Купала — у песні, “Байкер” — у дарозе

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

8 чэрвеня ў Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі пройдзе аўтарскі вечар кампазітара Алега Молчана. Адметнасць яго — не толькі ў зорным складзе ўдзельнікаў, але і ў даўно анансаванай самім творцам прэм’еры: на канцэрце ўпершыню для шырокай публікі прагучаць некаторыя песні з праграмы “Родныя песні” на вершы Янкі Купалы.

 /i/content/pi/cult/163/1442/Kupala.jpg
Удзел у канцэрце возьмуць народныя артысты Беларусі Анатоль Ярмоленка і Мікалай Скорыкаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, Якаў Навуменка і былы ўдзельнік “Песняроў” Уладзімір Ткачэнка. Дарэчы, удзельнікаў розных “песняроўскіх” складаў будзе ў канцэрце багата. Сярод іх — Аляксандр Віслаўскі, Віктар Малчанаў, Уладзімір Марусіч, Вадзім Касенка.

Адметнасцю аўтарскага вечара Алега Молчана, апроч чаканай прэм’еры, стане і ўзнаўленне знаёмых песень у новым выкананні. “Чужую” выканае Мікалай Скорыкаў, а “Мілую жанчыну” і “Юнацтва” — Анатоль Ярмоленка.

Зусім нядаўна новы мюзікл “Байкер” беларускага кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча выйшаў, нарэшце, на публіку: 25 мая ў Гродне адбыўся яго першы перадпрэм’ерны паказ. Наступная такая “абкатка” — 15 чэрвеня ў Брэсце. А вось мінчане застануцца пакуль у ар’ергардзе: сталічная прэм’ера чакаецца толькі ўвосень.

Як ні дзіўна, але ў аснову спектакля пакладзены… французскі раман ХVІІІ стагоддзя “Небяспечныя сувязі” Ш. дэ Лакло, знаёмы многім па шматлікіх замежных экранізацыях. Дый мюзікл паводле яго У.Кандрусевіч напісаў крыху больш за дзесяцігоддзе таму: прызначаны для Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, ён і дагэтуль не ўбачыў святла рампы. Бо калі ўзнікла магчымасць ажыццявіць пастаноўку з “маладзёжнай зборнай” эстрадных салістаў, кампазітар не проста “падрэдагаваў” сваю партытуру, а стварыў абсалютна новую.

Рэжысёрам і аўтарам дыялогаў (дзеянне, між іншым, перанесена ў сучаснаць) выступіў Генадзь Давыдзька, з якім кампазітара звязвае сумесная праца над дзіцячым мюзіклам “Афрыка” ў Купалаўскім тэатры. Сцэнаграфічныя эфекты і строі нафантазіраваў мастак Веніямін Маршак. Спектакль ідзе пад фанаграму “мінус адзін”, калі на запіс інструментальнага суправаджэння накладваюцца жывыя галасы салістаў, але кампазітар спадзяецца і на цалкам жывое выкананне. Артыстаў, як і належыць, — два склады, куды ўваходзяць такія маладыя выканаўцы, як Дарыя, Венера, Іван Буслай, Алена Ланская і інш. Толькі сам Байкер пакуль адзін: у гэтай ролі— вядомы “КВЗшнік”, саліст рок-гурта, удзельнік “Comedy Club” Ван Хельсінг. Ці не давядзецца яму хутка змяніць псеўданім? Бо так і пачнуць называць — Байкерам.

 

На здымку: сцэна са спектакля “Байкер”.