Хлеб кампазітарскі: каго частаваць?

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Апошні тыдзень аказаўся багаты на значныя кампазітарскія юбілеі: 22 ліпеня — 75-годдзе Рыгора Суруса, 25-га — 80-годдзе Дзмітрыя Смольскага. І што? Дзе тая музыка гучыць?

Падобныя пытанні, звязаныя з папулярызацыяй іншых кампазітарскіх імёнаў, паўставалі неаднойчы. Бо юбілеі, як і ўвогуле аўтарскія вечарыны нашых творцаў, даўно сталі “асабістай справай” саміх мастакоў. Акурат з пачатку 1990-х, як скончылася цэнтралізаванае бюджэтнае фінансаванне такіх мерапрыемстваў. Старыя механізмы прасоўвання нацыянальнага мастацтва сышлі ў нябыт. А новыя — няўжо за столькі гадоў так і не склаліся? Ці сёння проста назіраецца “пераходны этап”?

Зірнуўшы на развіццё ўсяго нацыянальнага мастацтва, можна заўважыць, што гэта праблема тычыцца не адно музыкантаў, але і прадстаўнікоў іншых сфер. На першы план усё больш актыўна выходзяць не “манументалісты” (сярод кампазітараў гэта аўтары сімфанічных, оперных, балетных партытур), а тыя, хто працуе над прыкладнымі жанрамі, бо ў іх хутчэй можна “адбіць” укладзеныя рэсурсы. А сёння фінансы ўжо не спяваюць рамансы, як гэта занатавана ў вядомай прыказцы: яны камандуюць парадам.

Можна колькі заўгодна плакацца: маўляў, няма таго, што раньш было. Але давайце пашукаем паралелі. І ўзгадаем: Еўропа штосьці падобнае перажывала пасля Другой сусветнай вайны, але… з крыху іншым вынікам. Там замест буйных сімфоній і шматактовых музычна-тэатральных спектакляў імкліва пачалі развівацца камерныя жанры, прычым найперш эксперыментальных кірункаў. Змена фінансавага становішча была ўспрынята як аб’ектыўныя ўмовы для пошуку новых магчымасцяў далейшага развіцця.

У беларускай музыцы наступствам новых рэалій стала, да прыкладу, тое, што амаль цалкам зніклі шматчасткавыя вакальна-сімфанічныя партытуры накшталт кантат і асабліва араторый. Гэтыя жанры “перафармаваліся” ў харавыя творы з нестандартным інструментальным суправаджэннем — ансамблевым, напоўненым яркімі сольнымі тэмбрамі (дзякуючы выканаўцам і такому крэатыўнаму, надзвычай працаздольнаму кампазітару, як Алена Атрашкевіч, з хорамі апошнім часам асабліва актыўна шчыруе балалайка). Але праблема выхаду музыкі на слухача засталася: кампазітар сам шукае, хто яго ноты сыграе-праспявае. Рэдкім прыкладам “зваротнага шляху” стаў нядаўні выпадак, калі Музычная капэла “Санорус” на чале з Аляксандрам Хумалой замовіла маладой таленавітай Вользе Падгайскай цэлую сімфонію — не да кампазітарскага, а да свайго юбілею. Праз гэта наша спадчына папоўнілася вельмі глыбокім і прын-
цыпова новым паводле эстэтыкі і драматургіі творам.

Затое актыўна развіваецца педагагічны рэпертуар: выканаўцаў на такія творы знайсці значна прасцей. І аўтарскую вечарыну правесці таксама! Хай сабе і на ўзроўні дзіцячай школы мастацтваў.

Вяртаючыся да згаданых юбіляраў, адкрыю сакрэт. Той жа Рыгор Сурус, заняўшыся ўпарадкаваннем свайго нотнага матэрыялу, зрабіў камп’ютарны набор некаторых ранейшых твораў. І найперш народнай камедыі “Несцерка”. Яе клавір разам з прыгожа аформленым запісам і анатацыяй, разгорнутай ледзь не да навуковага даследавання, хуткім часам выйдзе ў прыватным выдавецтве “Каўчэг”, якое ўвогуле славіцца прыязным стаўленнем да айчынных творцаў і выданнем многіх рарытэтаў (старадаўніх і сучасных) у такім комплексным варыянце: ноты + запіс + слова пра музыку. Дарэчы, там ужо цяпер пачалі рыхтавацца да 70-годдзя з дня нараджэння заўчасна загінуўшага Віктара Помазава, якое прыпадае на 2019-ы.

Да юбілею Дзмітрыя Смольскага Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі выдала клавір яго оперы “Сівая легенда” (для “ўнутранага” карыстання, без права продажу). Некалькімі гадамі раней кампазітар сам выдаваў альбом-двайнік са сваімі сімфоніямі, шэраг якіх за гэты час значна папоўніўся. Але ўсё гэта — для дасведчаных карыстальнікаў, яшчэ больш — для нашых і замежных (у падарунак) спецыялістаў. Для шырокай публікі — хіба названы оперны спектакль у нашым Вялікім тэатры, дзе да кожнага паказу прымяркоўваюць які-небудзь піяр-ход, каб прывабіць публіку: то выставу ладзяць, то фольк-гурты запрашаюць, старадаўнім танцам вучаць за гадзіну да пачатку і да таго падобнае. Не, не прывучаны слухачы да гэтага кампазітарскага імя! І да многіх іншых таксама. Бо выкананні беларускіх акадэмічных твораў застаюцца гэткімі разавымі акцыямі — чымсьці накшталт “прыправы” ў бохане. Калі ж, нарэшце, яны стануць хлебам надзённым?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"