Развярэдзіць старую рану

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Да нядаўняга часу Указ №527 падаваўся нейкім юрыдычным фантомам. Шмат хто пра яго чуў — ды мала хто ведаў, пра што там канкрэтна вядзецца гаворка. Выконвалі, трэба меркаваць, таксама нямногія. Але неўзабаве сітуацыя мае змяніцца: пасля прыняцця ініцыяваных Міністэрствам культуры паправак усё стане зразумелым — прынамсі, для бухгалтараў. Хто павінен плаціць, колькі, чаму менавіта столькі… Хочацца верыць, што заўсёды цікаўная ў такім выпадку грамадскасць атрымае адказ і на пытанне, куды канкрэтна пойдуць грошы.

/i/content/pi/cult/649/14406/10.jpgГэтае ўпарадкаванне даўно наспела. Не так даўно дырэктар адной вельмі вялікай музейнай установы ў прыватнай гутарцы апавядаў пра свае перасцярогі: калі ім выставяць адпаведную суму за кожны квадратны метр, ад пазабюджэтных даходаў ды звязаных з імі грандыёзных планаў і пылу не застанецца. Цяпер ён можа супакоіцца ды траціць унутраныя рэсурсы на нешта больш істотнае: дзяржаўным установам плаціць не трэба.

Камерцыйныя структуры, якіх Указ тычыцца, таксама наўрад ці будуць пакрыўджаныя. З улікам усіх мудрагелістых каэфіцыентаў сумы адлічэнняў зазвычай набягаюць настолькі сціплыя, што… прасцей заплаціць, чым наогул пра гэта думаць. На агульны бюджэт гэта паўплывае прыблізна як графа “канцылярскія расходы”.

Адным словам, найбольш верагодны адказ на пытанне, як Указ у сваёй новай рэдакцыі зменіць інвестыцыйную прыцягальнасць помнікаў спадчыны — гэта “ніяк”. Зразумела, што не павысіць, але істотна і не зменшыць. Прымаючы тое ці іншае рашэнне, патэнцыйныя інвестары проста не будуць браць гэты фактар пад увагу.

Пытанне можа ўзнікаць хіба з тымі плошчамі (зазвычай гэта помнікі прамысловай архітэктуры), якія боўтаюцца на балансе тых ці іншых прыватных арганізацый, але толкам не выкарыстоўваюцца. Калі за іх будуць спаганяць плату, жаданне ўласніка выключыць такі “дрэнны актыў” з Дзяржспісу, а потым і з жыцця (а яно, адзначым, з’яўляецца нярэдка) можа яшчэ ўзрасці. Але тут нічога не застаецца, як надалей забяспечваць непрабівальнасць заканадаўчых бар’ераў. І трэба адзначыць, што ў Рады і Міністэрства культуры ў цэлым гэта атрымліваецца.

З іншага боку, мае рацыю Аляксандр Зіменка, калі кажа, што ў дадзеным выпадку павінен быць не “адзіны грабеньчык”, а дыферэнцыраваны падыход. Адна справа — салон сантэхнікі, размешчаны ў гістарычным будынку. Зусім іншая — прыкладам, галерэя “Крыга”, якая, нягледзячы на свой сціплы памер, стала важным цэнтрам культурнага жыцця Гродна. Яна знаходзіцца ў старой камяніцы, аднак наўрад ці прыносіць ёй шкоду — хутчэй, наадварот. Менавіта такія месцы — разам з самой архітэктурай — і ствараюць аўру гістарычнага цэнтра. Плаціць ёй давядзецца няшмат, але… усё адно, пагадзіцеся, гэта непрыемна.

Але пакуль такая дыферэнцыяцыя з юрыдычнага пункту гледжання вельмі праблематычная — зусім не толькі ў галіне прымянення дадзенага Указа. Як, напэўна, кожны з вас ведае, прыватныя ініцыятывы ў сферы культуры ўвогуле пастаўлены на адну паліцу з чыста камерцыйнымі ўстановамі. Пра гэта гавораць ужо не адно дзесяцігоддзе, але зрухаў пакуль не відаць.

Адпаведна, абмеркаванне Указа хоцькі-няхоцькі вярэдзіць старую рану — даўно збітае, але дасюль не вырашанае пытанне аб сістэме прэферэнцый. Як для ўласнікаў аб’ектаў спадчыны, так і для прыватных “агменяў культуры”.

У першым выпадку можна казаць, зразумела ж, пра пані-
жальны каэфіцыент арэнды, у другім — не толькі пра прамыя датацыі на правядзенне рэстаўрацыйных работ (на гэта, напэўна, сёння мала хто спадзяецца), але і, скажам, пра ільготныя крэдыты на пераўтварэнне тых жа закінутых сядзібаў у тураб’екты. Замежны досвед дае багата матэрыялу для вывучэння і пераймання, і нішто не перашкаджае яго папоўніць сваімі інаватыўнымі рашэннямі.

Думаецца, каб на грамадскае абмеркаванне высунулі такую тэму, ад ахвотных выказацца не было б адбою.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"