З Амерыкі — у Гомель

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

У адкрытым фондзе аддзела літаратуры на замежных мовах Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна адкрылася выстава выданняў з экслібрысамі, на якіх выяўлены савецкі і амерыканскія сцягі з надпісам: To the Heroic Pеople of the Soviet Union from the People of America (Гераічнаму народу Савецкага Саюза ад народу Амерыкі).

/i/content/pi/cult/649/14403/5.jpgЯк распавялі “К” у Гомельскай абласной “кніжніцы”, збор гэтых кніг ініцыявала дабрачынная арганізацыя Russian War Relief (RWR), у якую ўваходзілі, напрыклад, Томас Ман, Альберт Эйнштэйн і Чарлі Чаплін. 29 ліпеня 1941 года, ужо праз месяц пасля нападу фашыстаў на Савецкі Саюз, дабрачынны камітэт RWR упершыню разгарнуў маштабную акцыю па зборы кніг для СССР.

Мерапрыемствы ладзіліся цягам некалькіх гадоў. А за тыдзень да заканчэння Другой сусветнай вайны RWR абвясціў аб пачатку новай акцыі “Кнігі для Расіі”. Прычынай для гэтай ініцыятывы Камітэт RWR назваў знішчэнне фашыстамі больш за 12 тысяч бібліятэк і больш за 20 мільёнаў кніг. Валанцёры збіралі кнігі па ўсёй Амерыцы — ад Калумбіі да Каліфорніі, ад Мантаны да Тэхаса — у цэрквах, універсітэтах, бібліятэках, школах. Актыўным удзельнікам акцыі выступіла Бібліятэка Кангрэса ЗША, якая ахвяравала саюзнікам 10 тысяч тамоў.

Прэзідэнт Гары Трумэн перадаў у дар 40-томны збор твораў Джорджа Вашынг-
тона. Першая лэдзі ЗША Элеанора Рузвельт правяла дабрачынны ланч з гэтай нагоды, а прафесары Каліфарнійскага ўніверсітэта аддалі свае асабістыя бібліятэкі. Па некаторых даных, да восені 1946 года ў Савецкі Саюз было адпраўлена 250 тысяч кніг.

Аснову прадстаўленай у экспазіцыі калекцыі складаюць выданні канца XIX — пачатку XX стагоддзяў класікаў англійскай і амерыканскай літаратуры. Частка гэтых кніг была падаравана і Гомельскай абласной бібліятэцы.

З пачатку ліпеня выданні з экслібрысам мінулага стагоддзя можа пагартаць любы наведвальнік — “Піянераў” Фенімора Купера, “Чорнага прыгажуна” Анны Сьюэл, “Сайлес Марнер” Джорджа Эліёт і многія іншыя.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"