Плата за карыстанне спадчынай

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Асобныя адлічэнні зменшацца, агульная сума вырасце
Уладальнікі гісторыка-культурных аб’ектаў ведаюць, што разам з будынкам (у некаторых выпадках, набытым за адну базавую велічыню) яны атрымліваюць і шэраг абавязкаў. Сярод іх — і адлічэнні за прадпрымальнiцкую дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на гiсторыка-культурную каштоўнасць або зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. Адпаведны Указ №527 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзейнічае ад 18 кастрычніка 2007 года. Толькі летась адлічэнні склалі 402 тысячы рублёў. Гэтыя пазабюджэтныя сродкі з’яўляюцца адной з крыніц фарміравання фонда Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы культуры i мастацтва. Наспеў час зменаў у згаданым указе, звязаных галоўным чынам з падрыхтоўкай новай рэдакцыі Дырэктывы №4 Прэзідэнта краіны “Аб дадатковых мерах па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”. Паспрабуем разабрацца, каму і колькі давядзецца плаціць.

/i/content/pi/cult/649/14407/11.jpgГэтымі днямі завяршылася ініцыяванае Міністэрствам культуры грамадскае абмеркаванне праекта Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Палажэнне аб парадку ажыццяўлення адлiчэнняў. Папярэдне праект быў дапрацаваны з улікам заўваг аблвыканкамаў рэспублікі, іншых міністэрстваў, цяпер жа сваё меркаванне маглі выказаць грамадскія арганізацыі і прыватныя асобы. На жаль, заўваг і прапаноў ад іх паступіла не вельмі шмат.

Падлічыць зможа кожны

Перш чым паразважаць над магчымымі змяненнямі, звернемся да Указа №527, які дзейнічае цяпер. Паводле яго, плацельшчыкамі адлічэнняў з’яўляюцца прыватныя і небюджэтныя арганізацыі, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць. Сума выплат непасрэдна залежыць ад прыбытку арганізацыі.

У выніку падлікаў быў знойдзены сярэдні памер выплат за адзін квадратны метр гісторыка-культурнай каштоўнасці ў 2016 годзе, які склаў 5 рублёў 10 капеек. А адлічэнні аднаго плацельшчыка ў сярэднім склалі 517 рублёў. Для тых, хто займаецца прадпрымальніцтвам, сума, як бачым, невялікая.

Па словах намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко, падрыхтоўка новай методыкі разліку вядзецца з мэтай стварэння падыходаў, якія характарызуюцца празрыстасцю і дазволяць прымяняць іх любой юрыдычнай асобе, а таксама індывідуальным прадпрымальнікам — усім, на каго распаўсюджваецца дзеянне Указа. Кожны з іх без асаблівых цяжкасцей зможа падлічыць, колькі яму трэба плаціць. Распрацавана формула, усе велічыні якой вядомы суб’екту гаспадарання, які карыстаецца або збіраецца набыць ва ўласнасць гісторыкакультурную каштоўнасць ці яе частку. Фактары, якія ўплываюць на памер адлічэнняў за карыстанне гісторыка-культурнымі аб’ектамі, вызначаны наступныя: плошча, катэгорыя помніка, базавая велічыня і месцазнаходжанне.

Падчас абмеркаванняў ужо гатовая формула нядаўна зведала пэўную карэкціроўку. Справа ў тым, што ва ўладальнікаў вялікіх па плошчы будынкаў памер выплат становіцца непрапарцыйна вялікім. Таму быў падлічаны сярэдні памер плошчы памяшканняў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці — 125 м2. А тое, што звыш, будзе аплочвацца па мінімальным каэфіцыенце.

Рагледзім некалькі прыкладаў. Сталічны ўніверсам “Цэнтральны” знаходзіцца ў будынку помніка спадчыны катэгорыі “2” і мае плошчу 747 квадратных метраў. У мінулым годзе адлічэнні ўстановы склалі тры тысячы рублёў. Што ж атрымаецца па новай формуле? Базавую велічыню, якая складае 23 рублі, трэба памножыць на 125 і на суму каэфіцыентаў (для помніка другой катэгорыі, размешчанага ў Мінску, яна складае 0,2 і 0,05 адпаведна). Атрымліваецца 661 рубель 25 капеек. Да гэтай лічбы трэба дадаць 143 рублі, разлічаныя па той жа формуле за астатнія 622 м2, але ўжо з каэфіцыентам 0,01. У выніку ўніверсаму давядзецца заплаціць трохі больш за 804 рублі. Гэта прыкладна ў 3,5 раза менш, чым летась.

Істотныя нюансы

Такім чынам, па словах галоўнага спецыяліста Міністэрства культуры Генадзя Ходара, сума адлічэнняў літаральна для ўсіх ранейшых плацельшчыкаў будзе зменшана. Скажам, прадстаўніцтва аднаго з мабільных аператараў у Гродне ў мінулым годзе за 200 квадратных метраў заплаціла 5 тысяч рублёў. Па праекце новай рэдакцыі Указа цяпер яно мусіць сплаціць усяго 600 рублёў. А з тых арганізацый, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, — за выключэннем выкарыстання помнікаў нулявой і першай катэгорый — наогул не будуць браць грошы, стварыўшы ім такую прэферэнцыю.

Але пры гэтым чакаецца, што агульная сума адлічэнняў не толькі не зменшыцца, але і трохі павялічыцца. За кошт чаго? Справа ў тым, што па новым праекце Указа плацельшчыкамі з’яўляюцца не толькі прыватныя і небюджэтныя арганізацыі, якія ажыццяўляюць камерцыйную дзейнасць, але і ўсе тыя, хто карыстаецца аб’ектамі са статусам помніка спадчыны  — за выключэннем фізічных асоб, бюджэтных арганізацый, органаў дзяржкіравання, рэлігійных абшчын, творчых саюзаў, грамадскіх аб’яднанняў, інвалідаў. Ёсць і яшчэ адно важнае выключэнне — тыя ўласнікі і карыстальнікі, якія ў справаздачным годзе за свой кошт ажыццяўляюць рамонтна-рэстаўрацыйныя работы.

Не варта хвалявацца і камерцыйным арганізацыям, якія праводзяць сумесныя імпрэзы, скажам, з дамамі культуры або бібліятэкамі, размешчанымі ў помніках спадчыны. Адлічэнні за правядзенне сумесных або асобных культурных мерапрыемстваў на гісторыка-культурных каштоўнасцях або іх тэрыторыях Указам не прадугледжаны.

Істотны момант. Калі бюджэтная арганізацыя здае памяшканні ў арэнду камерцыйнай установе, тая рабіць адлічэнні павінна! Зразумела ж, у адпаведнасці з тэрмінам арэнды: скажам, калі фірма займае памяшканне толькі тры месяцы, то сума, вылічаная па формуле, будзе дзяліцца на 4. Гэта павінна быць прапісана ў дамове арэнды.

Грошы могуць вярнуцца

На падставе нормаў заканадаўства аб культуры за ўласнікам або карыстальнікам замацоўваецца абавязак па прадстаўленні ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню інфармацыі аб праваўладальніках гісторыка-культурнай каштоўнасці для вядзення спіса асоб, якія абавязаны ажыццяўляць адлічэнні, арганізацыі разліку і ажыццяўлення адлічэнняў. А каб усім было зручна, зрабіць разлік можна ў інтэрнэце праз Адзіную разлікова-інфармацыйную прастору.

Прагназуецца, што лік плацельшчыкаў складзе тры тысячы  — супраць ранейшай тысячы. З тых жа, хто будзе ігнараваць адлічэнні, мясцовыя ўлады будуць вымушаны спаганяць поўную суму ў судовым парадку з налічэннем пені.

Узнікае заканамернае пытанне — на што пойдуць сабраныя адлічэнні? Як запэўніў Генадзь Ходар, Міністэрства культуры робіць прапановы, як выкарыстоўваць гэтыя сродкі. Паводле новай рэдакцыі Указа, уласнікі (ці карыстальнікі) гісторыка-культурных каштоўнасцей змогуць не толькі вярнуць пералічаныя імі сродкі, але і атрымаць значна болей — у тым выпадку, калі на сваіх аб’ектах яны праводзяць рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Зразумела, такая мера павінна стымуляваць інвестыцыі ў захаванне спадчыны.

Мовай лічбаў

Сума адлічэнняў узята за аснову формулы Адл = Вх(К1*+К2*)хSГКК, якая прывязана да памеру базавай велічыні (В), дзеючай у справаздачны перыяд, і ўлічвае агульную плошчу гісторыка-культурнай каштоўнасці (SГКК), якая выкарыстоўваецца ўласнікам (карыстальнікам), або плошчу, якой карыстаюцца на падставе дагавору з гэтым уласнікам (карыстальнікам). Для вызначэння штоквартальных памераў адлічэнняў (Адл) выкарыстоўваюцца змяншальныя каэфіцыенты (К1, К2), якія пры складанні з’яўляюцца множнікам, неабходным для атрымання сумы ў памеры 5,1 рублёў для разліку памераў адлічэнняў з адной базавай велічыні (1В) за адзін метр квадратны (1SГКК).

З улікам градацыі катэгорый гісторыка-культурных каштоўнасцей памяншаючы каэфіцыент К1 прымяняецца згодна са звесткамі, якія ўтрымліваюцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, і складае для гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі “0” — 0,22, катэгорыі “1” — 0,21, катэгорыі “2” — 0,20, катэгорыі “3” — 0,18 і “без катэгорыі” — 0,1. Для праваўладальнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей “без катэгорыі”, якіх больш за палову ад складу ўсіх гісторыка-культурных каштоўнасцей, устанаўліваецца паменшаны памер адлічэнняў у разліку за 1 м2.

Улічаны фактар месца знаходжання гісторыка-культурнай каштоўнасці (К2). Максімальнае значэнне гэтага каэфіцыенту складае 10% ад сумы за квадратны метр, падзеленай на базавую велічыню, і паніжаецца ў залежнасці ад месцазнаходжання гісторыка-культурнай каштоўнасці. Значэнне К2, якое сумуецца да значэння К1, складае для г. Мінска 0,05, для гарадоў абласнога падпарадкавання — 0,04, для гарадоў раённага падпарадкавання — 0,02. У адносінах да гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі “0”, “1”, размешчаных у іншай мясцовасці, значэнне К2 не прымяняецца.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"