Калі ў клуба ёсць уласная вёска

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Зашырскі феномен ініцыятыўнасці
Каб моцна здзівіцца, варта наведаць вёску Зашыр’е, што ў Ельскім раёне. Гадоў колькі таму журналісты “К” зрабілі гэта падчас выязной рэдакцыі нашай газеты на Гомельшчыну. Уражанні жывыя і па сёння. Зашырскі культурна-спартыўны цэнтр, якім кіруе Яўгенія Шадрына, — установа без перабольшання ўнікальная. І не толькі тым, што з году ў год застаецца па ўсіх паказчыках лепшай сярод клубаў раёна. КСЦ даўно выйшаў за межы сваіх сцен і двух паверхаў, а на прылеглай тэрыторыі практычна не спыняецца будаўніцтва. Усё разам гэта — і мадэльная клубная ўстанова, і турыстычны аб’ект, што не мае аналагаў на Беларусі. Закарцела даведацца, якім новым зместам папоўнілася за гэты час гаспадарка Шадрынай.

/i/content/pi/cult/649/14415/21.jpgА папоўнілася тая гаспадарка… уласнай вёскай. Аднак варта нагадаць чытачу, з чаго ўсё пачыналася ўвогуле. Гісторыя не будзе кароткай, бо ў чарговы раз хочацца патлумачыць сёе-тое тым работнікам культуры, якія не стамляюцца сцвярджаць, што ў іхніх установах культуры “ўсё, як ва ўсіх”.

Характар

Любая творчая справа пачынаецца, напэўна, з усведамлення таго, што і для чаго ты павінен зрабіць. Яўгенія Шадрына скончыла ў свой час Інстытут культуры і пасля ніколі не сумнявалася ў сваёй місіі: сельскі работнік культуры павінен працаваць так, каб моладзь заставалася ў вёсцы, ведаючы, што роднае паселішча ніколі не стане бесперспектыўным. Значыць, трэба знайсці свой шлях і годна па ім прайсці, не аглядваючыся на іншых. І тут неабходны адпаведны характар. Яна такой і прыйшла ў прафесію: упартай, мэтанакіраванай, амбіцыйнай, напоўненай ідэямі і планамі. А Зашыр’е, між іншым, застаецца вельмі перспектыўным аграгарадком.

Адукаваных і мэтанакіраваных у раёне шмат. А Яўгенія Шадрына адна. Чаму? Паспрабуйце самі адказаць на гэтае пытанне. Зазначу толькі адно: муж кіраўніка КСЦ не стаў енчыць, што каханай суткамі няма дома, а стаў працаваць разам. І не пад абцас, як кажуць, трапіў, а ў магутны энергетычны паток. Толькі ў такіх умовах, відаць, у творцаў вырастаюць крылы. Але ўсё гэта — лірыка.

Мінімум

Пагаворым пра канкрэтыку. Вялізная двухпавярховая будыніна КСЦ — спадчына савецкага часу. У сённяшніх эканамічных умовах утрыманне такога гмаху камусьці падасца невыносным цяжарам, а Яўгеніі Аляксандраўне — самае тое. Планы па аказанні паслуг насельніцтву ўстанова пастаянна перавыконвае. Якасць платных канцэртаў мясцовай самадзейнасці і пастановак тэатральнага калектыву (таксама мясцовага) — тэма для асобнай гаворкі. Не было б якасці — не было б і важкага пазабюджэтнага выніку.

Танцавальная, глядзельная і спартыўная залы выкарыстоўваюцца з поўнай нагрузкай. На клубных паверхах займаюцца без малога тры дзясяткі гурткоў. А яшчэ дзейнічаюць тут сем аматарскіх калектываў — усе ўзорныя і народныя. Факты ўражваюць?! Але не выключаю магчымасці, што дзесьці на Беларусі ёсць прыкладна такая ж установа культуры з прыкладна гэткай жа паспяховай статыстыкай працы. Так што гаворка пакуль — пра ці не абавязковы мінімум.

/i/content/pi/cult/649/14415/22.jpgМаксімум

А вось цяпер — пра максімум, своеасабліва матэрыялізаваны дадатак да моцнага характару кіраўніка культурна-спартыўнага цэнтра. Гэта ўжо далёка не “так, як ва ўсіх”.

Тое, што ёсць з матэрыяльнай базы, аднойчы падалося Яўгеніі Аляксандраўне недастатковым па плошчы і магчымасцях. Такім чынам узнікла ідэя прыбудовы кузні, ганчарні і бандарні з рамесніцкім дворыкам пасярэдзіне. Спакваля ідэя была ўвасобленая. Дворык упрыгожаны скульптурамі, мастацкімі інсталяцыямі… Карацей, усім тым, на што здольныя мясцовыя гурткоўцы на чале з майстрамі-рамеснікамі.

Уся гэтая “вытворчасць” дыхае, здзіўляе і змушае задумацца, у якую-такую тыпалогію занесці ўстанову, якая ніяк не жадае ўкладацца ў хрэстаматыйныя “жанравыя” рамкі. Дом культуры ды традыцыйнае рамесніцтва са спартыўным ухілам? Турыстычны аб’ект “КСЦ + творчыя майстэрні”? Шадрына не надта задумваецца над гэтымі пытаннямі. Яна робіць тое, што хоча рабіць. І турысты сюды едуць. Выкладаюць уражанні ў сацыяльныя сеткі, пашыраючы кола тых, хто любіць здзіўляцца ў межах Беларусі.

Спонсар

Крыху пра фінансы. Каб адказаць на спрадвечнае пытанне “Адкуль грошы?”, варта, напэўна, згадаць пра неблагія пазабюджэтныя вы-
нікі дзейнасці КСЦ. Большасць заробленага Шадрына выкарыстоўвае на, так бы мовіць, пашырэнне ўласных вытворчых плошчаў і магчымасцяў. А яшчэ ў Зашыр’і ёсць сельскагаспадарчая арганізацыя пад назвай “Саўгас “Камуніст”, якой кіруе Рыгор Бабчанок. Яўгенія Шадрына па характары — ягоны люстраны адбітак. Інакш кажучы, было з каго браць прыклад. А ініцыятыва, памножаная на ініцыятыву, і дае той верагодны вынік, які можна пабачыць у Зашыр’і. Залішне казаць, што “Саўгас “Камуніст” не проста трымаецца на плыву, але яшчэ і аказвае фінансавую падтрымку КСЦ з "прыбудовай".

Творца заўжды зразумее творцу. Шчаслівы выпадак: Рыгор Іванавіч — яшчэ і пісь-
меннік, з тых, хто “попашет землю, попишет стихи”. Вершаваныя цытаты з Бабчанка — упрыгожваюць фае КСЦ. А Шадрына тым часам набывае за пазабюджэтны кошт рыштунак для бандарні і падшуквае прыдатнага майстра. Гаспадары кузні ды ганчарні даўно сталі мясцовымі знакамітасцямі і героямі шматлікіх сэлфі. Яўгенія Аляксандраўна прыдумляе, будуе, афармляе новыя плошчы… Паралельна кіруе зашырскай культурай. Калі паспявае? Для такіх час сціскаецца. Так сіл хапіла яшчэ і на Максімум-2.

Максімум-2

А вось цяпер можна і пра клубную вёску распавесці. Будаўнічыя работы ля КСЦ практычна не спыняюцца. Заслуга ў гэтым, як вы ўжо ведаеце, належыць і кіраўніку сельскагаспадарчай арганізацыі Рыгору Бабчанку. Вынік наступны. Да ўсяго, што было ў клубнай гаспадарцы, прырэзаўся яшчэ кавалак зямлі. Спачатку ўзнік двухпавярховы дамок нібыта з казкі. Побач, як грыбы, растуць хаткі-альтанкі. Іх ужо адзінаццаць.

У гэтым антуражы Яўгенія Шадрына задумала правесці раённы кірмаш талентаў “Фарбы спадчыны маёй”. Задумала і правяла на трох сцэнічных пляцоўках. Тут сабралі вялізную аўдыторыю выступленні лепшых аматарскіх калектываў Ельскага раёна. Арганізацыя і правядзенне такога мерапрыемства — таксама тэма асобная. Мы ж цяпер пра дынаміку развіцця незвычайнай установы. Хтосьці скажа: “Паказуха”. Я скажу: “Арганічнае жаданне творцы развівацца і развіваць!”

/i/content/pi/cult/649/14415/23.jpgМара

Сутнасць гэтай мары ў тым, што клубная ўстанова, па задумцы яе кіраўніка, набудзе неўзабаве яшчэ і музейны профіль. Яўгенія Іванаўна шмат гадоў збірае краязнаўчы матэрыял, прадметы мясцовага вясковага побыту тых паселішчаў, што зніклі альбо знікаюць з карты раёна. Кожнаму дасведчанаму зразумела: знікаюць не проста хаты і завулкі, а непаўторная гаворка, цікавыя легенды і паданні, тапонімы ды гідронімы… Мяркуецца, што ўся гэтая краязнаўчая база будзе змешчана ў двухпавярховым дамку клубнай вёскі. А ў хатках-альтанках запланавана ўтрымліваць узоры захаванага мясцовага традыцыйнага мастацтва. Ведаю, што нешта падобнае ў плане захавання знакамітых мясцовых фартушкоў створана і дзейнічае ў раённай бібліятэцы. А ў зашырскай кожная хатка ля КСЦ будзе мець назву зніклай вёскі і адлюструе яе колішняе рамесніцтва. Мара паступова пераўтвараецца ў яву. Гэты раздзельчык майго артыкула можна было смела назваць Максімум-3.

Выснова

Каб усе былі такімі, як Яўгенія Іванаўна, дык зашырскі творчы цуд стаў бы для нашай краіны нормай. Але цуд таму і цуд, што мае канкрэтныя межы. Праўда (і на шчасце!), межы гэтыя ў нашым выпадку ўстанаўлівае сам кіраўнік КСЦ. Словам, вяртаемся да таго, з чаго і пачыналі. За любой добрай справай — самаахвярнасць канкрэтнай асобы. Хто не згодны, паспрабуйце аспрэчыць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"