхтаваўся да скорага падарожжа ў Вену і Рым для агляду духоўных вучэльняў і знаёмства з вышэйшымі саноўнікамі рымска-каталіцкай царквы, малады Парчэўскі пазбавіўся свайго заступніка і дзеда... Парчэўскі вымавіў пры пахаванні мітрапаліта надмагільныя словы на французскай мове, і гэтым захаваў ён як пра сябе, так пра яго даўгавечную памяць”.

Варта адзначыць, што гэта быў ужо не першы літаратурны вопыт Станіслава Парчэўскага. Яшчэ ў 1824 годзе ў віленскай газеце “Dzieje Dobroczynnosci Krajowej i Zagranicznej” ён дэбютаваў перакладам з рускай на польскую нашумелай у свае часы прамовы праваслаўнага мітрапаліта Платона (Леўшына), вымаўленай ім на каранацыі Аляксандра I. 

Дзіўна, але і ў жыцці як самога мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча, так і яго ўнучатага пляменніка Станіслава Парчэўскага своеасаблівым трамплінам для хуткага ўзлёту апынуліся менавіта іх прамовы. Прычым апошні вызначыўся на гэтай ніве яшчэ ў падлеткавым веку. Вядомы даследчык Язэп Янушкевіч прыгадвае яго словы, сказаныя над труною сваяка ў Жупранскім касцёле, і той эфект, які яны мелі на слухачоў. “Пасля нечаканага ні для бацькоў, ні тым больш для сябе самога па даросламу разумнага, шчымлівага развітальнага слова, моўленага чатырнаццацігадовым, сямейная рада тут жа адзінадушна паставіла паслаць здольнага прамоўцу ў Еўропу па навуку” — піша навуковец. Але сваю “зорную” прамову Станіслаў Парчэўскі агучыў менавіта на пахаванні мітрапаліта.

Смерць апекуна, які адышоў у лепшы свет ва ўзросце 96 гадоў, стала далёка не самай трагічнай падзеяй у жыцці клерыка. У лютым 1827 года скончыў жыццё самагубствам ягоны “калега і сардэчны сябра”, малады паэт і перакладчык Людвік Шпіцнагель. Ён прыехаў у маёнтак Рдултоўскіх у Снове — і неўзабаве стрэліў сабе ў сэрца. Найбольш верагодная прычына такога ўчынку — неўзаемнае каханне да Анэлі Рдултоўскай.

Каляды з Міцкевічам

У лістападзе 1829 года Парчэўскага заспелі ў Рыме два паэты, якія вандравалі ў гэты час па Еўропе: першы нарадзіўся на Наваградчыне — Адам Міцкевіч, а другі на Ашмяншчыне — Антоні Эдвард Адынец. Міцкевіч адразу апынуўся ў цэнтры ўвагі мясцовых эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай і Расіі. У яго гонар нават быў зладжаны абед у расійскага пасла князя Рыгора Гагарына — дыпламата, паэта і апекуна мастацтваў. Сярод дванаццаці запрошаных гасцей прысутнічалі такія вядомыя людзі, як княгіня Зінаіда Валконская (гаспадыня літаратурнага салона, пісьменніца, паэтка, спявачка і кампазітар), выхавальнік яе сына, літаратурны крытык і паэт Сцяпан Шавыроў, знакамітыя мастакі Фёдар Бруні і Карл Брулоў… У гэтую папраўдзе зорную кампанію патрапіў і наш герой — Станіслаў Парчэўскі.

25 лістапада Адынец напісаў свой першы ліст Юльяну Корсаку з Рыма, дзе яны з Адамам Міцкевічам знаходзіліся ўжо тыдзень. Ладная яго частка прысвечана Парчэўскаму, дзякуючы чаму мы можам даведацца пра літаратурныя схільнасці будучага святара: “Ён мой аднагодка, і я ведаў, што ўжо ў Вільні ён меў цягу да пяра. Сёння ён прызнаўся мне, што піша гістарычную аповесць пад назвай “Уладзіслаў Белы” (гнеўкаўскі князь, сын князя Казіміра III, прэтэндэнт на польскі прастол, атрымаў мянушку “кароль Ланселот” — З.Д.), якую хоча нам калі-небудзь прачытаць. Адама ён ведаў здалёк ужо ў Пецярбургу і быў горача ў яго ўлюбёны”.

Маладыя людзі хутка пасябравалі. Разам з Міцкевічам і Адынцом Парчэўскі адзначаў вігілію перад Калядамі. А літаральна праз пару тыдняў здарылася, напэўна, галоўная падзея ў кароткім жыцці Станіслава. Каб не ён, магчыма, чалавецтва ніколі не атрымала б такія шэдэўры, як “Дзяды” і “Пан Тадэвуш”. Хаця самому Парчэўскаму прачытаць іх было ўжо не наканавана.

Зрэшты, пра гэты драматычны выпадак і далейшую трагедыю — наступным разам.

(Працяг будзе.)

Зміцер ДРОЗД,
гісторык, архівіст