На мяжы мастацтва і жыцця

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Беларускае кіно на форуме “ХРОНОТОПь. ART: REBOOT”
Кіно памерла. Няхай жыве посткіно! Менавіта з такім ніцшэанскім настроем сустракаў сваіх гасцей міжнародны форум памежнай культуры “ХРОНОТОПь. ART: REBOOT”, які другі год запар ладзіцца ў прыроднай глушы “арт-вёскі Каптаруны”, што на самай мяжы паміж Беларуссю і Літвой. Акрамя традыцыйнага падзялення на адукацыйную праграмму і практыкаарыентаваны кіналагер, падчас якога яго ўдзельнікі здымалі свае стужкі, у гэтым годзе арганізатары вялікую ролю надалі кінапаказам беларускіх, расійскіх, украінскіх і польскіх фільмаў. Асноўнай іх тэмай стала спроба грунтоўнага асэнсавання прынцыпа “памежнасці”: эстэтычнага, маральнага, культурнага, палітычнага. “К” высвятляла, наколькі ўдала гэта атрымалася зрабіць.

/i/content/pi/cult/649/14414/20.jpgПаколькі стужак было паказана даволі шмат, мы вырашылі асвяціць толькі вялікую беларускую праграму, куратарам якой выступіў кінакрытык Антон Сідарэнка. У сваей прадмове ён зазначыў, што ў сваім выбары не кіраваўся фармальнымі крытэрыямі, таму ігравыя стужкі суседнічалі з дакументальнымі, жанравыя — з аўтарскімі. “Гэта творчасць паміж дакладнымі фармулёўкамі”, — падкрэсліў куратар і адкрыў сеанс паказам гульнявой кароткаметражкі рэжысёра Андрэя Цімафеева “Сапрамат”. Галоўнымі героямі стужкі сталі маладыя людзі: два мужчыны — задаволены сваем жыццём муж і цынічны бабнік-кар’ерыст — і дзве дзяўчыны — суцэльна пакорлівая хатняя гаспадыня і рамантычна настроеная 30-гадовая асоба. Усе яны пад прыцэлам камеры невядомай студэнткі журфака распавядаюць аб сваіх поглядах на каханне і адносіны з супрацьлеглым полам.

Па сваёй форме “Сапрамат” блізкі да тэатральнай пастаноўкі ў жанры вербацім, калі драматург пераносіць гаворку рэальных людзей у вусны прафесійных актораў. Гэтаксама зрабіў і Цімафееў, чыя стужка, па яго словах, на 65% складаецца з сапраўдных маналогаў. Дзеля большай цікавасці ён змяніў палавую прыналежнасць герояў, таму мужчыны “аддуваюцца” за жанчын і наадварот. За гэтай гульнёй у шчырасць, якую выконваюць сапраўдныя акцёры беларускіх тэатраў, і сапраўды цікава сачыць — але толькі да пары. Пры магчымасці згуляць на полі сацыяльнай сатыры пра гендарныя стэрэатыпы рэжысёр не ідзе далей за банальны атракцыён травесці. Атрымаўся добра выкананы анекдот з выразным пачаткам і адсутнасцю эпілога, у якім няма аўтарскай пазіцыі, а сэнс давядзецца шукаць самастойна.

Куды больш грунтоўнай выглядае дакументальная стужка “Ворша… Мінск… Ворша” выпускніцы БДАМ Юліі Ралко. Як і “Сапрамат”, у цэнтры ўвагі фільма моладзь. Але не пасіянарна-сталічная — улюбёны госць тэлеэкранаў — а больш звычайная, неамбіцыйная, тая, якую можна сустрэць у сваім двары ці па-за МКАДам, у беларускай правінцыі. Напрыклад, у Оршы — некалі легендарным горадзе, што паўстаў як фарпост Полацкага княства амаль тысячу гадоў таму і да сёння згубіў сваю былую веліч і моц. Сюды кожныя выхадныя прыязджае з Мінска юнак, каб пабачыць родных і наведаць сяброў.

Паўсядзённасць апошніх Ралко пільна адсочвае: вось хлопцы ідуць у краму за півам, потым — у клуб на дыскатэку, якая ледзь не канчаецца бойкай. Наступным разам героі граюць дома ў покер і сварацца на роўным месцы. І так па коле, з якога не бачна выхаду, пакуль ты сам не захочаш яго знайсці.

Яшчэ адно цікавае пытанне, якое падымае стужка рэжысёркі, тычыцца аўтарскай этыкі. Ралко зняла “Воршу…” патаемна, без дазволу людзей, якія фігуруюць у кадры, парушыўшы іх прыватныя межы. Яны пакуль нават не ведаюць, што патрапілі ў аналы беларускай дакументалістыкі, але гісторыя можа скончыцца вялікім скандалам і нават судовым разбіральніцтвам.

У этычную пастку трапілі і аўтаркі Вольга Драчук ды Любоў Зямцова. Дзяўчыны зрабілі стужку “Дзень Перамогі” ў форме home video, без папярэдняга абмеркавання працоўнай версіі з героямі, якімі сталі ветэраны афганскай вайны Юрый і Аляксандр. Яшчэ жвавыя пенсіянеры вельмі любяць свята Перамогі, падчас якога пераапранаюцца ў мундзіры афіцэраў часоў Вялікай Айчыннай і ўдзельнічаюць у ваенным парадзе. Іх відавочнае захапленне знікае, калі ўвечары, распіўшы даволі гарэлкі, адзін з ветэранаў прызнаецца, што пасля Другой сусветнай яго бацьку рэпрэсіравалі савецкія ўлады, а кроўны брат, паехаўшы дабравольна ваяваць у гарачую кропку, быў забіты, і навіна аб яго смерці дайшла акурат 9 мая. Гэтая жудасная трагедыя аднаго чалавека ўскрывае адваротны бок мілітарызму, заклікаючы нашчадкаў хутчэй не да гонару, а да пакаяння.

Вострыя спрэчкі паміж гледачамі распалілі мультымедыйныя працы фатографа Сяргея Гудзіліна: “Па краі” і “Востраў малака”. Зробленыя на мяжы мастацкага калажа, арт-відэа і рэпартажнай журналістыкі, яны адлюстроўваюць побыт беларусаў, якім пашанцавала правесці жыццё на ўскрайках дзяржавы. І калі больш агрэсіўны па мантажы і відэазнаходках “Па краі” замежны глядач без паглыблення ў наш медыйны кантэкст наўрад ці зразумее, то ад больш разважлівага, сузіральнага і нават медытатыўнага “Вострава малака” можа нават атрымаць асалоду. Некалькі сем’яў памежнай Друі кожны дзень дояць кароў, якія пасвяцца на востраве, што тэрытарыяльна належыць Латвіі. Фатаграфіі чароўнага рытуала сумяшчаюцца з відэашэрагам тых маляўнічых мясцін, якія хочацца наведаць самастойна. Назваць гэтую працу выключна дакументальнай цяжка — гэта хутчэй мастацкая журналістыка, у якой вялікую ролю адыгрывае музыка і праца мантажора. Зрэшты, разбірацца ў жанравых вызначэннях і сапраўды цікава хіба культуролагам, глядач жа атрымае асалоду ад прагляду і без дакладнай фармулёўкі.

Пасля беларусаў свой блок гульнявых і дакументальных прац прадставілі госці з Адэсы, а потым рэжысёр і прэзідзент Канскага фестывалю (Канск — горад у Сібіры) Андрэй Сільвестраў прадставіў эксперыментальную стужку “Расія як сон”. Большасць удзельнікаў кіналагера іх прагляд праігнаравала, выкарыстаўшы магчымасць адпачыць ля вогнішча сярод дзікай прыроды, і таму не зразумела галоўнага — з незалежным кіно ў нас якраз усё добра. Айчынныя працы на фоне больш развітых кінематаграфій нашых суседзяў выглядалі моцна і арганічна. І хто ведае — магчыма, менавіта сенняшнія эксперыментатары заўтра атрымаюць магчымасць здымаць больш масавае, камерцыйнае кіно.

Тарас ТАРНАЛІЦКІ