Жыццё як сюррэалізм

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Леанід Барткевіч скончыў маляваць у 60 гадоў і лічыць, што вучыцца мастацтву жывапісу не трэба.
Працягваючы цыкл артыкулаў “Калі карціна... заіграла”, які апавядае пра дзеячаў культуры, чыім “дадатковым” прызваннем стаў жывапіс, “К” выправілася ў госці да Леаніда БАРТКЕВІЧА — пад Мінск, у вёску Валяр’янава. Адзін з тых, хто будаваў вялікія “Песняры”, прыняў прадстаўнікоў газеты ў сваім утульным катэджы. На заўвагу, што ў такім выдатным доме павінен жыць не заслужаны артыст Беларусі, якім Леанід Леанідавіч і з’яўляецца, а народны, ён толькі ўсміхнуўся: “Не ведаю чаму, але пакуль для гэтага звання я не дарос”. Мы падбадзёрылi маэстра надзеяй, што праз пару гадоў, акурат да 70-годдзя, знакамітага выканаўцу яно не абміне. І нагадалі: наша сустрэча з ім прысвечана не яго музычнаму лёсу, а іншай грані таленту — выяўленчаму мастацтву.

/i/content/pi/cult/649/14419/28.jpgУ чым “вінаваты” Мулявін

Сваё знаходжанне ў яслях я не памятаю. Не памятае ў падрабязнасцях сваё і Барткевіч, але за тое, што менавіта там “заразіўся” жывапісам, ён адказвае. Упершыню ўбачыўшы раскладзеныя на століках для малечы аркушыкі паперы з каляровымі алоўкамі, фарбамі, пэндзлікамі, Лёня адразу сеў у крэсла і стаў засяроджана маляваць звяроў і людзей, домікі і прыроду — усё тое, што раптам з яго палілося.

— Значыць, калі казаць высакамоўным складам, я нарадзіўся мастаком! — смяецца Леанід, але тут жа становіцца сур’ёзным. — І да нядаўняга часу, калі я бачыў чысты аркуш паперы, нешта ўнутры мяне пачынала адбывацца, падштурхоўваць, бударажыць розум.

І ў школе сваё захапленне Лёня не кідаў. Насценгазеты, “маланкі”, агітацыйныя плакаты, віншавальныя адрасы і паштоўкі, календары, упрыгожванне актавых залаў — да таго, што звязана з жывапісам, ён меў дачыненне на працягу ўсіх гадоў вучобы. Адпаведна, хлапчука адпраўлялі на разнастайныя конкурсы і алімпіяды — рознага рангу і ўзроўню. І не раз, не два, не тры... Ён вяртаўся з іх з перамогай або прызёрам. Лагічным стаў яго выбар (па заканчэнні восьмага класа сярэдняй школы) на карысць архітэктурна-будаўнічага тэхнікума. Галоўным уступным іспытам пры прыёме туды быў, натуральна, прадмет “Маляванне”. Менавіта тады падлетак у першы раз і ўбачыў мальберт! А таксама тое, як ужо вопытныя абітурыенты на вока прыкідвалі перспектыву. Маляваць трэба было з натуры гіпсавую галаву Геракла — што за паўгадзіны, замест адведзеных трох гадзін, Барткевіч і зрабіў. І, атрымаўшы пяць балаў, быў прыняты — незалежна ад вынікаў іншых экзаменаў.

У Беларускім дзяржаўным праектным інстытуце сельскага будаўніцтва малады спецыяліст затрымаўся толькі на паўтара года — адтуль яго ў 1970-м літаральна выкраў Мулявін, пачуўшы пра таленавітага... не, не архітэктара, не мастака, а самадзейнага выканаўцу, які меў музычную адукацыю і сякі-такі досвед выступаў (у тым ліку, у легендарным ВІА “Залатыя яблыкі”). Уладзімір Георгіевіч праслухаў Барткевіча і рэкрутаваў да сябе ў “Песняры”.

Ён бачыў Далі

Сваё нежаданне прафесійна навучыцца жывапісу ў якой-небудзь ВНУ Леанід Барткевіч тлумачыць так: “Ужо ў архітэктурным я прыйшоў да такой высновы: калі хтосьці нарадзіўся мастаком, то вучыцца яму не трэба. Інстытуты з вучылішчамі могуць толькі перашкодзіць развіццю ў такім чалавеку яго індывідуальнасці, а то і забіць яе. (Педагогі, як правіла, імкнуцца са студэнтаў зрабіць падабенства саміх сябе.) Яркай асобе проста трэба ўмець выкарыстаць той шанец, які абавязкова прадаставіць ёй лёс — заявіць пра сябе, каб хобі стала яе сапраўдным прызваннем і давала працу. Як гэта адбылося са мной у музыцы”.

У “Песнярах” ён з цягам часу таксама стаў “падпрацоўваць” мастаком, дапамагаючы з афармленнем канцэртных праграм, падаючы нейкія дызайнерскія ідэі, удзельнічаючы ў стварэнні сцэнічных касцюмаў: “Гэта ж я прапанаваў менавіта такім чынам напісаць назву “Песняры” на барабаннай устаноўцы!”

Кумірамі ў жывапісе для спадара Барткевіча былі і застаюцца класікі — Рафаэль Санці, Мікеланджэла Буанароці, Сальвадор Далі. І калі двум першым ён у знак свайго пакланення перад імі руку па аб’ектыўных і паважных прычынах паціснуць не паспеў, то з эпатажным гуру — у самыя апошнія гады жыцця каталонца — пазнаёміцца яму, паводле ўласных слоў, удалося.

З беларускіх жывапісцаў Барткевіч вылучае Аляксандра Ісачова. З расійскіх — Ілью Глазунова і Канстанціна Дзверына. Але сам, пры ўсёй любові да рэалізму і імпрэсіянізму, рэалізаваў сябе як жывапісец усё-такі ў сюррэалізме. “Колеры для мяне — гэта ўсё”. Нярэдка сваім работам назваў ён не даваў, і подпісаў пад імі няма. “Малюеш, бывае, адно, а потым раптам нахлыне іншы настрой — і пачынаеш зафарбоўваць, перамалёўваць”.

/i/content/pi/cult/649/14419/29.jpgБолей маляваць не цягне

Асноўная частка карцін Барткевіча знаходзіцца ў ЗША, куды ён з’ехаў у 1991 годзе разам з тагачаснай сваёй жонкай, знакамітай гімнасткай Вольгай Корбут. Намаляваў “пясняр” іх там ледзь не паўсотні! Вяртаючыся ў 2000-м на радзіму, сваю жывапісную “амерыканскую” спадчыну ён пакінуў за акіянам, бо не надта дбаў пра тое, што яна павінна быць сабрана ў нейкім адным месцы. У Штатах выставы ўласных палотнаў Леанід Леанідавіч ладзіў, у Беларусі — не. І не плануе. І з такімі ідэямі да яго ніхто збоку не звяртаўся, што проста дзіўна! Упэўнены, займіся хто-небудзь арганізацыяй такога праекта, народны “лом” яму быў бы гарантаваны. Ды і вялікаму музыканту, які яшчэ і малюе, прычым доўгія-доўгія гады, было б, мяркую, цікава паназіраць за рэакцыяй на такую яго творчасць і простых людзей, і прафесійных жывапісцаў, і крытыкаў.

— Можа быць, — з сумневам хістае галавой у адказ на такі мой пасыл Барткевіч. — Але вось што дакладна я не стаў бы рабіць, дык гэта гандляваць сваімі карцінамі. “Пад’язджалі” да мяне, прапаноўвалі нешта купіць, прасілі напісаць пад замову. Адмаўляў. Гэта гісторыя не пра мяне. За тры рублі я не прадам, а хто ведае сапраўдную цану маіх работ? Маё маляванне — не бізнес. Маляванне — гэта ўсплёск майго натхнення. А спекуляваць ім неяк непрыгожа.

Сучасны жывапіс спадар Барткевіч не прымае і ўвогуле з нейкага моманту за ім амаль не сочыць. Ва ўсякім выпадку, тое, што адбываецца ў гэтай галіне мастацтва ў Беларусі, яму не вядома. “Аднойчы я ўбачыў, як малюе нейкі заходні мастак — ставіць плямы на палатне сваёй, прашу прабачэння, пятай кропкай. А потым гэты “твор”, аказваецца, прадалі за казачныя грошы. Яшчэ з падобным маньякам сутыкнуўся. І ўсё — сучасны жывапіс з таго часу для мяне памёр”. З айчыннымі мастакамі ён не кантактуе, на выставы ходзіць вельмі рэдка і толькі па запрашэнні.

Ды і сам Леанід Барткевіч з 2009 года нічога не піша. Тлумачыць гэта проста: “Не цягне...”

Меркаванне мастацтвазнаўцы Пётры Васілеўскага

Наіўна, але шчыра

— Вядома, у плане творчасці — я кажу пра выяўленчае мастацтва — гэта абсалютна шчаслівы чалавек, які робіць тое, што яму падабаецца, не аглядаючыся ні на публіку, ні на чыё-небудзь важкае меркаванне. Напэўна, яму нават пашчасціла, што ён не захацеў стаць у дадзенай галіне прафесіяналам, што не ўліўся ў сістэму. Я знаёмы з некаторымі знакамітымі мастакамі, якія сёння мучацца, вымушана займаючыся тым, чаму іх калісьці быццам бы правільна навучылі, але якія на самай справе так і не змаглі, не захацелі, пабаяліся выцягнуць са свайго нутра сябе сапраўдных. Зарабленне грошай стала спосабам іх самарэалізацыі.

У некаторых работах Барткевіча выразна адчуваецца, калі можна так сказаць, прысмак дзіцячасці (мне, дарэчы, гэта спадабалася), яны нясуць на сабе адбітак ранняга сюррэалізму. Пры ўсёй іх “наіўнасці” (з пункту гледжання мастацтва жывапісу канца XX-га — пачатку XXI-га стагоддзя), у іх ёсць сапраўдныя сэрца і душа, настрой. Так, часам не зусім разумееш, якую задачу аўтар ставіў перад сабой, пачынаючы пісаць тую ці іншую карціну. Аднак гэтым канчатковыя вынікі і цікавыя, нават калі яны выйшлі... банальнымі. Зрэшты, і вельмі эфектныя творы таксама ёсць. Вартыя ўвагі яго “гульні” з колерамі, хоць мне здалося, што залатога ўсё ж такі зашмат. Але затое гэта ён, Леанід Барткевіч, гэта яго асяроддзе, там яму добра!

Як мне здаецца, каб Барткевіч прысвяціў сябе толькі жывапісу, ён стаў бы кімсьці накшталт Ісачова, злучыўшы ў сваёй творчасці класіку з сюррэалізмам. Але больш высокага класа. Вазьму на сябе смеласць такое заявіць.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"