Аўтарскі. Фантомны. Партызанскі.

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

“Кампосту многа, а сейбітаў усе менш”
З рэжысёрам, акцёрам і педагогам Андрэем САЎЧАНКАМ мы гутарым пра сучасны беларускі тэатр і яго будучыню. Атрымалася не толькі нагнаць смутку на перспектывы нашага тэатральнага мастацтва, але і дайсці да пытання “Хто мы?” Аўтар дзясяткаў тэатральных праектаў, у ліку якіх знакамітыя “Бі-Лінгвы”, а таксама арганізатар беларускамоўных акцёрскіх курсаў для дзяцей, бізнесменаў, менеджараў, публічных людзей і артыстаў, не баіцца выказваць спрэчныя і часам нават рэзкія думкі — бо хоча бачыць айчынны тэатр сучасным і самабытным.

/i/content/pi/cult/649/14412/15.jpg— Спадар Андрэй, ці можна назваць тое, чым вы займаецеся, альтэрнатыўным тэатрам?

— Думаю, наўрад ці. Гэта слова наогул з 1990-х гадоў, тады адзін мінскі тэатр так і называўся — “Альтэрнатыўны”. А цяпер… Будзьма шчырымі: каму ў наш час можна ствараць альтэрнатыву? Альтэрнатыва — гэта калі тое, што я бачу, — несапраўднае, а я ведаю, як зрабіць па-сапраўднаму. Цяпер у такім апаненце праблема. Таму мне не хочацца ствараць альтэрнатыву, хочацца проста ствараць.

— А што менавіта?

— Ёсць шмат тэмаў, якія мяне цікавяць, але цяпер у мяне перыяд пераацэнкі. Раней я быў упэўнены, што тэатр здольны мяняць людзей, выхоўваць, быць ім неабходным, што варта ўкладацца ў гэта. Выхавалася свая публіка ў Мінску. А цяпер прыходзіць усведамленне таго, што тэатр непатрэбны. Людзі спакойна жывуць без яго, ён не становіцца іх часткай, іх неабходнасцю, іх паветрам. Альбо праблема ў тэатры, альбо ў людзях, альбо ва ўзаемадачыненнях тэатра і людзей.

— Тады што трэба рабіць, каб тэатр станавіўся неабходнасцю чалавека?

— Застаецца толькі разбірацца з сабой, са сваімі мэтавымі ўстаноўкамі. Як ты ставішся да гледачоў? Ты іх любіш, прымаеш такімі, якія яны ёсць, ненавідзіш, правакуеш? У чым сёння прызначэнне тэатра? Расплюшчваць вочы на праўду, выклікаць гледача на шчырую размову, забаўляць, прыносіць эстэтычнае задавальненне? Ці ствараць надрэальную сітуацыю, калі ўсе кудысьці злятаюць?..

— Вечнае пытанне: якім павінен быць тэатр…

— Мне падаецца, што тэатр “не павінен быць”, але ёсць. Ён чамусьці нараджаецца, набывае нейкія формы. Думаю, тэатр не павінен нікому і нічога. Але ў адказ магу задаць іншае пытанне: навошта займацца тэатрам? Вы як думаеце?

— Людзі кайфуюць, у іх ёсць патрэба нешта выказаць, стаць знакамітымі...

— Вы — рамантык. Насамрэч, жыццё далёкае ад такой ідыліі. Ёсць людзі, якія калісьці прыйшлі ў прафесію, авалодалі ёй і ніяк не могуць выйсці з яе. З-за адчування, што для нейкай місіі ты патрэбны. Жыццёвая неабходнасць штосьці здзяйсняць існуе да таго моманту, пакуль ты не атрымліваеш па карку альбо не трапляеш у фінансавую яміну. Па сутнасці, займаючыся тэатрам, ты мусіш балансаваць паміж рознымі фактарамі. Можна адаптавацца да жыцця і зменшыць свае амбіцыі. Можна прыдумаць форму беднага ідэйнага тэатра, як калісьці Гратоўскі, але тады вельмі складана выжываць у прафесіі: наколькі б ты ні быў ідэйным, усё роўна трэба неяк зарабляць грошы.

— Але канцэпт такога “беднага” тэатра вам падабаецца?

— Я выхаваны ў любові і павазе да студыйнасці, да атмасферы, у якой можа штосьці нараджацца, дзе з жывымі людзьмі адбываецца нейкі цуд, дзе ёсць прастора для выказванняў, перажыванняў, рэфлексіі, аналізу. Але інстытуцый, якія дазваляюць зрабіць тэатр-студыю, сёння ў нас няма. Таму самымі жывучымі аказваюцца праектныя тэатры. Гэта адзінае выйсце ў нашай рэчаіснасці, бо студыі падтрымліваць ніхто не будзе, а праект можна ажыццявіць і закрыць.

Тое, чым я займаюся, яшчэ можна назваць фантомным тэатрам: як з’явіўся, так і знік. Гэта выгадна, бо цябе амаль немагчыма злавіць і “прыжучыць”, альбо “пад шапку” загнаць, альбо ў яму. З іншага боку, такія рэчы як нажыванне аўдыторыі, вядомасць, імя, аўтарытэт, прасоўванне ў медыяпрасторы, у фантомным тэатры немагчымыя. Тут трэба пастаянна лавіраваць.

/i/content/pi/cult/649/14412/16.jpg— А ці магчымы баланс паміж тым, што ты хочаш рабіць, і тым, на чым можна зарабіць грошы?

— Мне апошнім часам раяць знайсці дырэктара ці прадзюсара, які здатны вырашаць практычныя пытанні і дыктаваць умовы. Але гэта ўжо будзе не той тэатр, якім я захачу займацца. Таму мне асабіста і тэатру наогул трэба знаходзіць нейкую сваю новую іпастась. Храмам ён наўрад ці стане, студыяй не можа быць у нашых варунках. Праектам? Гэта канструкцыя сучасная… Напэўна, адзіная форма, якая можа прыжыцца і ствараць альтэрнатыву стацыянарнаму дзяржаўнаму тэатру.

— А што з ім не так?

— У савецкія часы быў тэатр Асобы. Тады ўлады давалі магчымасць прыходзіць у тэатр моцным асобам, якія ўмелі аб’ядноўваць людзей і ўплываць на іх. Яны знаходзілі спосабы размаўляць з гледачом прыхаваным падтэкстам. У нас жа цяпер усе сэнсы размытыя і ніякіх падтэкстаў нікому не патрэбна. Гаварыць можна пра ўсё, і няма пра што гаварыць. Даецца ў знакі і адставанне нашага мастацтва ад сусветнага…

— А чаму вы так лічыце? У чым прычына? Падаецца, у сучасных умовах інфармацыя дасяжная ўсім, у міжнародных фестывалях нашы тэатры ўдзельнічаюць, арганізаваць абмен досведам можна…

— У нас ёсць новыя тэхналогіі, але з імі амаль ніхто не ўмее працаваць, і тое, што тэхналагічна робіцца ў нашых тэатрах, ужо ўчарашні дзень у іншых краінах. Дый нават не ў гэтым самая вялікая праблема. У нас страчана самая моцная вартасць — дух жывога тэатра, які нараджаецца ў цябе на вачах. Думаю, што гэта глыбока звязана з пытаннем веры ў тэатр і яго прызначэнне, веры ў сваю місію, здольнасці, свае таленты, веры ў людзей, якія прыходзяць да цябе.

Таму наша тэатральнае мастацтва на задворках. Пачынаючы ад адукацыі. Яна мае вельмі вялікую праблему — усё заадміністравана, пра якасць навучання ніхто не дбае, проста выпускаюць студэнтаў і зарабляюць грошы. Людзі, якія ўмеюць выкладаць, увесь час змагаюцца з сістэмай за выжыванне і не могуць засяродзіцца на навучальным працэсе. Ён ажыццяўляецца толькі насуперак, валявым намаганнем асобных альтруістаў, якія за капейкі ўкладаюць сваё жыццё ў тое, каб якасць навучання была, каб у моладзі ўзнікала нейкае разуменне прафесіі. Але забяспечыць паўнавартаснае навучанне наша сістэма адукацыі няздольная. Прыватных школ няма, таму што няма менеджменту, бо прыватная школа — гэта школа, якая зарабляе грошы, а хто ў нас можа зарабляць грошы на тэатральнай адукацыі? Ніхто.

— І як гэта ўплывае на тэатральны працэс? Што ў выніку адбываецца?

— У тэатры ёсць нейкі прафесійны ўзровень, але... Школа нібы памірае, яе ніхто не трымае, няма маладых парасткаў. Толькі адзінкавыя прыклады. Але, па вялікім рахунку, гэта ўсё дэградацыя. Таму трэцяя назва тэатра, з якім я працую ў адукацыі, — партызанскі тэатр. Гэта калі ты сыходзіш у падполле, у лес, зашываешся там, закрываешся ад гэтай рэчаіснасці і пачынаеш партызаніць, адказваць гэтай рэчаіснасці праектамі. Але і аўтарскі, і фантомны, і партызанскі — тыя этапы, ад якіх хочацца адмовіцца і заняцца нечым больш цікавым.

— А ці ёсць у вас які-небудзь план выратавання беларускага тэатра? На мой погляд, можна знайсці корань праблемы і яе вырашыць. Як з любой хваробай — напрыклад, пнеўманіяй. Гэта бактэрыяльная інфекцыя, таму чалавека лечаць антыбіётыкамі.

— Але пры гэтым падае імунітэт. І тут усё тое самае. Наш тэатр жыве на антыбіётыках. А імунітэту няма, бо імунітэт — гэта школа, якая здольная нараджаць новых цікавых людзей, авангард. Думаю, толькі ператрус усёй сістэмы можа гэта зрабіць, і адбудзецца ён, калі дзяржаве будуць патрэбныя асобы, здатныя смела гаварыць пра сучасныя рэчы. Пакуль жа наш тэатр пераведзены ў сферу абслугоўвання.

— А як працуе сусветная тэатральная сістэма?

— Сусветнай тэатральнай сістэмы няма. Ёсць сістэмы розных краінаў. Англійская — гэта тэхналогіі і школа. У Лондане на міжнародных фестывалях я бачыў, што там моцна дбаюць пра школу, працуюць з моладдзю, з акцёрам як з універсалам, які ўмее добра рухацца, граць на музычных інструментах, валодае голасам, рознымі прыстасаваннямі. І разам з тым яны вельмі моцна злучаюць яго з тэхналогіямі, з дызайнерамі, са сцэнографамі, з рэжысёрамі, з медыя — па сутнасці, з усім тым, што дае сучаснае мастацтва. Я не магу сказаць, што гэта ідэальна і што я быў вельмі ўражаны, але я быў захоплены тэхналагічнасцю працэсу. У іх ёсць сцэна, якая мадыфікуецца ва ўсё, што заўгодна, ёсць любое абсталяванне, якое ім патрэбна. У нас гэтага няма. У нас працягваецца тэатр за шырмамі, на зэдліках і кубіках.

На постсавецкай прасторы кожная краіна выбірае свой шлях. У Грузіі, напрыклад, цікавыя тэндэнцыі. Яны шмат спрабуюць працаваць з заходнім светам для таго, каб адысці ад савецка-расійскай тэндэнцыі, якая жыве ў іх вельмі моцна. І таму там шмат крутых тэатраў, якія дасягаюць вышынь, не губляючы сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці.

— А ў чым, на ваш погляд, вызначаецца гэтая “круцізна”?

— Яна вымяраецца ступенню ўражання пасля спектакля, калі ты штосьці адчуў, плакаў, пражыў нейкі кавалак жыцця, калі табе хочацца задумацца, нешта ў сабе памяняць. І калі такіх, як ты, — тысячы, тады гэта круты тэатр. Калі тэатр дэманструе на сцэне, куды ён патраціў 10 тысяч долараў, а эфекту мала, глядач пабыў там і пайшоў — гэта не круты тэатр. Самі па сабе тэхналогіі тэатр не выратуюць. Яны дазволяць не адстаць безнадзейна, але з імі яшчэ трэба вучыцца працаваць.

— Што з апошняга вы глядзелі на беларускай сцэне?

— Прыходжу да сваіх калегаў, якіх мне хочацца падтрымаць, у якіх я веру, спрабую сачыць за тым, што з’яўляецца сучаснага і якаснага. Гэта рэдка. Апошняе, што я глядзеў, — “Войцэк” маладога рэжысёра Юркі Дзівакова ў Купалаўскім. Мае ўражанні такія: форма, з якой ён працуе — модная, гламурная, трошкі правакатыўная. Сэнс — глухі, друзлы. Форму я прымаю, але сэнс, які гэтая форма выяўляе, яшчэ не выспеў.

— А якая будучыня беларускага тэатра?

— Пакуль што даволі туманная. Ёсць маладыя людзі, якія навучаюцца, прыходзяць у тэатр, прызвычайваюцца, абціраюцца і пачынаюць служыць таму тэатру, які ёсць. Праектны тэатр прадстаўлены мінімальна, і тэндэнцыі яго росту пакуль не відаць. Але я спадзяюся на тое, што крытычная маса людзей, якія жадаюць расці, займацца жывым, сапраўдным, будзе нарастаць, і складзецца асяроддзе, дзе можна выгадаваць новыя таленты, асобы, індывідуальнасці, зоркі, якія ўздымуць тэатр. Зараз трэба кампост. Мы павінны стаць кампостам, каб на гэтай глебе вырасціць новае. Але кампосту многа, а сейбітаў усе менш і менш. Яны з’язджаюць, стамляюцца, выгараюць, перастаюць верыць у тое, што трэба вырошчваць хлеб.

— Адпаведна, вы песіміст?

— Ды не, насуперак трывожным сімптомам, я веру, што прыйдуць часы, калі ўсё стане класна, усе будуць любіць беларускі тэатр.

— А якім ён павінен быць — калі ў двух словах?

— Розным, сапраўдным, уражвальным — і сваім! Мы нібы на кагосьці раўняемся, кагосьці паўтараем, а сваё не вырошчваем і не цэнім. І гэта пытанне глыбейшае, чым можа здавацца: мы проста не ведаем, хто мы ёсць. Таму і не навучыліся гаварыць ад сябе.

Гутарыла Алёна МАЗУРА